Артыкулы: капшчына

капшчына, капшчызна, кап, дзяржаўны падатак у ВКЛ у 15—16 ст. за трыманне карчмы i продаж у ёй спiртных напiткаў (гарэлкi, пiва, мёду; iснавалi адпаведныя вiды К.). Памер вызначаўся вял. князем i вагаўся ад 0,5 капы (30) грошаў да 2,5 капы (150) грошаў. У 16 ст. К. ад пiва i мёду складала 1 капу (60) грошаў, К. ад гарэлкi — 0,5 капы (30) грошаў (гэтыя памеры таксама зафiксаваны ва «Уставе на валокi» 1557, арт. 10). Звесткi пра агульныя памеры К. ў ВКЛ не захавалiся. Паводле даных па асобных гарадах, яе доля ў дзярж. скарбе была невялiкая (К. з Полацка за гарэлку ў 1506 складала 600 коп грошаў, з Менска ў 1494 i Крычава ў 1504 — па 60 коп грошаў, з Бабруйска ў 1502 — 30 коп грошаў). У 16 ст. К. збiралася 1 раз у год спецыяльна прызначанымi гаспадарскiмi дваранамi. Вял. князь у некаторых выпадках адмаўляўся ад К. на карысць ваявод, старастаў, гарадоў. З сярэдзiны 16 ст. паступова знiкла з-за раздачы корчмаў на водкуп прыватным асобам. У каралеўскiх гарадах захавалася да 18 ст. ў выглядзе чопавага.

Літаратура:

Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Киев, 1901. Т. 1. С. 424—438.

Валерый Пазднякоў.

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.