Артыкулы: Мглін
Мглін (цяпер горад, цэнтр Мглінскага р-на Бранскай вобл., Расійская Федэрацыя), горад у Мсціслаўскім княстве, Віленскім, Смаленскім ваяводствах, на р. Судынка.
Археалагічныя дадзеныя сведчаць, што гарадскі цэнтр пачаў тут фарміравацца ў 11 ст. Гарадзішча старажытнага М. складаецца з 2 пляцовак. Малая, паўдн., пляцоўка, акруглай формы (50 × 55 м) займае кут мыса. Культурны пласт на гэтай пляцоўкі дасягае магутнасці 3 м, з якіх верхнія 0,75 м адносяцца да позняга сярэдневякоўя, а ніжні стратыграфічны пласт адносіцца да старажытнасцяў юхнаўскай культуры жалезнага веку. Большая, паўн., пляцоўка гарадзішча, мае трапецыяпадобную форму (50—100 × 90 м). З напольнага боку прасочваюцца рэшткі вала і рава з перамычкай у сярэдняй частцы. Культурны пласт пашкоджаны познімі могілкамі, дасягае магутнасці 2 м . У ім пад час шурфовак і збору пад’ёмнага матэрыялу сустрэты матэрыялы юхнаўскай культуры, культуры Старажытнай Русі (сланцавыя праселкі, фрагменты шкляных бранзалетаў, нажніцы і інш.) і позняга сярэдневякоўя. Упершыню М. згадваецца сярод кіеўскіх гарадоў у «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» канца 14 ст. Уваходзіў у склад Мсціслаўскага княства 12—канца 15 ст. Пасля ліквідавання апошняга быў цэнтрам самастойнай воласці Віленскага ваяводства. У 1499 зноў увашоў у склад Мсціслаўскага княства ВКЛ. Пад час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 быў захоплены Масквой. У памежным разгранічэнні 1523 паведамляецца, што «Мглин город Мстиславского повету за Московским, а всим тому естъ 20 и 3 лета зо всимъ, а подымей были тогды во Мглине пятсот, а дани хаживало 50 кадей мёду, а поголовщины 50 коп грошей широкое личбы». Згодна з Дэулінскім перамір’ем 1618 М. увашоў у склад Смаленскага ваяводства Рэчы Паспалітай. У 1626 атрымаў магдэбургскае права. У пачатку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 захоплены маскоўскім войскам, пасля чаго зноў у складзе Расіі.
© Андрэй Мяцельскі, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне