Артыкулы: Белая Русь

Белая Русь — назва розных рэгіёнаў ва Усходняй Еўропе, якая з 17 ст. найчасцей ужывалася ў дачыненні сучаснага беларускага Падняпроўя і Падзвіння (адпавядала аднаму з асноўныхрэгіёнаў ВКЛ 15—16 ст. — Русі); з 19 ст. агульнапрынятая назва ўсіх тэрыторый, беларускіх паводле тагачаснай этнаграфічнай сітуацыі, а таксама ў форме Беларусь — нацыянальная назва, прынятая ідэолагамі беларускага нацыянальнага руху ў канцы 19 ст.

Упершыню зафіксавана ў лацінскай форме «Alba Rusсia» каля 1255—1260 у геаграфічным трактаце «Апісанне земляў» (верагодна, у дачыненні да Наўгародскайрэспублікі). Шэраг звестак пра Белую Русь паходзіць з твораў паўдёва-нямецкіх паэтаў 1360-х г. —рыфмаванай хронікі Венгрыі Г. фон Мюгельна і вершаў П.Зухенвiрта пра крыжацкія наезды на Пскоў. Пад 1381 назва адзінкава (да 2-й паловы 16 ст. такая лакалізацыя не паўтараецца) аднесена да Полацка, «крэпасці Белай Русі» ў «Хронiцы Польшчы» Яна з Чарнкава. У пачатку 15 ст. часта сустракаецца ў дакументах, звязаных з канцылярыяй імператара Жыгімонта Люксембурга, у прыватнасці, у сувязі з Канстанцкім саборам 1414—1418. Першае датаванае пазначэнне Белай Русі ў картаграфіі — на круглай карце свету Фра Маўра (1457). Да канца 15 ст. абсалютная большасць упамінанняў пра Белую Русь адносіцца да тэрыторыі Наўгародскай рэспублікі; за адзіным выключэннем, усе яны лацінска- або нямецкамоўныя. Узнікненне тэрмiна «Белая Русь» і яго замацаванне ў сярэдневяковай геаграфiчнай наменклатуры, магчыма, звязана з памылковымi ўяўленнямi схаластаў пра міфічную краіну Албанiю («Белую»), якая «мяжуе на ўсходзе з Каспiйскiм морам i ўзыходзiць па ўзбярэжжы да Паўночнага акiяна» (Барталамей Англiйскi, 13 ст.). У венгерскіх крыніцах 14—15 ст. Белая Русь фігуруе як назва Галіцка-Валынскай дзяржавы. А.Латышонак лічыць такое значэнне назвы першасным, выводзячы яго ад «белых харватаў» — назвы продкаў насельніцтва Галіча, трансфармаванай у Венгрыі ў «белых русінаў» у сувязі з прэтэнзіямі каралевіча Кальмана на галіцкі трон у 1210—1220-х г.; паводле яго, «Alba Rusсia» для аўтара «Апісання земляў» — таксама Галіцка-Валынская дзяржава (уключаючы Берасцейска-Дарагічынскую, Турава-Пінскую і Новагародскую землі).

З апошняй чвэрці 15 ст. (лекцыі італьянскага гуманіста Пампонія Леты, паэма М.Баярда «Закаханы Раланд» і карта свету Г.Мартэла з Фларэнцыі) фіксуецца назва «Белая Русь» у дачыненні да нізоўяў Дона і Дняпра. Гэтая другая «Russia Alba» паслядоўна не аддзялялася ад першай, бо, паводле геагpафічных уяўленняў сяpэдневякоўя, вытокi Дона знаходзiлiся далёка на поўначы, побач з Ладажскiм возерам. Але з 1470-х г. назва ўжывалася пераважна да Маскоўскай дзяржавы Івана III. Змяненне значэння назвы «Белая Русь», зафiксаванае iтальянцамi Дж.Вольпе, Дж.Мафэi дэ Вальтэpа, А.Кантарынi, было выклiкана ўваходжаннем у 1471—1478 тэрыторыі Наўгародскай рэспублiкi ў склад Вялікага княства Маскоўскага. Вядомая еўрапейцам назва Ноўгарада як «Белая Русь» зрабiлася сiнонiмам малазнаёмай Масковii. Замацаванню ў еўрапейскай традыцыі тэрмiна «Russia Alba» у такім значэнні паспрыяла і выкарыстанне панегiрыстамi маскоўскага велiкакняжацкага дома эпiтэту «белы» ў значэннi «вялiкi», «высакародны».

Падзел Русі на Белую Русь, Чорную Русь i Чырвоную Русь у агульнапрынятым цяпер выглядзе сфарміраваўся не раней за 2-ю пал. 17 ст. i не можа лiчыцца спадчынай уласна славянскiх уяўленняў. «ЧорнаяРусь» нiколi не была аўтэнтычнай назвай Верхняга Панямоння, як i «Белая Русь» — Падзвiння i Падняпроўя. З усiх трох «каляровых» тэрмінаў першай з’явiлася менавіта назва «БелаяРусь». Тэрміны «ЧырвонаяРусь» і «ЧорнаяРусь» узніклі амаль адначасова i працяглы час канкурыравалі за права аба­значаць адны i тыя ж тэрыторыi.

Самы стары помнiк усходнеславянскага пахо­джання, у якiм упамінаецца Белая Русь — «Слово избpанное от святых писаний еже на латыню», створанае, верагодна, сербам Пахомiем Лагафетам у Ноўгарадзе каля 1461. У ВКЛ тэрмін «Белая Русь» вядомы з канца 15 ст. і ў большасці выпадкаў адносіўся да Маскоўскай дзяржавы (напрыклад, на Віда—Ляцкага карце 1542), радзей — Ноўгарада. Да часткi тэрыторыі сучаснай Беларусi, перш за ўсё да Полаччыны, назву «Белая Русь» пачалі трывала дастасоўваць у сярэдзіне 16 ст. («Гісторыя палякаў» М.Кромера, 1555). Чарговае пераасэнсаванне назвы, магчыма, было абумоўленае абставiнамi Інфлянцкай вайны 1558—1582, калі тэрмін «Белая Русь» ужываўся як агульная назва земляў (у першую чаргу Полацка), вяртання якiх Рэчы Паспалiтай патрабавала польска-лiтоўскае грамадства. Да таго ж аўтары павярхоўных гiстарычна—геаграфічных кампiляцый, што складалiся ў Заходняй Еўропе, часта змешвалi звесткi аб заваяваннi Ноўгарада Іванам III i захопе Полацка Іванам IV у 1563. У значэннi «Русь Лiтоўская» тэрмiн «Белая Русь» спачатку ўжывалi або iншаземцы (Кромер, А.Гваньiнi) або ўраджэнцы ВКЛ — прадстаўнiкi адукаваных пластоў грамадства заходняй арыентацыi, у т.л. С.Рысiнскi, які ўпершыню свядома ўжыў тэрмін «leucorussus» (грэч.-лац. «беларус») як этнічную саманазву (1586). У канцы 16—пачатку 17 ст. назва «Белая Русь» трапіла з твораў польскiх гiсторыкаў i публiцыстаў у хронiкi ВКЛ (М.Стрыйкоўскага, «Хpонiку Лiтоўскую i Жамойцкую» і iнш.).

Пашырэнне выкарыстання назвы «Белая Русь» у афiцыйных колах Маскоўскай дзяржавы i ў правасл. актывістаў Рэчы Паспалiтай пачалося амаль адначасова, з 1620-х г. Назва «Белая Русь» адразу набыла выразную iдэалагiчную афарбоўку: яе асноўным зместам на стагоддзi зрабiлася iдэя аб’яднання (а пазней — захавання) усiх «рускiх» земляў пад уладай Масквы. У расійскіх афiцыйных дакументах 1640—1650-х г. у склад Белай Русі ўкраінскія тэрыторыi ўключалi часцей, чым беларускiя, а тэрмiнам «белоруское письмо» абазначалi ўсю сукупнасць графiчных i лексiчных асаблiвасцей, якiя адрознiвалi т.зв. «заходнярускую» пiсьмовую мову ад рускай мовы Маскоўскай дзяржавы. Аднак назвы «Украiна» і «Малая Русь» хутка выцеснiлi «Белую Русь» з ужытку ў гэтым значэннi. «Белая Русь» у значэннi «Расiйская дзяржава» сустракаецца на некаторых еўрапейскiх картах нават у 18 ст., але ўсё радзей. З сярэдзіны 17—пачатку 18 ст. геаграфічная прывязка назвы стабiлiзавалася: яна канчаткова замацавалася за часткай земляў ВКЛ, якія здаўна называліся «Русь» (у вузкiм сэнсе), у адрозненне ад уласна «Літвы», што стабільна фіксуецца еўрапейскай картаграфіяй (карты Г. дэ Баплана і інш.). І.Марзалюк вызначае тэрмін «беларусец» 17 ст. як «канфесіёнім і зямляцкі этнікон, вытворны ад тапоніма Белая Русь», адмаўляючы этнічнае напаўненне гэтага тэрміна нават ва ўсходняй Беларусі. У Расійскай імперыі пад Белай Руссю разумелі частку этнічных беларускіх тэрыторый, далучаных пры першым і другім падзелах Рэчы Паспалiтай, а таксама Смаленшчыну; Віленская, Ковенская і Гродзенская губерні лічыліся літоўскімі. Назва «Белая Русь» выкарыстоўвалася як у афіцыёзным кантэксце, як неад’емная частка «трыадзінай Русі», так і патрыятычнымі дзеячамі з мясцовай шляхты (А.Рыпінскі, Я.Баршчэўскі і інш.) як назва асобнага краю, што належыць да палітычнай прасторы Рэчы Паспалітай і разам з ёй да заходняеўрапейскай цывілізацыі.

Такi стан рэчаў у асноўным захаваўся да пачатку 1890-х г., калi дзеячамі беларускага нацыянальнага руху і дэмакратычнымі коламі расійскай навукі (Ф. Багушэвіч, энцыклапедычны слоўнік Бракгаўза і Эфрона) «Белая Русь» пачала выкарыстоўвацца як назва ўсёй краiны, якая з цягам часу стане незалежнай Рэспублiкай Беларусь (асобныя выпадкі дастасоўвання назвы і да заходняй, і да ўсходняй Беларусі прасочваюцца з канца 18 ст.).

Пачынаючы з сярэдзіны 16 ст. (С.Герберштэйн) рабіліся шматлікія спробы растлумачыць этымалогію назвы «Белая Русь». У БССР з 1960-х г. былі найбольш пашыраны версіі пра паходжанне назвы ад белага колеру адзення ці антрапалагічнага тыпу насельніцтва або ад часовай незалежнасці (якая быццам бы апісвалася эпітэтам «белая») у 13 ст. часткі беларускіх земляў і ад ВКЛ, і ад татараў. Гісторыя назвы «Белая Русь» — яскравая iлюстрацыя эвалюцыі еўрапейскай геаграфiі ад чыста разумовага апiсання розных, часта фантастычных, краiн i народаў у сярэднявеччы, да дакладнай навукi ранняга Новага часу. Прынесеная ў Беларусь звонку, назва «Белая Русь» сведчыць пра лучнасць яе гістарычнага лёсу з лёсам еўрапейскай цывілізацыі.

Літаратура:

Замысловский Е.Е. Геpбеpштейн и его истоpико-геогpафические известия о России. СПб., 1884;

Witkowska M.H.S. Vita sanctae Kyngae ducissae Cracoviensis // Roczniki humanistyczne. 1961. Z. 2;

Ostrowski W. About the origin of the name «White Russia». London, 1975;

Colker M.L. America rediscovered in the thirteenth century? // Speculum. 1979. № 4;

Порецкий Я.И. Соломон Рысинский. Solomo Pantherus Leucorussus. Мн., 1983;

Савельева Е.А. Hовгоpод и Hовгоpодская земля в западно­евpопейской каpтогpафии XV—XVI вв. // Геогpафия России XV—XVIII вв.: (по сведениям иностpанцев). Л., 1984;

Alexandrowicz S. Rozwój kartografii Wielkiego Księstwa Litewskiego od XV do połowy XVIII wieku. 2 wyd. Poznań, 1989;

Імя тваё «Белая Русь». Мн., 1991;

Насевіч В., Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага // З глыбі вякоў: Наш край. Мн., 1996. Вып. 1;

Мыльников А.С. Картина славянского мира: взгляд из Восточной Европы. Представления об этнической номинации и этничности XVI—начала XVIІІ в. СПб., 1999;

Белы А. Хроніка Белай Русі = Chronicon Russiae Albae: Нарыс гісторыі адной геагр. назвы. Мн., 2000.

Марзалюк І.А. Людзі даўняй Беларусі: этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы (Х—XVIІ ст.). Магілёў, 2003;

Łatyszonek O. From White Russia to Belarus? // Annus Albaruthenicus. 2004. Krynki, 2004.

© Алесь Белы, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

jippilm 2021-06-02 23:03:42
<a href=http://gcialisk.com/>can you buy cialis online[/url]

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.