Артыкулы: медаль

медаль (ад франц. medaille шчыт, круг з лепкай), 1) круглы цi авальны знак з двухбаковай цi аднабаковай выяваю, зроблены ў гонар асобы або падзеi, памерамi 20—80 мм. З’явiўся ў 2-й пал. 14 ст.—пач. 15 ст. ў Iталii. Выраблялi тэхнiкай лiцця, на мяжы 15—16 ст. паявiўся бiты М., зрэдку выкарыстоўвалася тэхнiка гравiроўкi i чаканкi. Звычайна на аверсе М. змешчана партрэтная выява, на рэверсе — фiгурная кампазiцыя, сюжэтная, алегарычная цi геральдычная. Традыцыйныя матэрыялы, з якіх выраблялі М., — серабро, золата, волава. Звычайна на М. пазначана iмя медальера або яго манаграма.

Упершыню асобы i падзеi, звязаныя з Беларуссю, з’явiлiся на М. у 16 ст. Невядомы iтальянскі майстар у 1520 зрабiў М. у гонар нараджэння будучага караля польскага i вял. князя літоўскага Жыгiмонта II Аўгуста. Некалькi М. выраблена ў гонар Жыгiмонта I Старога (майстар Г.Шварц, г. Гданьск, 1527). У 1532 iтальянец Я.М.Муска Падавана вырабiў у Кракаве серыю М. з выявамi Жыгiмонта I, яго жонкi Боны Сфорца, сына Жыгiмонта Аўгуста, дачкi Iзабелы, а ў 1546 — М. з партрэтам Боны. Аўтар М., прысвечанага ўступленню на трон Жыгiмонта Аўгуста (1548), — iтальянскі майстар Д.Венетус. З сярэдзiны 16 ст. пачаўся сталы выраб у ВКЛ i Рэчы Паспалiтай М., прысвечаных каралям польскiм i вял. князям літоўскім, iх абранню на трон, каранацыi i iнш. З сярэдзiны 16 ст. М. выраблялi на Вiленскiм манетным двары. Некалькi М. выраблена з нагоды сканчэння Інфлянцкай вайны 1558—82 i вызвалення ў 1579 Полацка. Падзеям вайны з Расiяй 1609—18, заняццю ў 1611 Смаленска прысвечаны М. вiленскiх майстроў Г.Келя i манаграмiста «HD». Самым значным вiленскiм медальерам у пач. 17 ст. быў Г.Трыльнер. Ён зрабiў М., прысвечаныя ўзяццю Смаленска (1611) i яго абароне (1641), у гонар караля Уладзiслава IV, Радзiвiлаў. Медальер I.Энгельгарт выканаў М. у гонар А.Валовiча з яго партрэтам i вiдам Вiльнi (1626), Уладзiслава IV. З сярэдзiны 16 ст. па заказу Радзiвiлаў пачалi вырабляцца М. ў гонар прадстаўнiкоў гэтага роду. 1580-мi г. датуецца М. вял. маршалка А.Радзiвiла. У 17 ст. М. ў гонар Радзiвiлаў выраблялi Трыльнер, гданьскiя майстры С.Дадлер, I.Гёгн-малодшы. Шмат М. было выбiта ў Германii, Швецыi i Расii на падзеi Паўн. вайны 1700—21 (узяцце шведамi Гародні ў 1706, перамога пад Галоўчынам у 1708, перамога расiян пад Лясной у 1708). З пач. 18 ст. стала пашыранай практыка вырабу М. i жэтонаў у гонар святых i рэлiг. падзей (каранацыя цудатворных абразоў Жыровiцкага ў 1730, Бялынiцкага ў 1761). У час панавання Станiслава Аўгуста Панятоўскага М. выбiвалi ў гонар важных дзярж. падзей: грашовай рэформы (1766), надання палiт. правоў дысiдэнтам (1768), утварэння Адукацыйнай камiсii (1774), пабудовы Агiнскага канала (1786), прыняцця Канстытуцыi 3 мая 1791 i iнш. Шмат М. выканаў на Варшаўскiм манетным двары I.Ф.Гольцгаўзер, у т.л. ў гонар гiсторыка А.Нарушэвiча (1771). У 1786 Гольцгаўзер вырабiў першыя М. на сучаснай тэр. Беларусi: у Слонiме па заказу М.К.Агiнскага выпушчаны аднабаковы М. з яго партрэтам, каранацыйны М. прускага караля Фрыдрыха Вiльгельма II i М. на памяць пра прысягу каралю саслоўяў у Кёнiгсбергу. Некалькi М. было выбiта ў Прусii, Аўстрыi i Расii з прычыны падзелаў Рэчы Паспалiтай 1772—95.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.