Артыкулы: Весялоўскія
Весялоўскія — шляхецкі род герба «Агончык» зменены.
Вядомы з 16 ст. Паводле К.Нясецкага, карані роду ў Леньчыцкім ваяв. (Польшча), дзе валодалі маёнткам Весялова. Адна з ліній роду атрымала ў 1780 графскі тытул у Аўстрыі, але згасла ў 1867.
Найбольш вядомыя:
Пётр (?—1556), абозны каронны з 1546, стараста мсцібаўскі і мяцельскі.
Бальцэр (?—да 27.2.1600), падстараста ваўкавыскі ў 1588—89 (пакінуў пасаду паводле дэкрэта Трыбунала ВКЛ), войт ваўкавыскі з 1592.
Пётр (?—пасля 10.9.1619), сын Пятра. Каралеўскі сакратар, падскарбі надворны ВКЛ у 1590—98, маршалак надворны ВКЛ у 1598—1615, маршалак вялікі ВКЛ з 1615; стараста тыкоцінскі, ковенскі з 1592. Адзін з 6 прадстаўнікоў ад шляхецкага стану на канвакацыйным сойме 1573. Фундатар касцёла ў Беластоку.
Крыштоф (?—19.4.1637), сын Пятра. Падстолі ВКЛ у 1600—04, стольнік ВКЛ у 1604—20, крайчы ВКЛ у 1620—22, маршалак надворны ВКЛ у 1622—35, маршалак вялікі ВКЛ з 1635; цівун віленскі з 1610, стараста мельніцкі, тыкоцінскі, суражскі, гараднічы гарадзенскі з 1623, адміністратар Гарадзенскай эканоміі, ляснічы новагародскі (?); маршалак соймаў 1609 і 1618. Удзельнічаў у выправе ў Швецыю ў 1598, у час якой трапіў у караблекрушэнне. Актыўна падтрымаў Жыгімонта III у час Зэбжыдоўскага рокашу 1606—09. На сойме 1620 прызначаны камісарам па размежаванні Падляшскага і Берасцейскага ваяводства. Удзельнічаў у войнах з Маскоўскай дзяржавай, Швецыяй і Турцыяй. Фундаваў касцёлы ў Дамброве, Хадарове, Квасаве, Завадах, Луннай, кляштар брыгітак у Гародні, шпіталь для жаўнераў у Тыкоціне, які ў 1633 перадаў у дар Рэчы Паспалітай (да шпіталя прыпісаў в. Далістава ў Падляшскім ваяв.).
Мікалай (?—19.10.1634), сын Пятра. Кухмістр ВКЛ у 1611—23, стольнік ВКЛ у 1623—26, крайчы ВКЛ у 1626—30, падчашы ВКЛ у 1630—33, кашталян жамойцкі з 1633; стараста дзісенскі з 1606 і ковенскі з 1621.
Літаратура:
Niesiecki K. Herbarz Polski. T. 9. Lipsk, 1842;
Dunin-Borkowski J.S. Rocznik szlachty polskiej. Lwów, 1881;
Kojałowicz W. Herbarz rycerstwa W. X. Litewskiego, tak zwany Compendium. Kraków, 1897;
Urzędnicy dawnej Rzeczypospolitej XII—XVIII w.: Spisy. Т. 10—11. Kórnik, 1992—94;
Радаман А. Да пытання аб прызначэннях палякаў на дзяржаўныя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім у канцы XVI ст. // На шляхах да ўзаемаразумення. Мн., 2000;
Яго ж. Справа аб парушэнні ваўкавыскім старостай Крыштафам Монвідам Дарагастайскім парадку ўступлення на пасаду і прынцыпаў прызначэння ўраднікаў гродскага суда і яе адлюстраванне ў дакументах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі // Архіварыус. Мн., 2004. Вып. 2.
© Андрэй Радаман, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


