Артыкулы: ваявода
ваявода — урад (пасада) у ВКЛ.
У 14—15 ст. намеснік князя з судова-адм. і ваен. функцыямі (узначальваў дружыну) у некат. княствах, якія ўвайшлі ў склад ВКЛ. З 15 ст. сталы дарадца (радны пан) вял. князя літоўскага і намеснік манарха ў вял. правінцыі — ваяводстве, вайсковы i цывільны правiцель, а да рэформы сярэдзіны 1560-х г. звычайна і вышэйшы суддзя ваяводства. З 1569 пажыццёвы сенатар Рэчы Паспалітай.
Да канца 15 ст. тэрмінам В. называлі як вышэйшых правіцеляў зямель у этнічнай Літве, так і правіцеляў некат. русінскіх зямель. Часам гэты тытул ужываўся і да правіцеляў ніжэйшага рангу. Шырокае распаўсюджанне ваяводскага тытула, відаць, звязана з тэрміналагічным супадзеннем тытулаў русінскага В. (з судова-адм. функцыямі) і ваяводы-палаціна польскага тыпу, уведзенага Гарадзельскім прывілеем 1413. В. з адм. функцыямі існавалі ў Галіцка-Валынскім княстве, Чарнігава-Северскай зямлі, на Падляшшы, Валыні, Палессі і ў Жамойці. У адпаведнасці з Гарадзельскімпрывілеем ваяводамі-палацінамі польскага тыпу сталі гал. намеснiкі вял. князя літоўскага ў былых Вiленскiм і Троцкiм княствах (але і да гэтага часу правіцель Вільні Манівід у лацінскіх дакументах называўся «palatinus» ці «voyewoda»). Аднак адбывалася не простае запазычванне тэрміналогіі польскай палiт. сiстэмы, ішоў працэс размежавання сфер дзейнасцi памiж абласнымi правiцелямi неаднолькавай кампетэнцыi. Была запазычана і пачала ажыццяўляцца ідэя В. як галавы і прадстаўніка мясц. рыцарства (шляхты). У адносінах да віленскага і троцкага намеснікаў гэта выявілася ў пашырэнні іх кампетэнцыі як военачальнікаў на тыя тэрыторыі, якія не знаходзіліся пад іх уладай як гал. намеснікаў. У 1558—79 вiленскі В. заўжды займаў канцлерскую пасаду (такое злучэнне было зручным, бо канцлер знаходзiўся тады ў тым жа месцы, што i дзярж. канцылярыя разам з яе архiвам). Віленскі і троцкі В. часам сумяшчалі свае пасады з пасадамі земскага (найвышэйшага) маршалка і вял. гетмана. Да 1540-х г. вiленскiя i троцкiя В. былi выключна католікамі лiтоўскага паходжання. Гарадзельскі прывілей гарантаваў першыя месцы ў гаспадарскай радзе пасля віленскага біскупа 4 найвышэйшым свецкім дастойнікам дзяржавы — віленскаму В., троцкаму В., віленскаму кашталяну і троцкаму кашталяну. Відаць, тое, што Петраш Мантыгірдавіч пэўны час спалучаў пасады земскага маршалка і новагародскага намесніка, паўплывала на высокае месца новагародскага намесніка ў іерархіі, таму яго і некат. яго наступнікаў часта тытулавалі як В. Канчатковае ператварэнне намеснiкаў новагародскiх у ваявод-палацінаў звязваюць з перамяшчэннем I.Л.Глiнскага з пасады кiеўскага В. ў Новагародак у канцы 1506—пач. 1507. З 1471 тытул ваяводы-палаціна канчаткова атрымаў кiеўскi намеснік, а ў пач. 16 ст. — гал. намеснiкі Полацкай (1504), Вiцебскай (1506) і Смаленскай (1508—14) зямель (яны часам называліся В. і ў дакументах 15 ст.). У Жамойцкім княстве значэнне В. перайшло да генеральнага старасты. У 1513 створана Падляшскае ваяв. У дачыненні да гал. намеснікаў Кіеўскай, Полацкай і Віцебскай зямель ідэя В. замацавала тое значэнне, якое перайшло да іх у спадчыну ад удзельных князёў. Смаленскі намеснік Ю.Глябовіч і да перайменавання яго пасады ў В. (1508) быў паліт. прадстаўніком і военачальнікам акругі, межы якой значна перавышалі межы яго судова-адм. павета.
У час сістэмнай рэформы дзярж. ладу ВКЛ 1565—66 Валынь была падзелена на Валынскае і Брацлаўскае ваяводствы. У той жа час са складу Віленскага і Троцкага ваяводстваў вылучаны Берасцейскае, Менскае і Мсціслаўскае ваяводствы. На Люблінскім сойме 1569 не было станоўча вырашана пытанне аб утварэнні Гарадзенскага і Ковенскага ваяводстваў, але адноўлена тытулярная пасада смаленскага В., які да часу вяртання Смаленшчыны ў склад ВКЛ мог адначасова займаць пасаду судовага старасты ў інш. паветах. Канчаткова склалася іерархія ваяводскіх пасад. ВКЛ у Сенаце да 1793 прадстаўляла 9 В. (віленскі, троцкі, смаленскі, полацкі, новагародскі, віцебскі, берасцейскі, мсціслаўскі і менскі, а таксама стараста жамойцкі). У Інфлянтах, якія былі кандамініумам (супольным уладаннем) Кароны Польскай і ВКЛ, спачатку былі ўтвораны Вендэнскае, Парнаўскае і Дорпацкае ваяводствы. На Варшаўскiм сойме 1677 створана Інфлянцкае ваяводства (княства). Канстытуцыя Гарадзенскага сойма 1793 прадугледжвала існаванне ў ВКЛ пасад В. у 8 ваяводствах: Віленскім, Троцкім, Жамойцкім, Новагародскім, Мерацкім (замест Смаленскага), Берасцейскім, Браслаўскім і Гарадзенскім. Былі скасаваны ўрады ваявод і кашталянаў полацкіх, віцебскіх, мсціслаўскіх, менскіх і інфлянцкіх. За В. скасаваных ваяводстваў тытулы і месца ў Сенаце былі захаваны пажыццёва.
Права прызначэння В. належала вял. князю, які прызначаў на гэту пасаду ураджэнцаў ВКЛ, якія належалі да шляхецкага стану, выявілі свае здольнасці на ніжэйшых па значэнні земскіх, вайсковых ці прыдворных пасадах, пажыццёва цi да прызначэння на больш высокую пасаду. Часта В. (асабліва віленскі і троцкі) прызначаліся з ліку буйнейшых і знатных феадалаў. У адпаведнасці са Статутам ВКЛ 1566 пры адсутнасці вял. князя на тэр. ВКЛ В. быў абавязаны арганізаваць скліканне і кантраляваць правядзенне з’ездаў па выбары кандыдатаў на вакантныя пасады ў земскім судзе, а ў адпаведнасці са Статутам ВКЛ 1588 і элекцыйных соймікаў В. адказваў за скліканне і правядзенне перадсоймавых і паслясоймавых соймікаў цэнтральнага павета ваяводства. Лісты вял. князя да паноў радных (у т.л. В.) указвалі, на які соймік кожны з іх мае прыбыць, але не абмяжоўвалася іх права прысутнічаць на сойміку інш. павета. Гарадзенскі сойм 1567 устанавіў нават матэрыяльную адказнасць у памеры 5 коп грошаў за адсутнасць В. на сойміку, але Статут 1588 ужо не прадугледжваў такой адказнасці. Калі В. прысутнічаў на любым сойміку на тэр. свайго ваяводства, то звычайна станавіўся соймікавым маршалкам (старшынёй). В. прымаў прысягі земскіх судовых ураднікаў. Адной з гал. задач В. было захаванне правапарадку ў ваяводстве, для падтрымання якога ён мог выкарыстоўваць ураднiкаў i слуг, склiкаць шляхецкае апалчэнне. У час паспалітага рушэння В. збіралі пад харугвы ваяводства апалчэнні з паветаў, якія знаходзіліся ў іх уласным трыманні (дзяржанні), з паветаў намеснікаў-дзяржаўцаў і цівуноў (пасля рэформы сярэдзіны 16 ст. — павятовыя харугвы), апалчэнні князёў і паноў, якія шлі пад сваімі ўласнымі харугвамі. Пасля гэтага В. павінны былі весці паспалiтае рушэнне свайго ваяводства да месца збору войска ВКЛ і камандаваць сваёй харугвай, выконваючы загады гетмана ці вял. князя. В. складалі «попісы» маёнткаў ваеннаслужылых землеўладальнікаў.
Ад удзельных князёў да В. перайшла і вышэйшая судова-адм. ўлада ў акругах, якія былі асобнымі ўладаннямі ва ўдзельны перыяд. Улада В. была розная ў адносінах да розных катэгорый насельніцтва ваяводства. У тых межах, дзе В. былі намеснікамі-дзяржаўцамі, ваяводскі ўрад і функцыянаваў як урад дзяржаўцы. Ваявода загадваў гаспадаркай на замкавых землях, меў абавязак збіраць падаткі і чыніць суд сярод сялян, якія жылі ў яго ўладаннях. Усе здзелкі сялян, якія тычыліся зямлі у межах яго дзяржавы, павінны былі адбывацца з яго згоды. Усе ўраднікі на тэр. ваяводства выконвалі свае абавязкі пад агульным наглядам і кіраўніцтвам В. Ён здзяйсняў кантроль і над гарадамі, што не мелі магдэбургскага права. У некат. выпадках ваявода меў права дзейнічаць ад імя вял. князя (рабіць зямельныя падараванні, дазваляць зямельныя здзелкі з удзелам шляхты і інш.). В. меў права наглядаць над мерамі і вагамі, устанаўліваць цэны на рамесныя вырабы і напоі. Полацкі В. меў пацверджанае дакументальна права зносін з замежнымі краінамі. Як вышэйшы судовы ўраднік правінцыі В. павінен быў арганізаваць дзейнасць ваяводскага суда, якому не падлягалі толькі некат. буйныя князі і паны, асобы, якія мелі дадзеныя вял. князем «закривальные листы», а таксама духавенства, падданыя князёў, паноў і інш. шляхты. Да судовай рэформы сярэдзіны 1560-х г. ваяводскі суд разглядаў самыя разнастайныя справы: скаргі падданых вял. князя на суды дзяржаўцаў і цівуноў, зямельныя і інш. маёмасныя спрэчкі, справы аб выкананні дзяржаўна-земскіх павіннасцей, зборы падаткаў, крымінальныя справы і інш. Суд В. мог быць судом 1-й ці 2-й інстанцыі і разглядаў часам як суд 1-й інстанцыі нават справы гаспадарскіх сялян. У адпаведнасці з соймавай ухвалай 1544 ваяводскі суд стаў абавязковым судом 2-й інстанцыі ў адносінах да судоў старастаў і дзяржаўцаў, у 1551 — судом 2-й інстанцыі ў адносінах да суда падваяводы. Пасля рэформаў сярэдзіны 1560-х г. В. ўзначалілі гродскія суды з дакладна вызначанай кампетэнцыяй у цэнтр. паветах сваіх ваяводстваў. Ваяводы берасцейскі, мсціслаўскі і менскі не атрымалі, аднак, адразу судовую і адм. кампетэнцыю ў цэнтр. паветах сваіх ваяводстваў, дзе захаваліся пасады судовых старастаў. Пасля рэформы гродскія суды разглядалі пераважна крымінальныя, часам і цывільныя справы. З 1578 абавязкам В. стала арганізацыя правядзення папярэдняга следства па найб. цяжкіх крымінальных справах. Засталося у В. права разбіраць судовыя спрэчкі, у якіх адказчыкамі былі яўрэі. На час сваёй адсутнасці ў ваяводстве В. прызначаў намесніка (падваяводу), якому перадаваў усю сваю ўладу, у т.л. судовую. У адпаведнасці са Статутамі 1566 і 1588 абавязкам ваяводы было прызначэнне гродскага суддзі і гродскага пісара, зацвярджэнне на пасадах павятовых возных. В. меў даходы з замкавых зямель і гандлю, часам атрымліваў юргельт (гадавую плату з дзярж. скарбу). Некат. В. атрымлівалі ад вял. князя права трымаць карчму.
Літаратура:
Лаппо И.И. Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской Унии до смерти Стефана Батория (1569—1586). Т. 1. СПб., 1901;
Леонтович Ф.И. Областное управление в Великом Княжестве Литовском до и после Люблинской унии // Юрид. записки, издаваемые Демидовским юрид. лицеем. Ярославль, 1908. Вып. 2; 1909. Вып. 1—2. 1910. Вып. 1;
Kutrzeba S. Historia ustroju Polski w zarysie. T. 2. Litwa. Lwów; Warszawa, 1914;
Honik Z. Urząd podwojewodziego w Wielkiem Księstwie Litewskim: Studjum historyczne. Wilno, 1935;
Lulewicz H. Skład wyznaniowy senatorów świeckich Wielkiego Księstwa Litewskiego za panowania Wazów // Przegląd historyczny. 1977. Z. 3;
Płaza S. Historia prawa w Polsce: Zarys wykładu. Cz. 1: Polska przedrozbiorowa. Kraków, 1989;
Старостина И.П. Судебник Казимира 1468 г. // Древнейшие государства на территории СССР, 1988—1989. М., 1991;
Bardach J., Leśnodorski B., Pietrzak M. Historia ustroju i prawa polskiego. 4 wyd. Warszawa, 1998;
Kaczorowski W. Biskipi, wojewodowie wileńscy na sejmach za Zygmunta III Wazy // Wilno—Wileńszczyzna jako krajobraz i środowisko wielu kultur. Białystok, 1992. T. 2;
Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego: Spisy. Т. 1, 4. Warszawa, 2003.
© Андрэй Радаман, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне



Radaman 2017-11-17 08:59:06
У 1458–1579 вiленскі В. заўжды займаў канцлерскую пасаду (такое злучэнне было зручным, бо канцлер знаходзiўся тады ў тым жа месцы, што i дзярж. канцылярыя, разам з яе архiвам). Віленскі і троцкі В. часам сумяшчалі свае пасады з пасадамі земскага (найвышэйшага) маршалка і вял. гетмана. Да 1540-х г. вiленскiя i троцкiя В. былi выключна католікамі лiтоўскага паходжання (за выключэннем Канстанціна Астрожскага, які займаў урад троцкага ваяводы ў 1522-1530 гг.