Артыкулы: Маркварт Юзаф
Маркварт Юзаф (21.4.1739, Берасцейскае ваяв.—9.7.1797), дзеяч каталіцкай царквы, педагог. Паходзіў з шляхецкага роду. У 1754 уступіў у ордэн піяраў. Скончыў піярскі навіцыят у Новым Дольску (Любяшове), дзе ў 1756 прыняў 3-гадовыя манаскія зарокі. Пасля сканчэння настаўніцкага навучання быў прафесарам матэматыкі ў піярскіх калегіумах ВКЛ. У 1760 слухач метафізікі і філасофіі Віленскага піярскага калегіума. Прыкладна з 1762 ксёндз. Выдаў прысвечаную Андрэю Агінскаму кнігу «Матэматычныя пачаткі алгебры» («Propositions mathematicas ex algebra», Вільня, 1760), падручнік «Матэматычныя навукі ў частках арыфметыкі і геаметрыі для карысці школьнай моладзі, якая вучыцца ў школах ксяндзоў піяраў» («Nauki matematyczne w częściach arytmetyki i geometrii dla pożytku szkolnej młodzi, uczącej się w szkołach Księży Sholarum Piarumzebraną», т. 1—2, Вільня, 1772), выпрацаваў уласную матэматычную тэрміналогію на польскай мове. Памёр у Дубровіцы.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне