Артыкулы: Мажайскiя

Мажайскiя, малодшая лiнiя маскоўскiх вялікіх князёў. Паходзiлi ад Андрэя Дзмiтрыевiча (1382—1432), сына вял. кн. маскоўскага Дзмiтрыя Iванавiча Данскога. Андрэй Дзмiтрыевiч атрымаў ва ўдзел Мажайск (адсюль прозвiшча роду), Вярэю, Калугу, Белавозера. Ад яго старэйшага сына Iвана пайшоў род М., ад малодшага Мiхаiла — род князёў Вярэйскiх. Найб. вядомыя:

Iван Андрэевiч (?—да 1483), сын Андрэя Дзмiтрыевiча. У час вайны ў Расii 1425—53 за маскоўскi велiкакняжацкi пасад дапамог кн. Дзмiтрыю Шамяку ў 1446 захапiць Маскву i скiнуць вял. кн. Васiля II. Пасля вяртання апошняга на пасад у 1446—47 уцёк ў ВКЛ. Прапаноўваў планы з дапамогай Казiмiра заняць пасад вял. князя маскоўскага. Потым вярнуўся ў Расiю, удзельнiчаў у заключэннi дагавора Васiля II з Казiмiрам у 1449. У 1454 зноў уцёк у ВКЛ. Казiмiр падараваў яму Гомель, Бранск, Старадуб. Каля 1465 Iван Андрэевiч заключыў дагавор з кн. Iванам Васiлевiчам Бароўскiм аб адваяваннi ў Васiля II сваiх былых вотчын, зноў прэтэндаваў на пасад вял. князя маскоўскага.

Андрэй Iванавiч (?—1487), сын Iвана Андрэевiча. Валодаў пасля бацькi Бранскам i сёламi ў Гомельскай воласцi. У 1486 у вынiку канфлiкту з бранцамi, у час якога быў забiты яго сын Фёдар, пазбаўлены горада, атрымаў ад Казiмiра данiну з новагародскага мыта. Выслужыў у Казiмiра Свержань.

Сямён Iванавiч (?—каля 1505), сын Iвана Андрэевiча. Трымаў пасля бацькi Гомель i Старадуб. Удзельнiчаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялiкiм княствам Лiтоўскiм 1492—94, абараняў Сярпейск i Мезецк. Вял. князь літоўскі Аляксандр у 1496 падараваў Сямёну Iванавiчу Чарнiгаў i Карачаў, пазней — Хоцiмль. У 1497 удзельнiчаў у паходзе на Малдову. У 1500 у час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялiкiм княствам Лiтоўскiм 1500—03 перайшоў з усiмi сваiмi ўладаннямi на бок Iвана III i ваяваў супраць ВКЛ (удзельнiчаў у аблозе Мсцiслава i Смаленска). Захапiў Любеч, якi перайшоў яму ў вотчыну. Празваны таксама князем Старадубскiм.

Васiль Сямёнавiч (?—да 1519), сын Сямёна Iванавiча. Валодаў пасля бацькi Гомелем, Старадубам, Чарнiгавам, атрымаў ад Iвана III Хатунскую воласць. У мiрным дагаворы памiж Масквой i ВКЛ 1508 абумоўлена, што вял. князь літоўскі Жыгiмонт Стары не мае права ўмешвацца ў справы падуладных Васiлю Сямёнавiчу валасцей. Памёр без нашчадкаў.

Лiтаратура:

Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895. S. 261—263;

Кром М.М. Меж Русью и Литвой: Западнорус. земли в системе рус.-лит. отношений конца XV—первой трети XVI в. М., 1995.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.