Артыкулы: Масальскі Рыгор Афанасьевіч
Масальскі Рыгор Афанасьевіч (?—да 9.6.1597), дзяржаўны і гаспадарчы дзеяч ВКЛ. З роду князёў Масальскіх. Каралеўскі дваранін, гарадзенскі падсудак земскі ў 1574—77, суддзя земскі ў 1578—89, падкаморы ў 1589—97. Выбіраўся паслом ад Гарадзенскага пав. на соймы 1576, 1590. У 1563 як падстараста кабрынскі і блудзенскі ўдзельнічаў у валочнай памеры Кобрыншчыны. Ад вял. князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта ІІ Аўгуста ў 1563 атрымаў ва ўласнасць маёнтак Урдомін у Мерацкай пушчы, у 1567 — у трыманне Абельскую воласць у Вількамірскім пав., у 1569 — Пярстунскую і Бяржніцкую воласці (пацверджана ў 1577, 1582, 1586, 1589), права лоўлі рыб у Пярстунскай і Пераломскай пушчах. Кіраваў Неманойскім лясніцтвам, якое ў 1576 атрымаў у дзяржаву (пацверджана ў 1579, 1589). Адыграў значную ролю ў гаспадарчым развіцці лясістага Аўгустоўска-Сувалкаўскага паазер’я, засноўваў вёскі, млыны, прадпрыемствы па вырабе лясных тавараў, праводзіў валочную памеру. У 1592 фундаваў касцёл ва Урдоміне. Валодаў таксама маёнткамі Кірсна і Рачкі ў Гарадзенскім пав., Дабучын у Берасцейскім пав., Сапежышкі і Дзевягола ў Ковенскім пав. (купіў у 1584 у Андрэя Сапегі), мястэчкам Дзедзіголдышкі (у 1584—86), трымаў у заставе сапегаўскі маёнтак Вяйсеі ў Гарадзенскім пав.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне