Артыкулы: хэлмскае права
хэлмскае права, сістэма гарадскога права ў гарадах Прусіі, Памор’я, Варміі, Мазовіі, Падляшша. Вызначала арганізацыю і прынцыпы дзейнасці гар. самакіравання, маёмасныя і грамадзянскія правы мяшчан. Склалася ў г. Хэлм (Кульм) ва Усх. Прусіі ў 1230-х г. на аснове магдэбургскага права. У 1251 гар. суд Хэлма абвешчаны вышэйшай судовай інстанцыяй для прускіх гарадоў. У 1394 аформіўся кодэкс Х.п. «Стары Хэлм» («Das alte Culm»). У 16 ст. складзены некалькі праекты кодэксаў Х.п., але ніводны не быў зацверджаны каралём. Адрозненні Х.п. ад магдэбургскага нязначныя (прызнаваліся агульныя правы мужа і жонкі на маёмасць, у выпадку смерці мужа палова яго маёмасці адыходзіла жонцы і інш.). У ВКЛ Х.п. мелі некаторыя гарады Падляшша: Бельск (1440), Ванеў (1510), Венграў (1441), Ганязь (1547), Кляшчэлі (1523), Крабаў (1528), Мельнік (1440), Морды (1488), Нараў (1514), Новае Места (Мукабоды, 1496), Тыкоцін (1425), Янаў (1465), а таксама Жамойці: Варні (1491), Шкуды (Йохансберг, 1572).
Літаратура:
Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901. С. 335—339;
Jarmolik W. Rozwój niemieckiego prawa miejskiego na Podlasiu do Unii Lubielskiej 1569 roku // Przegląd Historyczny. 1982. Z. 1—2;
Zdrójkowski Z. Zarys dziejów prawa chełmińskiego, 1233—1862. Toruń, 1983;
Стрэнкоўскі С.П. Граматы на хэлмінскае права ў гарадах заходняй часткі Вялікага княства Літоўскага // Культурна-нацыянальныя працэсы на Беларусі ў другой палове ХІХ—пачатку ХХ ст. Мн., 1998.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне