Артыкулы: Магнус (Монс) Олаўс

Магнус (Монс) Олаўс (Magnus, Mons) (кастр. 1490—1.8.1558) — шведскi каталiцкi святар, асветнiк. Высланы са Швецыi як працiўнiк Рэфармацыi, але выконваў дыпламатычныя даручэннi караля Густава I Вазы, часам iнш. манархаў, у т.л. вял. князя літоўскага i караля польскага Жыгiмонта I Старога. Збiраў матэрыялы па гiсторыi i геаграфii Усх. Еўропы, падтрымлiваў кантакты з Б.Вапоўскiм. Аўтар «Гiсторыi паўночных народаў» («Historia de gentibus septentrionalibus», Рым, 1555), якая змяшчала гiст. i этнаграфічныя звесткi пра ВКЛ, падрабязна апiсвала пасольства дыпламата ВКЛ М.Гедройца ў Маскву ў 1551. На «Марской карце Скандынавii» («Carta marina et descriptio septemtrionalium terrarum…», Венецыя, 1539) змясцiў Белую Русь i Чорную Русь (Russia alba, Russia regalis nigra), якiя, на яго думку, не ўваходзiлi ў ВКЛ або Маскоўскую дзяржаву i былi лакалiзаваныя ў Паўн.-Зах. Русi. Белая Русь, у якую М. уключаў Iжорскую зямлю, пазначана памiж Фiнскiм залiвам i Чудскiм воз. i аддзелена р. Нарова ад Маскоўскай дзяржавы; Чорная Русь — на ПдЗ ад Белай Русi, памiж р. Вялiкая i Зах. Дзвiна. Прытрымлiваўся традыцыi, паводле якой у зах.-еўрап. пiсьмовых крынiцах («Апiсанне зямель» з Дублiнскага рукапiсу 13 ст., «Трактат пра дзве Сарматыi» Мацея з Мехава, «Кнiга пра Маскоўскае пасольства» П.Джовiя) i на картах (Фра Маўра 1459, Эйхштэцкай 1491, Р.Райша 1513 i iнш.) Белую Русь змяшчалi на У ад Скандынавii, у ваколiцах Ноўгарада, лiчачы яе iнш. назвай Наўгародскай зямлi або яе часткi, заселенай вессю (вепсамi).

Лiтаратура:

Савельева Е.А. «Морская карта» Олауса Магнуса и ее значение для европейской картографии // История географических знаний и открытий на Севере Европы. Л., 1973;

Яе ж. Олаус Магнус и его «История северных народов». Л., 1983.

© Алесь Белы, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.