Артыкулы: Матушэвіч Ян
Матушэвіч Ян (?, Жамойць—10.2.1737), дзеяч каталіцкай царквы. Сын Крыштофа, падчашага менскага. У 1696 уступіў у ордэн канонікаў рэгулярных латэранскіх у кляштары ў Казімежы пад Кракавам, вывучаў там філасофію і тэалогію. З 1703 ксёндз, пасланы на вучобу ў езуіцкі ун-т у Оламаўцы (Чэхія), дзе набыў ступень д-ра тэалогіі. З 1706 прапаведнік у касцёле Божага Цела ў Казімежы, прафесар тэалогіі ў кляштарных школах у Казімежы і Сухей. З 1709 прэпазіт кляштара ў Красніку, з 1710 генеральны прэпазіт усіх кляштараў канонікаў рэгулярных латэранскіх у Польшчы і ВКЛ. Клапаціўся пра павышэнне ўзроўню вывучэння і выкладання тэалогіі ў ордэне, пра развіццё кляштарных бібліятэк. Працаваў над гісторыяй ордэна канонікаў рэгулярных латэранскіх у Рэчы Паспалітай. Выдаў кнігу «Упарадкаваны канонік рэгулярны ў Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім» («Canonicus regularis in Poloniae et in M. D. Lithuaniae... explicatus», Кракаў, 1720; 2 выд. 1726), зборнік правілаў ордэна «Канстытуцыі канонікаў рэгулярных латэранскіх» («Constitutiones Canonicorum Regularium Lateranensium», Кракаў, 1732).
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне