Артыкулы: экслібрыс

экслібрыс (ад лац. ex libris з кніг), папяровы ярлык, які наклейваецца ўладальнікам бібліятэкі на кнігу, пераважна на ўнутраны бок пераплёту (форзац); звычайна на ім пазначана імя і прозвішча ўладальніка і малюнак, які лаканічна ці вобразна апавядае аб яго прафесіі, інтарэсах, складзе бібліятэкі. Э. выконваюць у тэхніцы друкарскага набору, ксілаграфіі, літаграфіі, цынкаграфіі, афорту і інш. Многія Э. з’яўляюцца выдатнымі творамі графічнага мастацтва. Вылучаюць некалькі тыпаў Э.: геральдычны (гербавы), які нясе выяву герба ўладальніка бібліятэкі; вензелевы з ініцыяламі ўладальніка; тэкставы (шрыфтавы) без якіх-небудзь малюнкаў; партрэтны з выявамі ўладальнікаў, пісьменнікаў, гіст. асоб; сюжэтны з архітэктурнымі і пейзажнымі выявамі, алегарычнымі малюнкамі, што адлюстроўваюць захапленні ўладальнікаў.

Э. з’явіўся, як лічаць, у Паўд. Германіі ў хуткім часе пасля вынаходніцтва кнігадрукавання. Найб. старажытны Э. Польшчы датуецца 1516 (зроблены ў Вене). Першы бел. Э. датуецца каля 1533 — дрэварытны адбітак, зроблены непасрэдна на кнізе з б-кі біскупа луцкага і віленскага П.Гальшанскага (каля 1490—1555). На ім выява родавага герба князёў Гальшанскіх — «Кітаўраса» ў вянку з лісця і кветак. Да 19 ст. сярод бел. Э. пераважалі геральдычныя, бо герб разглядаўся як асн. знак уласнасці сярод самых шматлікіх уладальнікаў б-к гэтага часу — шляхты.

Самымі вял. кнігазборамі ў ВКЛ валодалі князі Радзівілы. Заснавальнікі б-кі Радзівілаў у Нясвіжы М.Радзівіл Чорны (1515—65) і яго сын М.К.Радзівіл Сіротка (1549—1616) карысталіся суперэкслібрысамі. Бібліятэка Б.Радзівіла (1620— 69) паводле яго тастамента была перавезена са Слуцка ў Каралявец, дзе для яе быў зроблены мемарыяльны Э. з выявай радзівілаўскага герба ў архітэктурнай арцы, памятным надпісам і датай «1671». Канцлер ВКЛ К.С.Радзівіл (1669—1719) меў 2 варыянты геральдычнага Э. Нясвіжскі гравёр Г.Ляйбовіч выканаў некалькі геральдычных Э. для ваяводы віленскага М.К.Радзівіла Рыбанькі (1702—62) і яго жонкі Ф.У.Радзівіл (1705—53), якія ўжо мелі некаторыя ракайльныя элементы ў сваім афармленні. Вял. харужы ВКЛ Г.Ф.Радзівіл (1715—60) б-кі ў Слуцку і Белай забяспечыў Э. новага тыпу. На ім змешчана выява архітэктурнага пейзажу, зверху — лунаючы радзівілаўскі арол, які ў дзюбе трымае стужку для надпісу (апошні рабіўся ад рукі). Геральдычныя Э. мелі ваяводы віленскія К.С.Радзівіл Пане Каханку (1734—90) і М.Г.Радзівіл (1744—1831), якія трымалі б-кі ў Нясвіжы і Нябораве.

Геральдычны Э. характэрны і для б-к Сапегаў у Слоніме, Ружанах, Дзярэчыне, Кодані. Кнігі з б-кі канцлера ВКЛ Л.І.Сапегі і яго нашчадкаў у 16—17 ст. забяспечваліся суперэкслібрысамі. Вялікі Э. канцлера ВКЛ Я.Ф.Сапегі (1680—1751), зроблены Я.Ф.Міліусам у 1736, акрамя герба мае выявы атрыбутаў канцлерскай пасады — пячатак, тамоў збору законаў (Валюміна легум) і Метрыкі ВКЛ. Міліус выканаў таксама для Я.Ф.Сапегі 2 малыя Э. і геральдычны Э. для яго жонкі Канстанцыі. Э. канцлера ВКЛ А.М.Сапегі (1730—93) нясе папулярную ў сярэдзіне 18 ст. выяву картуша з 2 бюстамі на калонах па баках; узброеная алегарычная фігура наверсе трымае шчыт з родавым гербам Сапегаў «Ліс», па баках знаходзяцца 2 армілярныя сферы, унізе — разгорнутыя кнігі (зроблены каля 1748—50). А.М.Сапега меў і просты тэкставы наборны Э. з узорнай рамкай. Яго б-кі знаходзіліся ў Дзярэчыне і Ружанах.

Да найлепшых узораў графічнага мастацтва ў стылі барока належыць пышны Э. ваяводы віленскага і вял. гетмана ВКЛ Я.К.Хадкевіча, які зроблены гравёрам Я.Зярнкам у 1619(?). Стараста лідскі, маршалак надворны ВКЛ Ю.Сцыпіён (?—1743), які трымаў б-ку ў Воранаве, карыстаўся 2 простымі тэкставымі Э. Геральдычны Э. кашталяна і ваяводы троцкага Т.Ф.Агінскага (1712—83) выканаў у 1747 П.Ю.Енджыёўскі. Гэтым Э. (з абрэзаным надпісам) карыстаўся і яго сын, вял. гетман ВКЛ М.К.Агінскі (1730—1800); іх б-ка знаходзілася ў Слоніме. Э. маршалка надворнага ВКЛ і вял. кароннага маршалка М.Е.Мнішка (1742—1806) мае выяву родавага герба ў ракайльным картушы ў лапах арла, дадатковыя элементы — маршалкоўскае жазло і 3 ордэны. Паліт. дзеяч, пісьменнік і гісторык Ю.Нямцэвіч (1758—1841) збіраў б-ку ў Скоках (Берасцейскі пав.), для якой прызначаўся геральдычны Э. з уладальніцкім надпісам. Вядомы бібліяфіл, канцлер ВКЛ І.І.Ю.Храптовіч (1729—1812), заснавальнік б-кіў Шчорсах, ужо цалкам адмовіўся ад геральдычных Э. На вядомых даследчыкам яго трох Э. змешчаны толькі лацінскія ўладальніцкія надпісы ў простай або ўзорнай ракайльнай рамцы. Значнай б-кай валодалі ў Лявонпалі Лапацінскія. Я.Д.Лапацінскі (1709—78) меў Э. у выглядзе круглай пячаткі з гербам, Я.Н.Лапацінскі (1747—1810) — тэкставы Э., а Т.Л.Лапацінскі (1753—1827) — складаны Э., упрыгожаны 2 бюстамі па баках картуша, армілярнай сферай, цыркулем, кнігамі і гербамі. Такі тып Э. выпрацаваў у сярэдзіне 18 ст. віленскі гравёр Ф.Бальцэвіч. Падобныя Э. мелі і некаторыя дамініканскія б-кі. Большасць б-к кляштараў, езуіцкіх і піярскіх калегіумаў валодала сціплымі тэкставымі Э.

Лimаратура:

Wittyg W. Exlibrisy bibliotek polskich XVI—XX w. T 1—2. Warszawa, 1903—07;

Przypkowski T. Franciszek Balcewicz i geneza graficzna ekslibrisu z XVIII w. // Materiały do dziejów ziemi sejneńskiej. Białystok, 1963;

Тычина А.Н. К истории белорусского экслибриса // Из истории книги, библиотечного дела и библиографии в Белоруссии. Мн., 1972. Вып. 2;

Яго ж. Беларускі экслібрыс XVII—XIX стст. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусь 1973. № 1;

Lewicka-Kamińska A. Nieznane ekslibrisy polskie XVI wieku w Bibliotece Jagiellońskiej. Kraków, 1974;

Тычына А., Шматаў В. Беларускі кніжны знак. Мн., 1975;

Kisarauskas V. Lietuvos knygos zenklai, 1518—1918. Vilnius, 1984;

Яго ж. Lietuvių ekslibrisas. Vilnius, 1991;

Судлянкоў А. Весткі стагоддзяў: Старажытны бел. экслібрыс // Мастацтва Беларусі. 1989. № 7;

Яго ж. Экслибрисы рода Радзивиллов // На шляхах да ўзаемаразумення. Мн., 2000;

Стефанович А.В. Экслибрисы князей Радзивиллов в книжных собраниях Несвижской ординации // Беларускі археаграфічны штогоднік. Мн., 2005. Вып. 6.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.