Артыкулы: Мараўскі Мікалай
Мараўскі Мікалай (каля 1743—10.7.1811), дзяржаўны дзеяч. З шляхецкага роду герба «Дамброва», брат. І.Ф.Мараўскага. З маладосці служыў Каралю Станіславу Радзівілу Пане Каханку, у 1767 яго сакратар, у 1769 ген.-ад’ютант. Відаць, удзельнічаў у Барскай канфедэрацыі, з 1771 у эміграцыі. У 1772—76 апякаў у Мангейме Гераніма Радзівіла, брата Пане Каханку, якому сістэматычна дасылаў рапарты пра паліт. становішча і эмігрантаў з Рэчы Паспалітай. З 1777 упаўнаважаны Пане Каханку ў маёнткавых справах у Жоўкве. У 1781—82 жыў у Вене, пасля ў Варшаве як прадстаўнік Пане Каханку пры каралі польскім і вял. князю літоўскім Станіславе Аўгусце Панятоўскім. З 1783 ротмістр нац. кавалерыі. Пры падтрымцы караля ў 1786 абраны паслом на соймы 1786 і 1788. Захавалася вял. колькасць рапартаў М., якія ён дасылаў Пане Каханку і дзе падрабязна апісваў паліт. сітуацыю пры каралеўскім двары, у сталіцы і на соймах. У 1791 прыняты ў «Таварыства сяброў канстытуцыі». У 1793 увайшоў у склад Камісіі паліцыі ВКЛ. Далучыўся да паўстання 1794, член Найвышэйшай літоўскай рады. З 1797 карыстаўся тытулам ген.-маёра, які атрымаў, магчыма, у час паўстання.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне