Артыкулы: Радзівіл Міхал Казімір
Радзівіл Міхал Казімір (26.10.1635—14.11.1680), ваенны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын А.Л.Радзівіла. Вучыўся ў Нясвіжы, Балонні. Стольнік ВКЛ у 1652—53, крайчы ВКЛ у 1653—56, падчашы ВКЛ у 1656—61, віленскі кашталян у 1661—66 і ваявода ў 1666—68, гетман польны і падканцлер ВКЛ з 1668; пасол на соймы 1648, 1659, 1661, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1664. З пачаткам вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 умацаваў Нясвіжскі замак, што дало магчымасць вытрымаць аблогу 1655. У чыне палкоўніка ўдзельнічаў у бітвах са шведамі ў Польшчы ў 1656 і Курляндыі ў 1659. Умацаваны Р. Нясвіжскі замак вытрымаў у 1660 паўторную аблогу рас. войск. У 1660 удзельнічаў у аблозе Магілёва, бітве на р. Бася, прымаў удзел у мірных перагаворах з Расіяй. Удзельнічаў у пераможнай Хацінскай бітве 1673 з туркамі. У час міжкаралеўя 1673—74 імя Р. называлася сярод кандыдатаў на трон, але ён падтрымаў абранне Яна ІІІ Сабескага і стаў яго блізкім паплечнікам. Удзельнічаў у антытурэцкіх кампаніях 1674—75 і 1677 на Украіне. У 1679 пасланы з дыпламатычнай місіяй да герм. імператара, у Венецыю і да рымскага папы дамагацца агульнага саюзу з Расіяй супраць Турцыі. Памёр на зваротным шляху ў Балонні. З 1654 ардынат нясвіжскі, адначасова з 1667 алыцкі; валодаў Крожамі ў Літве, Белай і Славатычамі ў Берасцейскім ваяв., Шыдлоўцам і інш. Трымаў шматлікія стараствы, у т.л. Лідскае, Крычаўскае, Прапойскае, Гомельскае. Заснаваў кляштар бенедыкцінцаў пад Нясвіжам (1673). У шлюбе з Кацярынай Сабескай (сястра Яна ІІІ Сабескага) меў дачку, сыноў Мікалая Францішка, Багуслава Крыштофа, Яна, Людвіка, Ежы Юзафа, Караля Станіслава.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне