Артыкулы: каптуровы суд

каптуровы суд, часовы надзвычайны суд у Рэчы Паспалiтай для разгляду тэрмiновых спраў у часы бескаралеўя. Са смерцю манарха звычайныя суды, якiя ажыццяўлялi правасуддзе iмем караля, спынялi сваю работу (акрамя гродскiх). Упершыню К.с. створаны канфедэрацыяй шляхты пасля смерцi Жыгiмонта Аўгуста ў 1572. Стафан Баторый прызнаў К.с. i зацвердзiў iх пастановы (выракi). Пасля яго смерцi ў 1586 малапольская шляхта выбрала каптуровых суддзяў у асобе ваявод. Iх зацвердзiў Варшаўскi канвакацыйны сойм 1587, якi 29 студз. дазволiў выбраць К.с., не вызначыўшы колькасцi суддзяў, ва ўсiх ваяводствах, у т.л. ў ВКЛ. У часы наступных бескаралеўяў К.с. выбiралiся на перадканвакацыйных соймiках шляхтай, якая аб’ядноўвалася ў канфедэрацыi. У склад суда ўваходзiлi ваявода або павятовы стараста цi iх намеснiкi, суддзя i пiсар гродскага суда, падкаморы, суддзя, падсудак, пiсар земскага суда i iнш. Суд лiчыўся правамоцным, калi прысутнiчала не менш як 5 асоб з яго складу. Пасяджэннi павiнны былi адбывацца раз у 6 тыдняў па 3 тыднi кожнае, што не заўсёды вытрымлiвалася. Разглядалiся справы аб парушэннi грамадскага спакою, крымiнальныя справы аб забойствах, рабаваннях, падпалах, нападах на маёнткi, фальсiфiкацыi дакументаў на маёмасць (у дачыненнi да шляхты, астатнiя справы разглядаў гродскi суд), а таксама цывiльныя справы шляхты i манастыроў. Пастановы К.с. прымалiся большасцю галасоў, захоўвалi сваю моц i пасля спынення дзейнасцi К.с.; незакончаныя справы перадавалiся ў звычайныя суды. Сойм 1768 скасаваў практыку ўтварэння К.с.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.