Артыкулы: Макавецкі Геранім

Макавецкі Геранім (?—20.9.1583), дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Паходзіў з шляхецкага роду герба «Помян» з Бжэска-Куяўскай зямлі. Вучыўся ў Лейпцыгу, Франкфурце-на-Одэры. Прыкладна з 1551 пры двары Мікалая Радзівіла Чорнага, выконваў яго дыпламатычныя даручэнні ў Германіі (1552), Англіі (1553), Швецыі (1555, прапаноўваў шведскаму каралю Густаву план вял. князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта Аўгуста заключыць саюз супраць цара Івана IV Грознага, што было адвергнута). У 1563 суправаджаў у замежнай вандроўцы да Страсбурга сына Радзівіла Чорнага — Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіротку. Пасля смерці Радзівіла Чорнага (1565) адвёз яго сына Юрыя ў Страсбург пад апеку Радзівілу Сіротцы. М. быў адным з галоўных службоўцаў апошняга. Радзівілаўскі намеснік у Клецку (1559—77), Карэлічах (1565), Нясвіжы (1571—83), талерантна ставіўся да пратэстанцкай Нясвіжскай друкарні. У 1574 атрымаў пасаду каралеўскага сакратара. У 1574 разам Юзафам Галаўнёй быў рэвізорам Ганязьскага і Кнышынскага старастваў. У 1574 вёў перагаворы з князем Юрыем Алелькавічам, у выніку чаго быў заключаны саюз Алелькавіча з Мікалаем Радзівілам Рудым і Янам Хадкевічам. У 1576 Радзівіл Сіротка паслаў М. да новаабранага караля Стафана Баторыя з запэўніваннем у сваёй лаяльнасці. У 1577 М. вёў перагаворы аб жаніцьбе кароннага канцлера Яна Замойскага з сястрой Радзівіла Сіроткі Крысцінай. З 1579 маршалак гаспадарскі, член Рады ВКЛ. Да 1570 атрымаў радзівілаўскі маёнткак Нача ў Лідскім павеце, у 1582 Радзівіл Сіротка падараваў яму маёнтак Высокае. Вызнаваў кальвінізм, у канцы жыцця прыняў каталіцтва.

Літаратура:

Kempa T. Sekretarze królewscy na służbie u Radziwiłłów w drugiej połowie XVI wieku // Patron i dwór: Magnateria Rzeczypospolitej w XVI—XVIII wieku. Warszawa, 2006;

Пазднякоў В.С. Клецк X—XVIII стст.: Матэрыяльная і духоўная культура беларускага феадальнага горада. Мн., 2008.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.