Артыкулы: Кардынальныя правы
Кардынальныя правы (Leges cardinales), сiстэма фундаментальных норм дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалiтай у 16—18 ст., замацаваных у якасцi абавязковых i непарушных прынцыпаў.
Паходзяць з дактрыны аб дасканаласцi iснуючай будовы дзяржавы i недапушчальнасцi нiякiх прынцыповых яе змен дзеля захавання сац. гармонii. Прынцыпы К.п. закладзены ў 15 ст. ў Польшчы кампрамiсам памiж кiруючымi грамадскiмi станамi: каралём, сенатам (арыстакратыяй) i рыцарствам (шляхтай). Станы разглядалiся як раўнапраўныя, нiводзiн з iх не мог прысвоiць абсалютнай улады без згоды астатнiх. Сойм 1597 абвясцiў злачынцам кожнага парушальнiка агульнай згоды станаў. Сойм 1609 вызвалiў ад паслушэнства каралю пры парушэннi iм сваiх абавязкаў. Сойм 1669 абавязаў наступныя соймы не дапускаць нiякiх рэформаў дзярж. ладу i кожнага, хто прапануе новаўтварэннi, абвяшчаць ворагам айчыны.
Асновы К.п. сфармуляваны ў 1572—73 у выглядзе Пакта канвента i Генрыкавых артыкулаў. У 1632 пры абраннi на трон Уладзiслава IV Вазы гэтыя дакументы аб’яднаны ў адзiн пакет i К.п. сталi канстытуцыйнымi палажэннямi, якiм абавязкова прысягаў кожны кароль, абраны на трон. У далейшым каралеўская ўлада абмежавана пашырэннем шляхецкiх вольнасцей. Каралём мог быць толькi католiк. Яму забаранялася павялiчваць уласныя ўладаннi за кошт агульнадзярж. зямель i замацоўваць iх у спадчыну без ведама сойма. Дзярж. маёнткi ён мог раздаваць у адмiнiстрацыю i арэнду толькi аселай шляхце. К.п. рабiлi шляхту пануючым саслоўем: давалi ёй правы асабiстай недатыкальнасцi, неабмежаванай вотчыннай улады над прыгоннымi, з правам смяротнага пакарання сялян, дазвалялi свабодна ўдзельнiчаць у выбарах караля, соймавых паслоў з абмежаваннем iх паўнамоцтваў дэпутацкiмi наказамi, вызвалялi ад прымусовай ваен. службы i падаткаў, а яе ўладаннi — ад пазасудовай канфiскацыi i ваен. пастою. Прынцып выбарнасцi каралёў (вольнай элекцыi) абвяшчаўся «галоўным фундаментам i мацi вольнасцi» шляхецкага стану. Кароль абвяшчаўся гал. гарантам унутрышляхецкай вольнасцi: ён павiнен быў сачыць за роўным доступам усёй шляхты да ўладных пасад i не дапускаць iх спадчыннага замацавання, не сумяшчаць у руках адной асобы некалькiх пасад, раздаваць годнасцi i ўрады толькі на соймах па рэкамендацыi паслоў, абараняць «слабейшага ад уцiску мацнейшага». Кароль абавязаўся без згоды сойма не ўводзiць замежных войск, не заключаць знешнепалiтычных дагавораў, сачыць за непарушнасцю каталiцкай веры i асобага статуса прывiлеяваных тэрыторый, не дапускаць яўрэяў да кiравання мытна-падатковымi справамi i не браць iх пад сваю пратэкцыю, выдаваць публiчныя акты на польск. i лацiнскай мовах, «а не якой iншай».
Пад выглядам барацьбы з пагрозай дынастычнага абсалютызму з боку выбарнага караля магнацкая алiгархiя выкарыстоўвала К.п. як сродак свайго панавання i захавання iснуючага ладу. «Нямы» сойм 1717 абавязаўся свята выконваць «фундаментальныя артыкулы», у т.л. Пакта канвента. Сойм 1767—68 разгарнуў К.п. ў выглядзе 24 пунктаў, якiя былi асобным актам далучаны да дагавора 1768 з Расiяй. Паводле iх нiводны заканадаўчы орган Рэчы Паспалiтай не мог самастойна парушаць тэр. цэласнасць дзяржавы. Абвяшчалася вечнасць унii Польскага каралеўства i ВКЛ, а шляхецкiя вольнасцi — вечна непарушнымi. Дазвалялася пасяляць вольных людзей на пустых землях у дзярж. i шляхецкiх уладаннях. Кожны iмiгрант пасля 3-гадовага пражывання ў Рэчы Паспалiтай атрымлiваў правы абывацеля мяшчанскага або сялянскага стану. Усе некатолiкi (дысiдэнты) шляхецкага паходжання атрымлiвалi доступ да свецкiх i духоўных пасад.
Сойм 1773—75, склiканы для ратыфiкацыi ўмоў 1-га падзелу Рэчы Паспалiтай, 18.9.1773 асобным актам да трактата з Рас. iмперыяй пацвердзiў К.п., але мадыфiкаваў 4 пункты. Манархам Рэчы Паспалiтай мог быць толькi католiк-пяст (г.зн. паляк) з асяроддзя землеўладальнiкаў. Яму забаранялася замацоўваць трон за сынамi i ўнукамi. Памiж соймавымi склiканнямi прадстаўляць iнтарэсы шляхты павiнна была Пастаянная Рада, пастановы якой не мелi канчатковай сiлы.
Чатырохгадовы сойм 1788—92 скасаваў пратэктарат Расii над Рэччу Паспалiтай, але не здолеў адмянiць К.п. на сесiях у вер. 1790. К.п. былi заменены Канстытуцыяй 3 мая 1791, якую кансерватыўная апазiцыя абвясцiла дзярж. пераваротам. Абапiраючыся на запрошаныя рас. войскi, Гарадзенскi сойм 1793 скасаваў рэформы Чатырохгадовага сойма i аднавiў К.п. ў выглядзе асобнай канстытуцыi («Forma rządowa») з 16 пунктаў. Паводле iх, быў скасаваны падзел Рэчы Паспалiтай на Карону i ВКЛ i абвешчана «назаўсёды адзiная вольная i незалежная» дзяржава, аднак захавалiся правы i прывiлеi ВКЛ, тытул вял. князя. Уводзiлася смяротнае пакаранне за парушэнне тэр. цэласнасцi дзяржавы i спробу узурпацыi ўлады. Заканадаўчая ўлада аддзялялася ад выканаўчай. Усiм асобам шляхецкага стану вярталася права ўдзелу ў выбарах у сойм i мясц. соймiкi. Каталiцкая вера «абодвух абрадаў» (у т.л. унiяцтва) абвяшчалася вечна пануючай. Пераход з каталiцтва абодвух абрадаў у iнш. веру разглядаўся як дзярж. злачынства i караўся выгнаннем за мяжу. Усе насельнiкi дзяржавы, у т.л. iмiгранты, называлiся падданымi Рэчы Паспалiтай i мелi аднолькавыя падсуднасць, асабiстыя i маёмасныя правы. К.п. абвяшчалiся навекi святымi, трывалымi, недатыкальнымi. У выпадку парушэння К.п. кароль або Пастаянная Рада маглi склiкаць надзвычайны сойм для аднаўлення ранейшых парадкаў.
К.п. на ўсiм працягу свайго iснавання выконвалi кансерватыўна-ахоўную ролю i сталi адной з прычын скону дзяржавы. Разам з апошнiм падзелам Рэчы Паспалiтай (1795) адышлi ў нябыт i К.п.
Лiтаратура:
Volumina Legum. T. 6—7. 2 wyd. Petersburg, 1860;
Wegner L. Sejm Grodzieński ostatni. Poznań, 1886;
Kutzeba S. Historja usroju Polski w zarysie. T. 1. 5 wyd. Lwów, 1920;
Bardach J., Leśnodorski B., Pietrzak M. Historia państwa i prawa polskiego. 4 wyd. Warszawa, 1985;
Ekes J. Złota demokracja. Warszawa, 1987.
© Яўген Анішчанка, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне