Артыкулы: Мацкевіч (Цат-Мацкевіч, Cat-Mackiewicz) Станіслаў
Мацкевіч (Цат-Мацкевіч, Cat-Mackiewicz) Станіслаў (18.12.1896, Санкт-Пецярбург—18.2.1966), польскі палітычны дзеяч, публіцыст, гісторык. Вучыўся ў Кракаўскім (1914—15, 1917—18) і Варшаўскім (1916) ун-тах. У 1924 у Віленскім ун-це атрымаў ступень магістра. Удзельнічаў у польска-савецкай вайне 1919—20. У 1922—39 выдаваў у Вільні газету «Слова» («Słowo»), якая выражала інтарэсы буйных землеўладальнікаў. Займаў правыя, кансерватыўныя пазіцыі. Выступаў за заключэнне саюза з Германіяй, накіраванага супраць СССР. У 1939—56 у эміграцыі ў Францыі і Англіі, у 1946—50 рэдагаваў штотыднёвік «Львоў і Вільня» («LwówiWilno»). Аўтар шматлікіх публіцыстычных і палітычных твораў. У галіне гісторыі ВКЛ выдаў кнігі «Станіслаў Аўгуст» («StanisławAugust», Лондан, 1953; 2 выд. Варшава, 1956), «Ерасі і праўды» («Herezjeiprawdy», Варшава, 1962). Па заказу мюнхенскага выдаўца Пітэра напісаў кнігу «Дом Радзівілаў» («DomRadziwiłłów»), якая доўгі час лічылася страчанай, надрукавана ў 1990 у Варшаве. Творы М., якія карысталіся вял. папулярнасцю, адметныя лёгкасцю стылю, пастаноўкай неабгрунтаваных гіпотэз, вольнасцю ў абарачэнні з фактамі.
Творы:
Дом Радзівілаў // Спадчына. 1999. № 2.
Літаратура:
Jaruzelski J. Mackiewicz i konserwatyści: szkice do biografii. Warszawa, 1976;
Яго ж. Stanisław Cat-Mackiewicz, 1896—1966: Wilno—Londyn—Warszawa. 2 wyd. Warszawa, 1994;
Górski A. Władza polityczna w myśli Stanisława Cata-Mackiewicza. Kraków, 1999.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне