Артыкулы: Карл фон Трыр (Karl von Trier)
Карл фон Трыр (KarlvonTrier; каля 1265, г. Трыр, Германія—10 або 12 або 14.2.1324), вялікі магістр Тэўтонскага ордэна ў 1311—24. Паходзіў з патрыцыяту г. Трыр. Атрымаў добрую адукацыю, акрамя нямецкай, валодаў лац. і французскай мовамі. Каля 1288 уступіў у Тэўтонскі ордэн. Прынамсі з 1291 комтур у Бёвуа ў Шампані. У 1303 удзельнічаў у генеральным капітуле ордэна ў Эльблёнгу, на якім вял. магістарм абраны Зігфрід фон Фохтванген. Апошні ўвёў К.ф.Т. ў сваё атачэнне. У 1305—11 комтур Латарынгіі. У 1311 у выніку закуліснай барацьбы абраны вял. магістрам ордэна капітулам у Мальбарку, што стала нечаканасцю для рыцараў, бо К.ф.Т. раней не меў дачыненняў да Прусіі. Зрабіў папытку рэфармаваць ордэн як духоўную арганізацыю, а не проста свецкае брацтва рыцараў. З пераменным поспехам ваяваў з язычніцкай Літвой, супраць якой арганізаваў некалькі паходаў. У 1317 узнікла змова прускіх комтураў супраць К.ф.Т., у выніку ён абвясціў пра адстаўку з пасады вял. магістра і з’ехаў у Трыр. Здабыў падтрымку рымскага папы Іаана ХХІІ, і ў 1318 капітул ордэна ў Германіі аднавіў К.ф.Т. на пасадзе. Аднак у Прусію К.ф.Т. не вярнуўся, хоць быў прызнаны там вял. магістрам ордэна. З прускім рыцарствам К.ф.Т. заключыў кампраміс, прызначаючы на мясцовыя ордэнскія пасады сваіх апанентаў. Дзякуючы яго ўплыву рымскі папа ў 1323 прызнаў спрэчнае паміж Польшчай і Тэўтонскім ордэнам Гданьскае Памор’е ордэнскім уладаннем.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне