Артыкулы: Матушэвіч Марцін

Матушэвіч Марцін (11.11.1714, в. Ельна Берасцейскага пав.—21.11.1773) — дзяржаўны дзеяч ВКЛ, пісьменнік-мемуарыст, перакладчык.

Вучыўся ў парафіяльнай школе ў Камянцы, потым у езуітаў у Дарагічыне, Берасці і Варшаве. Берасцейскі гродскі пісар з 1738, падстолі з 1740, пісар з 1752. Як і яго бацька, належаў да кліентэлы Сапегаў. У час бескаралеўя 1733—36 далучыўся да канфедэрацыі ў абарону Станіслава Ляшчынскага. У пач. 1740-х г. усталяваў кантакты з падканцлерам ВКЛ М.Чартарыйскім, у сярэдзіне 1740-х г. разарваў з Сапегамі і перайшоў у шэрагі кліентаў Чартарыйскіх. З пераходам Чартарыйскіх у апазіцыю да каралеўскага двара ў 1750—52 М. далучыўся да кліентаў дворскіх саюзнікаў у ВКЛ Радзівілаў. Адначасова пачалася яго судовая справа з Чартарыйскімі, якіх ён абвінаваціў у распусканні плётак пра яго нібыта нешляхецкае паходжанне. Гэтая судовая справа стала адной з асноўных ў паліт. барацьбе паміж Радзівіламі і Чартарыйскімі ў 1755—56. У студз. 1757 М. заключыў з Чартарыйскім кампраміснае пагадненне аб прыпыненні ўсіх судовых спраў. У 1756 усталяваў кантакт з лідэрам прафранцузскай партыі ў Рэчы Паспалітай, вял. каронным гетманам Я.К.Браніцкім і французскім паслом Дзюрандам. Далей працягваў супрацоўнічаць і з Радзівіламі, і з Браніцкім. У час бескаралеўя 1763—64 перайшоў на бок Чартарыйскіх і далучыўся да генеральнай канфедэрацыі ВКЛ. Хутка вярнуўся да сваіх ранейшых пратэктараў і далучыўся да Радамскай канфедэрацыі (у 1767 яе генеральны сакратар). З 1768 берасцейскі кашталян. Прыхільна ставіўся да Барскай канфедэрацыі, але ўдзелу ў ёй не прыняў. Вядомы як аўтар мемуараў «Дыярыуш майго жыцця, колькі магу памятаць». У іх паказаны ўнутрыпаліт. падзеі ў ВКЛ, норавы і звычаі шляхты (у першую чаргу Берасцейскага пав.), шляхецкая ментальнасць. Пераклаў у 1752—60 на польскую мову «Сатыры» Гарацыя (выдадзены ў 1784 у Вільні), далучыў да іх 3 свае вершаваныя «Дадаткі». Пісаў вершы на польскай і лацінскай мовах.

Творы:

Diariusz życia mego. T. 1—2. Warszawa, 1986;

Бел. пер. — Дыярыюш жыцьця маяго... // Спадчына. 1996. № 5; 1997. № 1—2.

Літаратура:

Królikowski B. Marcina Matuszewicza o czasach saskich świadectwo // Kwartalnik historyczny. 1968. Z. 2;

Zielińska Z. Mechanizm sejmikowy i klientela radziwiłłowska za Sasów // Przegląd historyczny. 1971. Z. 3;

Бирало А. Философская и образовательная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII—середине XVIII вв. Мн., 1971;

Яго ж. Философские проблемы в науке эпохи Просвещения в Белоруссии и Литве. Мн., 1979;

Мальдзіс А. Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі. Мн, 2001;

Мацук А. Дыярыюш М.Матушэвіча і ўздзеянне ідэй Асветніцтва на шляхту ВКЛ // Асветніцтва і гуманістычныя ідэі ў рэтраспектыве часу. Мн., 2002.

© Андрэй Мацук, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.