Артыкулы: Радзівіл Удальрык Крыштоф
Радзівіл Удальрык Крыштоф (28.1.1712, мяст. Дзятлава Слонімскага пав.—21.7.1770), дзяржаўны дзеяч ВКЛ, паэт, гісторык. Сын М.Ф.Радзівіла. Вучыўся ў Варшаве, Лягніцы. Канюшы ВКЛ у 1734—62, вял. пісар ВКЛ у 1762, стараста менскі ў 1739—46; пасол на соймы 1730, 1733, 1736, 1746, 1764, 1767. Служыў у войску ВКЛ, генерал-маёр (1743), генерал-лейтэнант (1748). У 1749 камандаваў паходам супраць укр. гайдамакаў, які апісаў у друкаваным «Дыярыушы» («Dіarіusz podjazdu mojego na hajdamaków», без пазначэння месца і года выдання). Сабраў вял. б-ку, ведаў шмат моў, у т.л. грэчаскую, нямецкую, французскую, італьянскую, англійскую. Аўтар твораў «Апісанне ўсіх нацый у Еўропе» («Opіsanіe wszystkіch nacjі w Europіe znajdujących sіę»), «Універсальная гісторыя» («Hіstorіa unіwersalna», рукапіс налічвае 3648 старонак, у 1758 надрукаваны пачатак), «Сусветныя крытыкі або сатыры» («Krytykі śwіatowe albo satyry»), «Вучоныя забавы ў вершах і прозе» («Uczone zabawy wіerszem і prozą»), гісторыі роду Радзвілаў, панегірыкаў, элегій, од. Выдаў кн. «Апісанне клопатаў людзей усіх саслоўяў» («Opіsanіe zgryzot ludzkіch we wszytkіch stanach», Пачаеў, 1741), тэхнічныя трактаты, некаторыя вершаваныя творы. Перакладаў на польск. мову творы Сафокла, П.Карнеля, Ж.Расіна. Спрабаваў увесці ў спектаклі прыдворных тэатраў бел. мову. Па-беларуску гаворыць адзін з персанажаў пераробкі Р. твора Э.Бурселя «Камедыя Эзопа» (захаваліся 5 радкоў яго ўступнага маналога). Р. валодаў маёнткамі ў Польшчы і на Украіне. Быў жанаты з Соф’яй Рэй, пасля з Элеанорай Каменскай, з якой меў сына Матэвуша (1768—1818), генерала рас. арміі.
Літаратура:
BorekP. O tym jak ksіążę Udalryk Radzіwіłł hajdamaków gromіł // Radzіwіłłowіe: Obrazy lіterackіe. Bіografіe. Śwіadectwa hіstoryczne. Lublіn, 2003.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне