Артыкулы: галоўны з’езд Вялікага княства Літоўскага

галоўны з’езд Вялікага княства Літоўскага (генеральны з’езд) — надзвычайны агульнадзяржаўны саслоўна-прадстаўнічы орган.

Збіраўся з 1572. Яго існаванне напачатку не было прадугледжана пісаным правам дзяржавы. Кампетэнцыя і парадак дзейнасці гал. з’езда вызначаліся нормамі шляхецкага звычаёвага права і паліт. рашэннямі, якія прымаліся ў кожным канкрэтным выпадку. Звычайна на гал. з’ездах прысутнічалі сенатары і ўпаўнаважаныя прадстаўнікі павятовых і ваяводскіх шляхецкіх карпарацый, часам прадстаўнікі духавенства і прывілеяваных гарадоў (у першую чаргу Вільні).

Адрозніваюць 3 тыпы гал. з’ездаў. Да 1-га адносяцца генеральныя з’езды ВКЛ, якія склікаліся сенатарамі ВКЛ у час бескаралеўя; да 2-га — генеральныя з’езды (канвакацыі, ад лац. convocatio з’езд, сход), якія склікаліся вял. князем літоўскім; да 3-га — з’езды, ініцыятарамі склікання якіх у час панавання манарха былі прадстаўнікі шляхецкай супольнасці (пры гэтым не абавязкова сенатары). Розны і генезіс гэтых з’ездаў. Некат. даследчыкі няслушна называюць соймам ВКЛ Г.з.В.к.Л., які ўзнік насуперак пастановам Люблінскай уніі 1569. На думку А.Рахубы, канвакацыі былі рудыментам сойма ВКЛ хутчэй у ідэйным ці прапагандысцкім сэнсе, чым фармальна.

З’езды, якія прымалі ўхвалы ад імя станаў ВКЛ, пачалі збірацца ўжо ў час бескаралеўя пасля смерці вял. князя Жыгімонта Аўгуста (1572). Яны сапраўды ўзыходзілі да традыцыі соймаў ВКЛ. На іх паліт. эліта ВКЛ вырашала пытанні забеспячэння знешняй бяспекі дзяржавы, вызначала прынцыпы арганізацыі ўлады, акрэслівала пазіцыю ВКЛ у адносінах з Каронай Польскай і кандыдатамі на трон. У працы гэтых з’ездаў акрамя сенатараў і паслоў ад паветаў маглі браць удзел цэнтр. ўраднікі ВКЛ і прадстаўнікі гарадоў і духавенства (у 17 ст. зафіксаваны ўдзел і дэпутатаў Трыбунала ВКЛ). Маглі адбывацца як агульныя, так і адасобленыя пасяджэнні рыцарскага і сенатарскага колаў. Часам на з’езды ў час бескаралеўя запрашаліся ўсе шляхціцы, якія мелі права ўдзельнічаць у элекцыйных соймах. Соймік Віленскага і Троцкага ваяводстваў, які адбыўся ў Рудніках у канцы вер. 1572 і на якім прысутнічалі шматлікія сенатары, быў, па сутнасці, першым нефармальным дзярж. з’ездам ВКЛ, які супярэчыў умовам Люблінскай уніі. У час першых бескаралеўяў гал. з’езд браў на сябе адказнасць за вырашэнне нават тых пытанняў, якія знаходзіліся выключна ў кампетэнцыі супольнага вальнага сойма (публічныя фінансы разам з ухваленнем падаткаў, абарона краіны, знешняя палітыка) ці манарха (прызначэнні на дзярж. пасады). Гал. з’езд, які адбыўся ў Вільні ў кастр.—ліст. 1574, ужо меў дакладна вызначанае прадстаўніцтва. На ім быў ухвалены «Парадак святой справядлівасці» — нарматыўны акт, які вызначаў парадак дзейнасці судоў ВКЛ да вяртання ў дзяржаву Генрыка Валезы ці да новай элекцыі. У адпаведнасці з рашэннямі, ухваленымі ў маі—чэрв. 1576 на дзярж. з’ездзе ВКЛ у Мсцібаве, вял. князем літоўскім быў прызнаны Стафан Баторый. У час бескаралеўя пасля смерці Стафана Баторыя Г.з.В.к.Л. збіраліся ў Вільні ў студз., кастр. і ліст. 1587. 29.1.1587 на дзярж. канвакацыйным з’ездзе ў Вільні ўпершыню прыняты нарматыўны прававы акт, які рэгламентаваў парадак арганізацыі і дзейнасці каптуровых судоў ВКЛ. На дзярж. з’ездзе ВКЛ, які адбыўся ў Вільні ў ліст. 1587, адбылася нефармальная элекцыя вял. князя.

Агульнадзярж. з’езды ВКЛ, якія адбыліся ў час бескаралеўяў пасля смерці Жыгімонта III і Уладзіслава IV, істотна адрозніваліся ад папярэдніх, бо стаўленне значнай часткі паліт. эліты ВКЛ да склікання асобных ад Кароны з’ездаў ВКЛ змянілася. У 1632 ініцыятарамі склікання гал. з’езда для забеспячэння бяспекі ВКЛ і яго арганізатарамі былі віленскі біскуп А.Война, гетман польны К.Радзівіл і маршалак Трыбунала ВКЛ М.Трызна; у 1648 — зноў Война разам з польным гетманам, старастам жамойцкім і маршалкам Трыбунала ВКЛ Я.Радзівілам, жамойцкім біскупам Е.Тышкевічам, троцкім ваяводам М.Абрамовічам і інш. Праціўнікамі склікання з’ездаў ВКЛ былі віленскі ваявода Л.Сапега (у 1632) і яго сын — падканцлер К.Л.Сапега (у 1648), якія даводзілі, што асобныя канвакацыі ВКЛ парушаюць умовы Люблінскай уніі і нормы Статута ВКЛ. Сапраўдная прычына пратэстаў Сапегаў, на думку Г.Віснера, хаваецца ў супярэчнасці інтарэсаў груповак Радзівілаў і Сапегаў, а таксама ў боязі ўзмацнення ў дзяржаве партыі Я.Радзівіла (пераважна пратэстантаў) у 1648. Пасля адрачэння ад трона Яна ІІ Казіміра і пасля смерці Міхала Вішнявецкага паліт. эліта не збіралася на агульнадзярж. з’езды ВКЛ. 26.9.1707 абвешчана скліканне апошняга з’езда такога тыпу на пачатак снежня ў Новагародку, але ён ператварыўся ў канферэнцыю станаў ВКЛ.

Генезіс гал. з’ездаў, якія склікалі манархі, застаецца спрэчным. Яны або перанялі традыцыю вырашаць істотныя дзярж. пытанні ад з’ездаў часоў бескаралеўя, або заступалі пры неабходнасці гал. (генеральныя) соймікі ВКЛ. Бясспрэчна, што манарх спрабаваў іх выкарыстаць для дасягнення ўласных паліт. мэт. Першы гал. з’езд у час панавання манарха (прызнаецца даследчыкамі і першым генеральным соймікам ВКЛ, бо ў тагачасных дакументах ён выступае як «соймик валный» або «сойм Волковыйский») скліканы Стафанам Баторыем у 1577 у Ваўкавыску ў сітуацыі, калі Торунскі сойм разышоўся без ухвал, а вял. князь тэрмінова павінен быў знайсці сродкі на вядзенне вайны. Вальны сойм Рэчы Паспалітай не быў скліканы, а ў каронных правінцыях з гэтымі мэтамі склікаліся гал. соймікі. З’езд у Ваўкавыску ўхваліў падатак на абарону толькі ВКЛ і адзначыў, што скліканне манархам павятовых соймікаў і гал. сойміка без склікання сойма парушае правы і вольнасці ВКЛ, паколькі соймікі павінны склікацца толькі перад вальным соймам. У наступныя гады пры Стафане Баторыю гал. з’езд амаль заўжды адбываўся ў Вільні. У 1578 пасяджэнні павінны былі адбыцца ў Новагародку, але пазней было вырашана перанесці з’езд у Вільню (ці адбыўся, дакладна невядома). У Вільні прайшлі і гал. з’езды 1580 і 1584. Гал. з’езд 1582 у Ваўкавыску быў адначасова гал. соймікам. Жыгімонт III Ваза склікаў гал. з’езды ў 1588 (Вільня, перанесены ў Ваўкавыск), 1591, 1592, 1593 (усе ў Вільні), 1595 і 1597 (няма дакументальных пацвярджэнняў, што яны адбыліся). У 1602 гал. з’езд быў прызначаны ў Новагародку, але канцлер Л.Сапега выступіў супраць яго пераносу са «звыклого» месца.

Невядома, калі дакладна з’явіўся для абазначэння гал. з’езда не зусім слушны тэрмін «Віленская канвакацыя» (яны адбываліся не толькі ў Вільні). Магчыма, гэта адбылося ўжо ў канцы 16 ст. Упершыню гэты тэрмін сустракаецца ў крыніцах у дачыненні да Віленскага з’езда 1605. Для абазначэння гал. з’езда ўжываліся і інш. тэрміны. С.Маскевіч назваў гал. з’езд 1617 «соймікам канвакацыйным». Гал. з’езд (канвакацыя) ВКЛ функцыянаваў незалежна ад гал. (генеральнага) сойміка, існаванне якога было прадугледжана Генрыкавымі артыкуламі. Толькі ў рэдкіх выпадках, калі з’езды адбываліся незадоўга перад вальнымі соймамі Рэчы Паспалітай (як у 1582 ці 1613), яны маглі разглядацца сучаснікамі як гал. (генеральныя) соймікі.

Часцей за ўсё гал. з’езды склікаліся «ку намовам у справах і патрэбах ваенных» ці з мэтай адшукаць неабходныя грашовыя сродкі на абарону. У 1602 і 1605 гал. з’езды склікаліся для разгляду пытанняў забеспячэння абароны Інфлянтаў, у 1615 — для арганізацыі процістаяння ваен. дзеянням з боку Расіі і ўтрымання Смаленска. Неаднаразова на гал. з’ездах ухваляліся надзвычайныя падаткі. Акрамя таго, дзярж. з’езды ў час праўлення Стафана Баторыя займаліся праблемамі выпраўлення дзярж. ладу ВКЛ — распрацоўвалі канцэпцыю Трыбунала ВКЛ, разглядалі праект Трэцяга Статута ВКЛ. У часы Жыгімонта III гал. з’езд разглядаў пытанне стварэння сталага публічнага скарбу. У 1613 на гал. з’ездзе разглядалася пытанне размежавання Берасцейскага і Люблінскага ваяводстваў. Ставіліся на іх і пытанні замяшчэння дзярж. пасад.

Падставай для склікання гал. з’ездаў і павятовых соймікаў, якія яму папярэднічалі, былі звычайна прапазіцыі вял. князя. Як і перад вальным соймам, манарх дасылаў у паветы універсалы і даваў інструкцыі сваім паслам. Здаралася, аднак, што вял. князь мог цалкам даверыць канцлеру дапрацоўку такіх дакументаў. Пры пэўных абставінах манарх мог адмяніць раней прызначаны з’езд, як гэта адбылося ў 1602.

У адрозненне ад з’ездаў часоў бескаралеўяў, дзярж. з’езды ВКЛ (канвакацыі), якія склікаліся манархам, мелі фармалізаваную на ўзор соймаў структуру ўдзельнікаў, парадак склікання і пасяджэнняў, за выключэннем парадку склікання перадканвакацыйных соймікаў. Заўсёды ў пасяджэннях гал. з’ездаў прымалі ўдзел сенатары ВКЛ і ўпаўнаважаныя паслы рэгіянальных шляхецкіх карпарацый. Звычайна ад кожнага павета выбіраліся па 2 паслы, якім даваліся інструкцыі. Здаралася, што колькасць прадстаўнікоў ад паветаў значна павялічвалася. Часам на канвакацыях прысутнічалі прадстаўнікі Віленскай капітулы і прывілеяваных гарадоў. Бывала, як у 1580, на пасяджэннях гал. з’езда прысутнічаў і сам вял. князь. Пасяджэнні канвакацыі звычайна адбываліся ў 2 колах — сенатарскім і пасольскім пры магчымасці правядзення агульных пасяджэнняў на працягу 1—2 тыдняў. Рашэнні канвакацыя прымала, відаць, у адпаведнасці з прынцыпам усеагульнай згоды, які разумеўся, аднак, як «вяршэнства волі большасці над меншасцю». Калі на канвакацыі не прысутнічаў асабіста вял. князь, рашэнні патрабавалі яго зацвярджэння.

Шляхта не заўжды прыхільна ставілася да гал. з’ездаў, якія склікаліся Жыгімонтам III часта толькі для ўхвалення дадатковых падаткаў. Так, у 1605 лідская шляхта дамагалася ўхвалы, якая б забараніла скліканне гал. з’езда, калі яго мэтай будзе толькі ўхваленне надзвычайнага падатку. Паслы некат. іншых паветаў ВКЛ таксама выступалі супраць склікання «партыкулярных з’ездаў» і перакладання на іх манархам спраў, якія павінен разглядаць вальны сойм. У 1615 ашмянская шляхта выказала патрабаванне аб скліканні вял. князем гал. з’ездаў толькі са згоды вальнага сойма. У 1624 ужо сам з’езд ВКЛ у Вільні прасіў Жыгімонта III больш не склікаць гал. з’ездаў.

Усяго за часы панавання Стафана Баторыя і Жыгімонта III Вазы ў ВКЛ адбылося 15 (або 14) гал. з’ездаў ці канвакацый, пасяджэнні 12 з іх прайшлі ў Вільні. Уладзіслаў IV склікаў толькі адну канвакацыю ў 1634 для ўхвалення падаткаў, патрэбных у час вайны з Масквой. За часы Яна ІІ Казіміра спробы склікання канвакацыі рабіліся неаднаразова, але паспяховай была толькі адна, скліканая ў 1665 у Белай (пасяджэнні перанесены ў Гародню). На звычайным сойме 1670 упершыню рашэнне аб скліканні Віленскай канвакацыі атрымала форму соймавай канстытуцыі, але лёс скліканай на сак. 1671 у Вільні канвакацыі быў сумны: пасля 2-тыднёвых спрэчак ковенскі пасол А.Прозар, падбухтораны Сапегамі, сарваў яго пасяджэнні. Гэта быў адзіны вядомы выпадак такога роду, што сведчыць пра паліт. культуру ўдзельнікаў гал. з’ездаў і іх турботу пра лёс дзяржавы. Пасля 1671 невядомы рэалізаваныя праекты склікання манархамі Рэчы Паспалітай канвакацый ВКЛ, хоць спробы такія рабіліся ў пач. 18 ст.

Па ініцыятыве прадстаўнікоў шляхты агульнадзярж. з’езды склікаліся ў часы рокашаў, узброеных грамадзянскіх канфліктаў і войнаў. Так, ідэя склікання кароннага гал. з’езда ўзнікла ў асяроддзі Я.Замойскага ў канцы 1589 у сувязі з пагрозай вайны з Турцыяй. З ідэяй склікання падобнага з’езда ВКЛ у Слоніме ці Менску выступіў віленскі кашталян Я.Кішка. Падтрымаў гэту ідэю і канцлер Л.Сапега, які звярнуўся да віленскага ваяводы К.Радзівіла з просьбай склікаць з’езд. Аднак ад гэтай ідэі пазней адмовіліся. У час Зэбжыдоўскага рокашу 1606—09 у ВКЛ адбылося 6 агульнадзярж. генеральных з’ездаў, скліканых без удзелу манарха. Пры гэтым легітымісты па ініцыятыве віленскага біскупа Б.Войны тройчы збіраліся ў Вільні (май і ліп. 1606, люты 1607) і адзін раз у Новагародку (вер. 1606), а ракашане у маі 1606 і маі 1607 у Вільні. Больш-менш паспяховыя спробы склікання агульнадзярж. з’ездаў, ініцыятары якіх ставілі перад сабою розныя паліт. мэты, прадпрымаліся ў 1655—57 (Ясвойні, Кейданы, Пружаны, Берасце), 1662—63 (Аліта, Пуні), 1672 (Варшава, Вільня), 1698 (Вільня), 1700 (Вільня), 1701 (Ружаны, Вільня, Гародня), 1703 (Вільня), 1715 (Вільня), 1734 (Вільня) і 1756 (Слонім).

Літаратура:

Лаппо И.И. Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569—1586). Т. 1. СПб., 1901;

Šapoka A. Lietuva ir Lenkija po 1569 metų Liublino unijos. Kaunas, 1938;

Wisner H. Konwokacja Wileńska: Z dziejów parlamentaryzmu litewskiego w czasach Zygmunta III // Czasopismo prawno-historyczne. 1968. T. 20, z. 2;

Яго ж. Sejmiki litewskie w czasach Zygmunda III i Władysława IV: Konwokacja Wileńska oraz sejmiki przedsejmowe i relacyjne // Miscellanea historico-archivistica. Warszawa; Łódź, 1989. Т. 3;

Яго ж. Sejm litewski czy Konwokacja Wileńska? // Zeszyty naukowe Wyższej Szkoły Pedagogicznej w Opolu. Ser. A. Historia. 1973. T. 12;

Яго ж. Rzeczpospolita Wazów: Czasy Zygmunta III i Władysława IV. Warszawa, 2002;

Bardach J. Formes des Assemblées Représentatives du Grand Duché de Lituaniae après l’Union de Lublin (1569) // XIIIe Congrès International des Sciences Historiques. Moscou, 1970. T. 52;

Seredyka J. Konwokacja Wileńska, ale jaka? // Zeszyty naukowe Wyższej Szkoły Pedagogicznej w Opolu. Ser. A. Historia. 1973. T. 12;

Dorobisz J. Konwokacja Wileńska z 1624 roku // Wilno—Wileńszczyzna jako krajobraz i środowisko wielu kultur. Białystok, 1992. Т. 2;

Lulewicz H. Zjazd w Rudnikach we wrześniu 1572 roku // Przegląd historyczny. 2000. Z. 2;

Яго ж. Gniewów o unię ciąg dalszy: Stosunki polsko-litewskie w latach 1569—1588. Warszawa, 2002;

Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569—1763. Warszawa, 2002;

Падалінскі У.А. Галоўны з’езд Вялікага Княства Літоўскага ў сістэме саслоўна-прадстаўнічых органаў Рэчы Паспалітай (апошняя трэць XVI—пачатак XVII ст.) // Материалы VII Респ. научной конф. студентов и аспирантов Беларуси. Новополоцк, 2002. Т. 1.

© Андрэй Радаман, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.