Артыкулы: Мадалінскі Якуб Караль

Мадалінскі Якуб Караль (?—да 10.3.1638), ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай. Удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29. У 1604 прывёз у войска Рэчы Паспалітай у Інфлянтах жолд для жаўнераў, быў тут затрыманы гетманам Янам Каралём Хадкевічам і вызначыўся ў Белакаменскай бітве 1604. У 1608 прывёз жолд членам Гарадзенскай канфедэрацыі 1606—08. Удзельнічаў у аблозе Парнава ў 1609, пасля чаго камандаваў мясцовым гарнізонам. Пасля ўдзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, у Маскоўскім паходзе каралевіча Уладзіслава 1617—18. З-пад Звянігарада ў 1618 адпраўлены паслом да надыходзячага з дапамогай укр. гетмана Пятра Канашэвіча-Сагайдачнага, якому перадаў гетманскую булаву, харугву і літаўры. Магчыма, удзельнічаў у Хацінскай бітве 1621. Войскі мсціслаўскі з 1626, пасол на соймы 1625, 1629, 1631 ад Мсціслаўскага ваяв., у 1629 і 1631 абраны на соймах у склад Скарбовага трыбунала ВКЛ. У 1632 падпісаў акт элекцыі караля польскага і вял. князя літоўскага Уладзіслава IV. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. У 1633 даставіў пад абложаны Смаленск атрад, запас пораху і жыўнасць. У пач. 1633 гетман Крыштоф Радзівіл, які з-за хваробы пакінуў войска, перадаў М. камандаванне над лагерам каля Краснага (пасля М. перанёс яго пад Мікулін). Пасля прыбыцця пад Смаленск Уладзіслава IV М. знаходзіўся ў яго атачэнні. У пач. 1634 камандаваў палком у час паходу на Белы. У 1635 суправаджаў паслоў Рэчы Паспалітай у Маскву. У 1618 атрымаў ад караля 3 валокі зямлі ў в. Рудодмы Мсціслаўскага ваяв., з якіх 2 валокі перадаў касцёлу Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мсціслаўлі. У 1621 набыў у Мсціслаўскім ваяв. маёнтак Беразетня. У 1636 атрымаў Барцянскае стараства ў Ковенскім павеце. Мсціслаўскаму кляштару кармелітаў перадаў 100 валок з маёнтка Прылепава ў Смаленскім ваяв., што зацвердзіў сойм 1638.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.