Артыкулы: Маркевіч (Мазуйскі-Маркевіч) Юзаф

Маркевіч (Мазуйскі-Маркевіч) Юзаф (?—3.2.1791), каморнік, картограф. З шляхецкай сям’і. Быў каморнікам Віленскага ваяв., лічыўся адным з лепшых спецыялістаў у сваёй галіне. Падскарбі надворны ВКЛ Антоній Тызенгаўз, калі ў 1765 прыняў у загадванне каралеўскія эканоміі ў ВКЛ, далучыў М. да працы ў Гарадзенскай эканоміі. У Гародні была заснавана школа мернікаў, на чале якой быў пастаўлены М. Ён працаваў таксама над праектамі і складаннем планаў будынкаў у эканоміі, фальваркаў, мануфактур, вёсак, мястэчак, паштовых гасцінцаў, каналаў. Займаўся перамерваннем зямлі ў эканоміі, упарадкаваннем вёсак, вызначэннем межаў эканоміі, меліярацыяй. З картаграфічных прац М. захаваліся карты ўладанняў Віграўскага кляштара камедулаў (1768, зроблена па загаду соймавай камісіі), гарадзенскага прадмесця Гарадніцы (1769), Гародні (1780), Гарадзенскай і Аліцкай эканомій (абедзве 1781). Удзельнічаў у працы Гарадзенскага сойміка. Хутка пасля адстаўкі Тызенгаўза (1780) М. пакінуў працу ў Гарадзенскай эканоміі (1782). У 1782—87 працаваў у гетмана Міхала Казіміра Агінскага ў Слонімскім старастве, дзе ўдзельнічаў у памеры зямлі, будаўніцтве мануфактур, Агінскага канала.

Літаратура:

Moroz M. Józef Markiewicz — komornik województwa wileńskiego (2 połowa ХVIII wieku) // Europa Orientalis: Polska i jej wschodni sąsiedzi od średniowiecza do współczesności. Toruń, 1996;

Яе ж. Działalność Józefa Markiewicza w Ekonomii Grodzieńskiej za rządów Antoniego Tyzenhauza // Białostocczyzna. 1998. № 1.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.