Артыкулы: кармеліты босыя

кармеліты босыя, манахі каталіцкага жабрацкага манаскага ордэна (Ордэн босых кармелітаў, лац. Ordo Carmelitarum Discalceatorum, OCD). Вылучыліся ў 2-й пал. 16 ст. з кармелітаў абутых у выніку рэфарматарскай дзейнасці іспанскай кармеліткі Тэрэзы Авільскай. Статут К.б. адрозніваўся больш жорсткімі патрабаваннямі да манахаў. У 1580 папа Грыгорый ХІІІ зацвердзіў становішча К.б. як аўтаномнай кармеліцкай правінцыі, а як самастойны ордэн К.б. абвешчаны папам Клементам VIII у 1593. Манахаў нерэфармаваных кармеліцкага ордэна з гэтага часу называлі кармелітамі абутымі. У Рэчы Паспалітай К.б. з’явіліся ў 1604 па дарозе ў Персію. Першы кляштар узнік у 1605 у Кракаве, пасля з’явіліся ў Вільні (1624, 1739), Глыбокім (1639), Гародні (1650), Коўне (1708), Анталептах каля Коўна (1731), Мядзеле (1734), Пінску (1734), Пашумені каля Ашмян (1760), Гудагаі (1764). У 1617 узнікла Польская правінцыя ордэна, у 1731 вылучана Літоўская правінцыя пад патранатам св. Казіміра (скасавана ў 1844). Праводзілі душпастырскую дзейнасць, пашыралі марыйны культ (некаторы час апякалі Вастрабрамскі абраз Маці Божай у Вільні), трымалі школы і шпіталі. Існуе жаночая галіна ордэна, кляштары кармелітак дзейнічалі ў Вільні (1638), Львове (1641) і нш.

Літаратура:

Wanat B.J. Zakon karmelitów bosych w Polsce: Klasztory karmelitów i karmelitanek bosych 1605—1975. Kraków, 1979;

Brykowska M. Architektura karmelitów bosych w XVII—XVIII wieku. Warszawa, 1991;

Račiūnaitė T. Vizijos ir atvaizdai: Basųjų karmelitų palikimas. Vilnius: Vilniaus dailės akademijos leidykla, 2003.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.