Артыкулы: Мацей з Вільні
Мацей з Вільні (?, Вільня—9.5.1453), дзеяч каталіцкай царквы. Сын купца-немца з Інфлянтаў. Карыстаўся гербам «Жнін». Некаторыя навукоўцы атаясамліваюць яго з канонікам Марцінам з Трокаў (1397—98). М. з В. вучыўся ў гусіцкім на той час Пражскім ун-це, дзе атрымаў ступені бакалаўра філасофіі (1404) і магістра вызваленых навук (1408). Паводле меркаванняў розных даследчыкаў, вучыўся таксама ў Балонні або Сіене, дзе ў 1408 абралі рэктарам ун-та нейкага Мацея з Польшчы. Думка аб тым, што М. з В. быў доктарам тэалогіі, не абапіраецца на факты. Стаў святаром у Віленскім біскупстве. У 1417 прэпазіт віленскі. 23.10.1417 прызначаны вял. князем літоўскім Вітаўтам 1-м епіскапам жамойцкім, 24.10.1417 пасвечаны ў Троках. У пач. 1422 прызначаны біскупам віленскім, што пацвердзіў рымскі папа 4.5.1422. Трымаўся па-за вял. палітыкай, але як член Рады ВКЛ прымаў удзел у паліт. акцыях. У пач. 1418 у Вільні засведчыў паўнамоцтвы паслоў Ягайлы на Канстанцкі сабор. 15.7.1419 выступаў сведкам перамір’я Ягайлы і Вітаўта з дацкім каралём Эрыкам. У 1422 у Новагародку даў шлюб Ягайлу і Соф’і Гальшанскай. У 1430 пасрэднік у перагаворах Вітаўта і Ягайлы ў справе каранацыі Вітаўта. Выступаў сведкам саюза вял. князя літоўскага Свідрыгайлы з Лівоніяй 19.11.1431, накіраванага супраць Польшчы, але пасля падтрымаў і засведчыў Гарадзенска-Троцкую унію 1432—33, заключаную вял. князем літоўскім Жыгімонтам Кейстутавічам з каралём польскім Ягайлам. М. з В. быў лаяльным і да наступнага вял. князя літоўскага — Казіміра IV Ягелончыка. Быў буйнейшым землеўладальнікам у ВКЛ. У 1435 заснаваў у Вільні кансісторыю (суд) і пасаду архідыякана. Выступаў за тое, каб святарамі прызначалі толькі тых кандыдатаў, якія ведалі літ. мову. Змагаўся ў гусіцкімі ўплывамі ў ВКЛ. Выступаў за заключэнне уніі правасл. царквы з Рымам і схіляў да яе мітрапаліта Герасіма. У спрэчцы паміж рымскім папам Яўгенам IV і Базельскім сабрам 1431—49 заняў бок апошняга. Не прызнаў мітрапаліта Ісідора і не падтрымаў яго намаганні заключыць царкоўную унію. Аднак перамога Яўгена IV прывяла да ўмацаванняў пазіцый Ісідора ў Рыме, дзе ён распачаў працэс супраць М. з В. як праціўніка царкоўнай уніі (быццам той падбухторваў рус. князёў не падпарадкоўвацца Ісідору, што прывяло да зняволення Ісідора ў Маскве). Дзейнасць М. з В. прывяла да ўмацавання пазіцый каталіцкай царквы ў ВКЛ, росту лічбы касцёлаў.
Літаратура:
Przyałgowski W. Żywoty biskupów wileńskich. T. 1. Petersburg, 1860;
Kurczewski J. Biskupstwo wileńskie od jego założenia aż do dni obecnych, zawierające dzieje i prace biskupów i duchowienstwa djecezji wileńskiej, oraz wykaz kościołów, klasztorów, szkół i zakładów dobroczynnych i społecznych. Wilno, 1912;
Błaszczyk G. Diecezja żmudzka od XV do początku XVII w.: Ustrój. Poznań, 1993.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне