Артыкулы: Радзівіл Юрый (Ежы; 31.5.1556—23.1.1600)

Радзівіл Юрый (Ежы; 31.5.1556, в. Лукішкі, цяпер у межах Вільнюса—23.1.1600), царкоўны і дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай. Сын М.Радзівіла Чорнага. Вучыўся ў Лейпцыгскім ун-це (да 1572), вывучаў філасофію і тэалогію ў Рымскім калегіуме (1575—76). У дзяцінстве выхоўваўся ў кальвінісцкім духу, у 1576 перайшоў у каталіцызм. Каад’ютар (памочнік-намеснік) біскупа В.Пратасевіча (1574—81). Біскуп віленскі ў 1581—91, у 1583 атрымаў званне кардынала. Актыўна змагаўся супраць Рэфармацыі, у 1581 увёў у сваёй епархіі цэнзуру друку. У 1582 на ўласныя сродкі адчыніў Віленскую духоўную семінарыю. У 1582—84 намеснік караля (губернатар) у Інфлянтах, але гэтая пасада была яму ў цяжар. Пасля смерці Стафана Баторыя на элекцыйным сойме 1587 падтрымліваў прадстаўніка аўстрыйскай дынастыі Габсбургаў Максіміляна, але абраны быў Жыгімонт ІІІ Ваза. Пасля збліжэння Жыгімонта ІІІ у 1589 з Габсбургам ўплыў Р. пры двары зноў вырас. З 1591 біскуп кракаўскі. Спрыяў шлюбу Жыгімонта ІІІ з эрцгерцагіняй з дома Габсбургаў Ганнай (1592). Адзін з бліжэйшых дарадчыкаў караля, у 1596—97 вёў перагаворы пра далучэнне Рэчы Паспалітай да антытурэцкай каталіцкай лігі.

Літаратура:

Kurczewskі J. Bіskupstwo wіleńskіe od jego założenіa aż do dnі obecnych. Wіlno, 1912;

Machay F. Dzіałalność duszpasterska kardynała Radzіwіłła bіskupa krakowskіego (1591—1600). Kraków, 1936.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.