Артыкулы: сойм (сейм)

сойм (сейм) — саслоўна-прадстаўнічы орган у ВКЛ у 15—1-й пал. 16 ст. і Рэчы Паспалітай у 2-й пал. 16—18 ст.

Генезіс С. мае карані ў перыядзе вечавых сходаў і звязаны з эвалюцыяй саслоўнай сістэмы ВКЛ у 14—16 ст., якая прывяла да ўтварэння структур саслоўна-прадстаўнічай дэмакратыі. На месцы агульназемскіх сходаў узніклі звычаі збірання сходаў і з’ездаў, якія рэпрезентавалі прывілеяваныя саслоўі. У аснове шляхецкіх з’ездаў ляжала паняцце аб роўнасці ўсёй шляхты, бо князёў, паноў і іншае рыцарства аб’ядноўвала права ўласнасці на зямлю на рыцарскім праве. Ператварэнне з’ездаў ваеннаслужылых людзей у прадстаўнічы орган шляхецкага саслоўя адбылося ў выніку працяглага гіст. працэсу фарміравання правоў і прывілеяў шляхты, пры гэтым пастановы С. адначасова вызначалі межы ўлады манарха. У выніку феадальнай вайны 1432—39 і абрання на прастол Казіміра IV Ягелончыка ў юнацкім узросце ў ВКЛ умацаваліся пазіцыі заможнага баярства. У часы панавання Казіміра і Аляксандра, калі адбываліся шматлікія дзярж. нарады, канчаткова аформілася Рада Вялікага княства Літоўскага (паны-рада). Яе пасяджэнні ў поўным складзе часта называліся С. Першапачаткова толькі ад вял. князя (гаспадара) залежала, будзе ён абмяркоўваць нейкае пытанне ў коле найбліжэйшых дарадцаў ці звернецца да шырэйшага кола асоб, скліканых спецыяльна або прыбылых на з’езд па ўласным жаданні. Дакладны час ператварэння нарад манарха з саноўнікамі ў пасяджэнні вальнага агунадзярж. С. застаецца спрэчным. Як вальныя С. ( у лацінскіх крыніцах «conventio generalis» або «diaeta») вызначаюць: Віленскі С. 1401, на якім вырашалася пытанне пра унію з Польшчай (М.К.Любаўскі); Віцебскі з’езд 1433, на якім князі, паны, рыцарства і мяшчане звярнуліся да рымскага папы са скаргамі на вял. кн. Жыгімонта Кейстутовіча (Л.Корчак); Віленскі з’езд у студз. 1446, які займаўся пытаннем магчымага абрання Казіміра на польскі трон, і з’езд 1452, на якім абмяркоўвалася праблема захавання ў складзе дзяржавы Валыні (О.Галецкі); Віленскі С. 1492, скліканы для абрання вял. князя (М.А.Максімейка). У крыніцах выразы «С.», «рада» «conventio generalis» вельмі часта выступаюць як сінонімы. Даследчыкі вызначаюць момант узнікнення С. як парламента на аснове розных крытэрыяў: з’яўленне на пасяджэннях выбарных або прызначаных прадстаўнікоў ад усяго «палітычнага народу» (прывілеяваных саслоўяў) як дарадцаў, перыядычнасць, рэгулярнасць пасяджэнняў. С.Русоцкі абгрунтавана акрэслівае С. як з’езд для нарады гаспадара не толькі з панамі-радай, але і з прадстаўнікамі ўсіх станаў, у першую чаргу шляхецкіх мас, прычым не мае значэння, падзяляўся ці не С. на палаты, былі ўдзельнікі ў ім прызначаны ці абраны. Усе яны павінны былі быць не толькі сведкамі ці прасіцелямі, а менавіта дарадцамі, нават калі іх голас быў не такім істотным, як голас паноў-рады. З узнікненнем праблем, вырашэнне якіх у новых гіст. умовах патрабавала ад гаспадара адабрэння прадстаўнікоў рыцарства, вял. князь пачаў склікаць агульнадзярж. з’езд-С. Паводле меркавання Любаўскага, прывілей 1447 Казіміра акрэсліў ўмовы, калі гаспадар быў павінен склікаць вальны С. для збору сродкаў на абарону дзяржавы. Максімейка выказаў гіпотэзу, што ўзнікненне агульнадзярж. С. ў канцы 15 ст. стала вынікам «потребы военной». Прысутнічалі прадстаўнікі баярства і на С., на якіх выбіраліся вял. князі (1492, 1529). Баяры-шляхта стала заклікаліся на С. з 1-й чвэрці 16 ст. Першапачаткова сістэмы прадстаўніцтва не існавала і, як правіла, на С. запрашалася ўся шляхта. У 1511 Жыгімонт І Стары ўпершыню загадаў намеснікам і дзяржаўцам пагранічных валасцей склікаць шляхту па паветах і прапанаваў выбіраць па 2 прадстаўнікі ад павета для ўдзелу ў С. Паступова гэта практыка ўзмацнялася, аднак шляхце да рэформ 1560-х г. не забаранялася прымаць удзел у сходах С. і пагалоўна. Часцей за ўсё прадстаўнікамі павятовай шляхты на С. былі павятовыя ўраднікі, у першую чаргу харужыя. Такім чанам, вальны С. ВКЛ паўстаў пры допуску на нарады велікакняжацкай рады шляхецкіх дэлегатаў з зямель ВКЛ. Манарх прымаў рашэнні і пра скліканне С., і пра яго склад. Толькі ва ўмовах неабходнасці абрання вял. князя, у часы яго малалецтва, пры складаных адносінах з Польшчай ці інш. суседзямі паны-рада бралі ініцыятыву склікання вальнага С., прызначалі час і месца яго правядзення, рыхтавалі праект ухвал. Кампетэнцыя вальнага С. не была дакладна вызначана. Маглі вырашацца любыя пытанні, што прапаноўваліся гаспадаром або радай. Але былі справы, якія вырашаліся амаль выключна на вальных С.: выбранне вял. князя, устанаўленне новых павіннасцей і падаткаў (у т.л. на вядзенне вайны), пытанні аб пачатку вайны і заключэнні мірных пагадненняў з суседнімі дзяржавамі і уніі з Польшчай. На С. вял. князь выдаваў найб. важныя заканадаўчыя акты і разглядаў значныя судовыя справы. Прадстаўнікі ад зямель і паветаў маглі падаваць просьбы і скаргі, адказы на якія даваў гаспадар, параіўшыся з панамі-радай. Найчасцей С. збіраліся ў Вільні, а таксама ў Гародні, Новагародку, Берасці, Менску, Бельску. Яны праводзіліся як у закрытых памяшканнях (замках, гаспадарскіх дварах), так і на плошчах гарадоў, спец. пляцоўках. Кіраваў пасяджэннямі маршалак земскі. Ён жа абвяшчаў прынятыя рашэнні і адказы гаспадара на просьбы. Збіраліся і С. асобных зямель ВКЛ: Полацкай, Віцебскай і інш., на якіх была прадстаўлена не толькі шляхта, але і інш. станы грамадства.

У сярэдзіне 16 ст. ўзмацніўся рух шляхты за пашырэнне сваіх паліт. правоў. Свае патрабаванні яна аформіла на палявым (абозным) С. пад Віцебскам у 1562, які паклаў пачатак хуткім істотным рэформам паліт. і прававога ладу ВКЛ. Былі прыняты Віленскі прывілей 1563, Бельскі прывілей 1564, у 1565—66 праведзена адм.-тэр. рэформа, уведзены ў дзеянне Статут Вялікага княства Літоўскага 1566. Шляхта з класа ваеннаабавязаных землеўладальнікаў ператварылася ў прывілеяваны стан (саслоўе) — «народ-шляхту», які заняў пануючае становішча ў дзяржаве. Утвараючы карпарацыі па паветах, шляхта аб’ядналася з панамі ў агульнай падсуднасці шляхецкім судам і ў агульным удзеле ў павятовых сойміках. Абмежаванне вярхоўнай улады манарха, якое раней належала толькі панам-радзе, паводле Статута 1566 перайшло да вальнага 2-палатнага С., на якім з рашаючым голасам сталі ўдзельнічаць прадстаўнікі павятовай шляхты. Парадак работы С. ў Статуце 1566 не рэгламентаваўся. У склад С. ўваходзілі: усе паны-рада (біскупы, ваяводы, кашталяны, маршалкі земскі і дворны, гетман найвышэйшы, падскарбі земскі і інш. цэнтральныя земскія і дворныя ўраднікі), асобныя князі і паны па персанальных запрашэннях і прадстаўнікі павятовай шляхты (па 2 паслы ад павета, якія выбіраліся на павятовых сойміках), але толькі тыя асобы, якія карысталіся суверэннымі правамі на сваіх землях пад сюзерэнам — вял. князем. На С. запрашаліся ўсе князі Алелькавічы (Слуцкія), Вішнявецкія, Гедройцы, Дзярэчынскія, Друцкія, Друцкія-Саколінскія, Збаражскія, Курцэвічы, Лукомскія, Свірскія, Масальскія, Радзівілы, Ружынскія, Сангушкі, Чартарыйскія, Чацвярцінскія, усе паны Валовічы, Глябовічы, Гарнастаі, Давойны, Завішы, Іллінічы, Кішкі, Нарбуты, Осцікі, Пацы, Салагубы, Сапегі, Тышкевічы, Храптовічы, Шэметы. С. ВКЛ насіў арыстакратычны характар, дзе дамінавалі буйныя землеўласнікі. Баярства, якое не атрымала шляхецкіх правоў, духавенства, мяшчанства як асобныя станы не мелі свайго прадстаўніцтва на С. Толькі ў 1568 мяшчане Вільні атрымалі права пасылаць на С. 2 або 3 бурмістраў, якія маглі выказвацца толькі тады, калі на С. зойдзе размова пра сталіцу. У часы пасяджэння С. падзяляўся на 2 палаты: кола паноў-рады і рыцарскае, або шляхецкае кола. Кожнае кола абгаворвала справы асобна, затым, як і ў польскім С., пастановы абедзвюх палат прыводзіліся да згоды.

Пасля заключэння Люблінскай уніі 1569 паміж Польшчай і ВКЛ у склад супольнага вальнага С. Рэчы Паспалітай трапілі не ўсе тыя, хто меў права на ўдзел у С. ВКЛ. Па-за Сенатам (вышэйшай палатай С.) апынуліся гаспадарскія маршалкі, слуцкі князь і інш., а ў Пасольскую Ізбу ( ніжэйшая палата С.) не трапілі дворныя ўраднікі, князі і паны, якія раней запрашаліся персанальна. Пасольская Ізба супольнага С. фарміравалася выключна з соймавых паслоў, што выбіраліся на павятовых сойміках і атрымлівалі наказы-інструкцыі, якімі былі павінны кіравацца на С. Колькасць паслоў ад ваяводстваў і зямель Польшчы рэгулявалася звычаёвым правам. Больш простай была сістэма прадстаўніцтва ад ВКЛ, дзе кожны павет або ваяводства, якое не падзялялася на паветы, дэлегавала ў склад Пасольскай Ізбы па 2 паслы. Выключэнне ў 18 ст. складала Жамойць, якая з 1764 замест 2 дэлегавала 3, а з 1766 — 6 паслоў. Адразу пасля заключэння Люблінскай уніі ў склад Пасольскай Ізбы ўваходзіла 170 паслоў, з якіх 48 прадстаўлялі ВКЛ. Колькасць паслоў ад ВКЛ павялічвалася шляхам стварэння новых адм.-тэр. адзінак і, адпаведна, соймікавых акруг. Гараджане былі пазбаўлены права ўдзельнічаць ў пасяджэннях С. Выключэнне складалі аблегаты (прадстаўнікі) Кракава, Вільні, Магілёва, Гданьска, Львова, Камянца-Падольскага і Любліна, якія маглі прысутнічаць на пасяджэннях, але без права голасу. Да выключнай кампетэнцыі вальнага С. Рэчы Паспалітай належала: выданне заканадаўчых актаў, увядзенне падаткаў, скліканне паспалітага рушэння, набілітацыя, выпрацоўка агульнага кірунку знешняй палітыкі, зацвярджэнне мірных дагавораў і перамір’яў, кантроль за дзейнасцю караля і цэнтр. ураднікаў дзяржаў Рэчы Паспалітай. Значную ролю ва ўмацаванні пазіцый С. адыгралі міжкаралеўі пасля смерці Жыгімонта ІІ Аўгуста (1572—73) і пасля ад’езду Генрыка Валезы (1573—75), калі была канчаткова выпрацавана працэдура правядзення канвакацыйных С. Канвакацыйны С. вызначаў месца і час выбараў караля, выпрацоўваў умовы, якія ставіліся кандыдату; элекцыйны выбіраў караля; на каранацыйным кароль прысягаў выконваць умовы, паводле якіх адбылося яго выбранне. Склікаліся таксама т.зв. пацыфікацыйныя С. (адбывалася замірэнне пасля ўнутраных войнаў паміж шляхецкімі групоўкамі), канфедэрацыйныя С. (абвяшчалі сябе канфедэрацыяй — саюзам шляхты, дзе рашэнні прымаліся большасцю галасоў). На Варшаўскім канвакацыйным С. 1573 ухвалены прынцып прамога ўсеагульнага галасавання для шляхты пры элекцыі (абранні на трон) караля, а на Варшаўскім элекцыйным С. 1573 заключана дзярж. пагадненне — т.зв. Генрыкавы артыкулы. Генрык Валезы абавязаўся кожныя 2 гады склікаць 6-тыднёвы ардынарны (звычайны) С. Пры неабходнасці маглі склікацца экстраардынарныя (надзвычайныя) 2-тыднёвыя С. Каралю было пакінута права заканадаўчай ініцыятывы і санкцыянавання пастаноў С., акрамя таго, ён мог уплываць на заканадаўства і шляхам мадэравання (канчатковага рэдагавання) законаў перад іх публікацыяй. Соймавыя канстытуцыі (пакеты пастаноў) абвяшчаліся ад імя караля з нагадваннем, што яны выдадзены са згоды С. Самастойным заканадаўцам кароль заставаўся ў адносінах да каралеўскіх гарадоў, яўрэяў, сялян даменіяльных маёнткаў і інш.

Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, вызначаючы кампетэнцыю С., амаль не лічыўся з пастановамі Люблінскай уніі і не паказвае на тое, што С. стаў агульным для ВКЛ і Польшчы. У адносінах да С. Статут ужывае словы «сойм» ці «сѣем», рэдка «сейм», час ад часу з дабаўленнем слоў «великий» і «вальный», значна радзей «спольный»; ніколі не называе яго каронным, як гэта рабіў акт Люблінскай уніі (за выключэннем тэксту акта Варшаўскай канфедэрацыі 1573, унесенага ў арт. 3, раздзела 3). Паводле Статута вальныя С. і перадсоймавыя павятовыя соймікі склікаюцца вял. князем ВКЛ для патрэб гэтай дзяржавы і па дамове з панамі-радай. Пра ўдзел у гэтым сенатараў Польшчы нічога не гаворыцца, няма ўпамінання пра патрэбы Польшчы і пра тое, што месцам С. павінна быць Варшава. Тлумачыцца гэта тым, што складальнікі Статута 1588 не прызналі, што Люблінская унія канчаткова і назаўсёды вызначыла лёс ВКЛ у яго федэрацыі з Польшчай. Аднак Статут павялічыў з 4 да 6 тыдняў тэрмін, які аддзяляў збор павятовых перадсоймавых соймікаў ад склікання вальнага С., вызначаў функцыянаванне перадсоймавага з’езда (сойміка галоўнага) паноў-рады і земскіх паслоў усяго ВКЛ перад іх ад’ездам на вальны С., што было выклікана існаваннем супольнага С. з палякамі.

Пасля Люблінскай уніі большая частка ардынарных і экстраардынарных, усе канвакацыйныя і элекцыйныя С. Рэчы Паспалітай на падставе канстытуцыі Люблінскага С. 1569 адбываліся ў Варшаве. У 1595 і 1603 звычайныя С. скліканы ў Кракаве, тут жа адбываліся ўсе каранацыйныя С. (за выключэннем каранацыйнага С. 1764 у Варшаве). У 1576 звычайны і ў 1626 надзвычайны С. скліканы ў Торуні, а ў 1703 надзвычайны С. адбыўся ў Любліне, 1-м супольным вальным С., які адбыўся на тэр. ВКЛ, быў экстраардынарны С. 1653 у Берасці. Барацьба ВКЛ за раўнапраўе прывяла да прыняцця на пацыфікацыйным С. 1673 пастановы пра тое, што кожны 3-і чарговы С. Рэчы Паспалітай будзе адбывацца ў ВКЛ, у Гародні. Не заўсёды, аднак, гэта выконвалася. У часы Станіслава Аўгуста Панятоўскага С. ў Гародні збіраліся радзей, чым таго патрабавала канстытуцыя 1673. Усяго тут адбылося 11 С.: 1678—79, 1688, 1692—93, 1718, 1726, 1729 (надзвычайны), 1730 (надзвычайны), 1744, 1753, 1784, 1793 (надзвычайны). Акрамя таго, у 1576 адбыўся з’езд у Янджэеве, які меў функцыі С., а ў 1577 замест супольнага вальнага С. Стафан Баторый склікаў толькі гал. соймікі. У ВКЛ дзейнічаў і галоўны з’езд Вялікага княства Літоўскага, які генетычна ўзыходзіў да С. ВКЛ і мог вырашаць пытанні, што знаходзіліся ў кампетэнцыі супольнага вальнага С.

Праца С., калі ён адбываўся ў Варшаве, звычайна пачыналася з урачыстага набажэнства ў касцёле св. Яна. Потым паслы збіраліся ў Каралеўскім замку, дзе, як правіла, на працягу 1-га дня пасяджэнняў большасцю галасоў выбіралі маршалка Пасольскай Ізбы (у 17 ст. выбары маглі зацягвацца да 19 дзён). Дзейнічаў прынцып, у адпаведнасці з якім маршалак выбіраўся па чарзе з 3 правінцый Рэчы Паспалітай — Вял. Польшчы, Малой Польшчы і ВКЛ. Пры наяўнасці праблемы прызнання пасольскіх мандатаў адбываліся пасольскія ругі (праверка законнасці выбараў на С. і пацвярджэнне мандатаў), пасля чаго паслы і маршалак урачыстымі прамовамі віталі караля. Свой адказ кароль звычайна перадаваў праз канцлера. Пасля гэтага маршалак выклікаў паслоў для пацалунка каралеўскай рукі. Па сканчэнні ўрачыстасцей на асобныя пасяджэнні Сената і Пасольскай Ізбы выносіліся пытанні, якія павінны былі быць разгледжаны на С. З сярэдзіны 16 ст. соймавыя паслы выступалі і галасавалі індывідуальна. Да канца 17 ст. ўстанавіўся звычай: па кожным пытанні выступалі па 2 прадстаўнікі ад Вял. Польшчы і Малой Польшчы і 1 ад ВКЛ. У соймавых камісіях літвіны звычайна складалі 1/3. Мэтай пасяджэнняў у Пасольскай Ізбе было дасягнуць паразумення — кансэнсусу па пытаннях, якія абмяркоўваліся (каб не было тых, хто рашуча выступаў «супраць», выкарыстоўваў права ліберум вета). Праекты законаў з Пасольскай Ізбы перадаваліся ў Сенат, які мог уносіць папраўкі, заўвагі, але мог і адхіліць законапраект, што прыводзіла да завяршэння С. без прыняцця канстытуцыі. На С. 1615 упершыню праект соймавай канстытуцыі быў прадстаўлены Сенатам для ўхвалення ў Пасольскую Ізбу. Каб законапраект стаў законам, патрабавалася яшчэ санкцыя караля, але на практыцы ён амаль заўсёды падзяляў меркаванне большасці сенатараў. Некаторыя рашэнні па спрэчных пытаннях пакідаліся «да браці» — на канчатковы разгляд павятовага сойміка, паслы якога не былі цалкам згодны з прынятай ухвалай. Заканчваўся С. развітаннямі.

Соймавыя пастановы — канстытуцыі, праекты якіх запісваў маршалак, не заўсёды паспявалі адрэдагаваць за час працы С. Існавала практыка дапрацоўкі канстытуцый у дзярж. канцылярыі. У 1588 прынята ўхвала пра стварэнне на С. канстытуцыйнай дэпутацыі на чале з соймавым маршалкам, мэтай якой было рэдагаванне канстытуцыі. У 1633 прынята рашэнне, што праект канстытуцыі павінен быць адрэдагаваны за 5 дзён да заканчэння С., пасля чаго на сумесным пасяджэнні Сената і Пасольскай Ізбы зачытваўся яе канчатковы варыянт. На практыцы гэта не заўсёды вытрымлівалася. Пасля падпісання канстытуцыі пасламі і сенатарамі маршалак быў абавязаны ўнесці яе ў гродскі суд горада, дзе адбываўся С., для ўпісання ў актавыя кнігі, толькі пасля гэтага канстытуцыя набывала юрыдычную моц. Потым канстытуцыя магла друкавацца. Канстытуцыі першых С. пасля Люблінскай уніі афармляліся як пастановы адзінай Рэчы Паспалітай і аднаго народа. Аднак тэндэнцыя лічыць ВКЛ правінцыяй Польшчы трымалася нядоўга. Ужо ў актах элекцыйнага С. 1573 абедзве дзяржавы паўстаюць як роўныя. З 1582 некаторыя ўхвалы прымаюцца для ВКЛ асобна ад каронных, С. 1590 вылучаў пастановы адносна ВКЛ, але яшчэ называў іх толькі справамі ВКЛ, а пастановы С. 1607 ужо падзелены на канстытуцыі каронную і ВКЛ. Большая частка канстытуцый 17—18 ст. падзелена падобным чынам. Аднак і ў каронных канстытуцыях падаюцца пастановы адносна ВКЛ, але з агаворкамі, што яны прымаюцца і ВКЛ. Адзінства змешаных канстытуцый, аб’яднаных адным загалоўкам, чыста знешняе — у іх адны пастановы датычацца Польшчы, другія — ВКЛ. На С. 1673 былі вырашаны некаторыя працэсуальныя пытанні. Прапановы на С. адносна спраў польскіх павінен быў уносіць канцлер каронны, а па справах ВКЛ — вял. канцлер літоўскі. Калі С. адбываўся ў Гародні, то адказы на вітанні Пасольскай Ізбы даваў канцлер ВКЛ, ён жа прымаў паведамленне пра абранне маршалка і даваў адказ пры развітаннях Пасольскай Ізбы. У Гародні скарб ВКЛ браў на сябе ўтрыманне замежных паслоў.

З пач. 17 ст. плённая дзейнасць С. пачала абмяжоўвацца супярэчнасцю паміж прынцыпам аднагалосся і абавязкам паслоў дакладна прытрымлівацца інструкцый павятовых соймікаў. Паколькі на працягу 6 тыдняў не заўсёды было магчыма прыняць узгодненыя пастановы, С. пралангоўваўся, на што патрабавалася згода ўсіх паслоў. Упершыню ў 1652 упіцкі пасол У.Сіцынскі не дазволіў пралангацыі С. і рашэнні не былі прыняты. У 1669 упершыню С. быў сарваны да сканчэння тэрміну соймавай сесіі шляхам ужывання ліберум вета. У 1688 С. быў сарваны яшчэ да абрання маршалка Пасольскай Ізбы. Часам выкарыстоўвалася больш мяккая форма ліберум вета, калі пасол абвяшчаў «сіста актавітатэм» («прыпыняю дзейнасць»), што выклікала лімітацыю С. — перапынак пасяджэнняў для ўзгаднення спрэчных пазіцый. Следствам безвыніковасці С. было тое, што ніводнае з прынятых на ім рашэнняў не мела юрыдычнай моцы, бо яны разглядаліся як адна канстытуцыя. На працягу 1573—1763 былі распушчаны, не прыняўшы рашэнняў, або сарваны 53 С. (каля 1/3 ад іх агульнай колькасці). Крызіс С. ў 2-й пал. 17 ст. прывёў да ажыўлення ідэі непасрэднай шляхецкай дэмакратыі (без выбару паслоў). Узорам было паспалітае рушэнне, якое магло ператварацца ў абозны С. (напр., пад Віцебскам у 1562, у Менску ў 1564). У 2-й пал. 17 ст. за такім С. замацавалася назва коннага сойма. Конным С. лічаць канфедэрацыйны С. 1673. У час абрання на трон Аўгуста ІІІ (1733) прынята палажэнне, што кожны 3-і С. будзе конным, але гэта не выконвалася.

У 1764—66 праведзена рэформа дзярж. ладу. Зацверджаны парадак пасяджэння С. і пастаноўлена, што некаторыя менш важныя рашэнні («эканам. матэрыі») прымаюцца большасцю галасоў, для зацвярджэння падаткаў патрабавалася аднагалоссе. Канстытуцыя 3 мая 1791, законы «Соймы» і «Соймавыя суды» ад 13.5.1791 вызнчалі С. як 2-палатны орган: Пасольская Ізба складалася з 204 дэпутатаў, выбраных на сойміках, і 24 «упаўнаважаных гарадоў», выбраных на акруговых сходах, з правам дарадчага голасу толькі па справах гарадоў, прамысловасці і гандлю. Кароль склікаў С., меў права заканадаўчай ініцыятывы, але страціў права зацвярджаць законы (яны абвяшчаліся ад яго імя Стражай Правоў). С. мог склікацца і без караля, калі той не склікаў яго ў вызначаны тэрмін, а таксама па ініцыятыве маршалка Пасольскай Ізбы, калі ўзнікала неабходнасць у надзвычайнай сесіі, а кароль адмаўляўся яе склікаць. Роля Сената была абмежавана, ён меў толькі права адкладальнага вета. Па менш важных пытаннях галасы паслоў і сенатараў падлічваліся разам, але засядалі яны паасобку. Калі справа тычылася кантролю над урадам, палаты галасавалі на сумесным пасяджэнні. Соймавыя паслы лічыліся «прадстаўнікамі ўсяго народу» і не былі звязаны інструкцыямі соймікаў. Дэпутаты выбіраліся на 2 гады і на гэты тэрмін захоўвалі свае паўнамоцтвы. Звычайныя сесіі павінны былі праводзіцца ў пачатку кадэнцыі ў Варшаве, а кожны 3-і раз — у Гародні, сесія цягнулася 70 дзён з магчымасцю пралангацыі да 100 дзён. Надзвычайная сесія склікалася ў выніку канфлікту паміж каралём і Стражай Правоў ці паміж Стражай і цэнтр. камісіямі. С. фактычна атрымаў кантроль за дзейнасцю ўрада і нагляд за ўсімі дзярж. органамі. Падрабязна быў рэгламентаваны парадак пасяджэнняў, уводзіўся прынцып большасці галасоў для адных пытанняў і кваліфікаванай (2/3 і 3/4) для іншых. Аднак сістэма ўлады, устаноўленая ў 1791, праіснавала нядоўга. Гарадзенскі С. 1793 скасаваў Канстытуцыю 3 мая 1791 і прыняў новыя Кардынальныя правы, якія зноў перадавалі ўладу ў рукі магнацка-шляхецкага С. Іл. гл. таксама ў т. 1, с. 42, 44.

Літаратура агульная:

Любавский М.К. Литовско-русский сейм: Опыт по истории учреждения в связи с внутренним строением и внешнею жизнью государства. М., 1900;

Довнар-Запольский М.В. Спорные вопросы в истории Литовско-русского сейма // Журн. Мин-ва нар. просвещения. 1901. № 10;

Жукович П.М. Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией. Вып. 1—6. СПб., 1901—12;

Максимейко Н.А. Сеймы Литовско-Русского государства до Люблинской унии 1569 г. Харьков, 1902;

Леонтович Ф.И. Веча, сеймы и сеймики в Великом княжестве Литовском // Журн. Мин-ва нар. просвещения. 1910. № 2—3;

Halecki O. Sejm obozowy szlachty litewskiej pod Witebskiem 1562 r. i jego petycja o unię z Polską // Przegląd Historyczny. 1914. T. 18;

Яго ж. O początkach parlamentaryzmu litewskiego // Sprawozdania z czynności i posiedzeń Akademii Umijętności w Krakowie. 1915. T. 20. № 8;

Konopczyński W. Liberum veto: Studium porownawczo-historyczne. Kraków, 1918;

Яго ж. Chronologia sejmów polskich, 1493—1793. Kraków, 1948;

Дружчыц В. Палажэньне Літоўска-Беларускай дзяржавы пасьля Люблінскай вуніі // Працы БДУ. 1925. № 6—7;

Sobociński W. Pakta Konwenta: Studium z historii prawa polskiego. Kraków, 1939;

Olszewski H. Sejm Rzeczypospolitej epoki oligarchii, 1652—1763: Prawo—praktyka—teoria—programy. Poznań, 1966;

Яго ж. Funkcjonowanie sejmu w dawnej Rzeczypospolitej // Czasopismo Prawno-Historyczne. 1983. Z. 1;

Czapliński W. Z problematyki sejmu polskiego w pierwszej połowie XVII wieku // Kwartalnik Historyczny. 1970. Z. 1;

Łaszewski R. Sejm Polski w latach 1764—1793: Studium historyczno-prawne. Warszawa; Poznań, 1973;

Bardach J. Formes des assembleés représentatives du Grand Duché de Lituaniae après l’union de Lublin (1569) // XIIIe Congrès International des Sciences Historiques, Moscou, 1970. Moscou; Varsovie, 1975. T. 52;

Яго ж. Sejm dawnej Rzeczypospolitej jako najwyższy organ reprezentacyjny // Czasopismo Prawno-Historyczne. 1983. Z. 1; Uchwalenie konstytucji na sejmach w XVI—XVIII wieku. Wrocław, 1979;

Grodziski S. Sejm dawnej Rzeczypospolitej jako najwyższy organ ustawodawczy: Konstytucje sejmowe — pojęcie i próba systematyki // Там жа;

Historia sejmu polskiego. T. 1. Warszawa, 1984;

Seredyka J. Parlamentarzyści II połowy panowania Zygmunta III Wazy. Opole, 1989;

Wisner H. Najjaśniejsza Rzeczpospolita: Szkice z dziejów Polski szlacheckiej XVI—XVII wieku. 2 wyd. Warszawa, 1989;

Акіншэвіч Л. Парлямэнт беларускай зямлі // З гісторыяй на «Вы». Мн., 1994. Вып. 3;

Кулесєвич В. Сейм «Золотого віку». Warszawa, 1995;

Opaliński E. Kultura polityczna szlachty polskiej w latach 1587—1652: System parlamentarny w społeczeństwie obywatelskim. Warszawa, 1995;

Kriegseisen W. Sejm Rzeczypospolitej szlacheckiej (do 1763 roku): Geneza i kryzys władzy ustawodawczej. Warszawa, 1995;

Parlamentaryzm w Polsce we współczesnej historiografii. Warszawa, 1995;

Społeczeństwo obywatelskie i jego reprezentacja (1493—1993). Warszawa, 1995;

Parlament, prawo, ludzie: Studia ofiarowane profesorowi Juliuszowi Bardachowi w sześćdziesięciolecie pracy twórczej. Warszawa, 1996;

Dzieje sejmu polskiego. 2 wyd. Warszawa, 1997;

Голенченко Г. «Шляхетская демократия» в Великом княжестве Литовском XVI—XVIII вв. // Белоруссия и Россия. М., 1998;

Korczak L. Litewska Rada wielkoksiążęca w XV w. Kraków, 1998;

Parlamentaryzm i prawodawstwo przez wieki: Prace dedykowane Prof. Stanisławowi Płazie w siedemdziesiątą rocznicę urodzin. Kraków, 1999;

Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569—1763. Warszawa, 2002;

Lileyko J. Sejm polski: Tradycja—ikonografia—sztuka. Warszawa, 2003;

Літаратура па асобных соймах:

ПадалінскіУ. Шляхта ВКЛ і вальны сойм Рэчы Паспалітай 1570 года // Бел. гіст. часопіс. 2004. № 6;

Pirożyński J. Sejm warszawski roku 1570. Kraków, 1972;

Filipczak-Kocur A. Senatorowie i posłowie na sejmie «pacyfikacyjnym» w 1589 roku // Czasopismo Prawno-Historyczne. 1982. Z. 2;

Lepszy K. Rzeczpospolita Polska w dobie sejmu inkwizycyjnego (1589—1592). Kraków, 1939;

Rzońca J. Sejmy z lat 1597 i 1598. Cz. 1—2. Warszawa, Wrocław; Opole, 1989—90;

Janiszewska-Mincer B. Rzeczpospolita Polska w latach 1600—1603: Narastanie konfliktu między Zygmuntem III Wazą a stanami. Bydgoszcz, 1984;

Strzelecki A. Sejm z r. 1605. Kraków, 1921;

Sobieski W. Pamiętny sejm [1606]. Warszawa; Lublin; Łódź, 1913;

Byliński J. Sejm z roku 1611. Wrocław, 1970;

Яго ж. Dwa sejmy z roku 1613. Wrocław, 1984;

Ochmann S. Sejmy z lat 1615—1616. Wrocław, 1970;

Seredyka J. Sejm warszawski z 1618 roku. Opole, 1988;

Rzońca J. Ostatni sejm przed Cecorą (w 1619 r.) // Pamiętnik Biblioteki Kórnickiej. 1983. Z. 20;

Яго ж. Sejmiki przed sejmem zwyczajnym 1619 r. // Zeszyty Naukowe WSP w Opolu. Ser. A. Historia. 1977. T. 14;

Pietrzak J. Po Cecorze i podczas wojny chocimskiej: Sejmy z lat 1620 i 1621. Wrocław, 1983;

Яго ж. W przygaszonym blasku wiktorii chocimskiej: Sejm w 1623 r. Wrocław, 1987;

Dorobisz J. Sejm nadzwyczajny z 1624 roku. Opole, 1994;

Kwak J. Sejm warszawski 1626 roku. Opole, 1985;

Seredyka J. Sejm w Toruniu z 1626 roku. Wrocław etc., 1966;

Яго ж. Sejm zawiedzionych nadziej (1627). Opole, 1981;

Filipczak-Kocur A. Sejm zwyczajny z roku 1629. Warszawa; Wrocław, 1979;

Kaczorowski W. Sejmy konwokacyjny i elekcyjny w okresie bezkrólewia 1632 r. Opole, 1986;

SzczerbikZ. Sejm koronacyjny Władysława IV w 1633 r. Kluczbork, 2001;

KołodziejR. Pierwszy sejm z 1637 roku. Toruń, 2004;

Tomaszek A. Sejm 1638 r. w obronie szlacheckiej równości // Czasopismo Prawno-Historyczne. 1987. Z. 2;

Trawicka Z. Sejm z roku 1639 // Studia Historyczne. 1972. Z. 4;

Ochmann S. Sejm koronacyjny Jana Kazimierza w 1649 r. Wrocław, 1985;

Częścik Ł. Sejm warszawski w 1649/1650 roku. Wrocław etc., 1978;

Czapliński W. Dwa sejmy w roku 1652. Wrocław, 1955;

CiesielskiT. Sejm brzeski 1653 r.: Studium z dziejów Rzeczypospolitej w latach 1652—1653. Toruń, 2004;

Ochmann S. Sejmy z lat 1661—1662. Wrocław, 1977;

Kłaczewski W. W przededniu wojny domowej w Polsce: Walka sejmowa lat 1664—1665. Lublin, 1984;

Matwijów K. Ostatnie sejmy przed abdykacja Jana Kazimierza w 1667 i 1668. Wrocław, 1992;

Kłaczewski W. Abdykacja Jana Kazimierza: Społeczeństwo szlacheckie wobec kryzisu politycznego lat 1667—1668. Lublin, 1993;

PrzybośK. Posłowie na sejm koronacyjny króla Michała w 1669 roku // Studia Historyczne. 1998. Z. 3;

PrzybośK. Sejm nadzwyczajny w Warszawie 5 marca—19 kwietnia 1670 roku // Zeszyty Naukowe Uniwersytetu Jagiellońskiego. T. 1262. Prace Historyczne. Z. 130. Kraków, 2003;

PrzybośK. Posłowie na sejm zwyczajny w Warszawie 9 IX—1 XI 1670 // Studia Historyczne. 2001. Z. 4;

Matwijowski K. Pierwsze sejmy z czasów Jana III Sobieskiego. Wrocław, 1976;

Яго ж. Sejm grodzieński 1678—1679. Wrocław, 1985;

Казьмерчык А. Гродзенскі сейм 1692—1693 гг. і яго вынікі // Бел. гіст. часопіс. 1998. № 2;

Staszewski J. Elekcja 1697 roku // Universitatis Nicolai Copernici. Historia. 1993. T. 28;

Dybaś B. Sejm pacyfikacyjny w 1699 r. Toruń, 1991; Diariusz Sejmu Walnego Warszawskiego 1701—1702. Warszawa, 1962;

Poraziński J. Sejm lubelski w 1703 roku i jego miejsce w konfliktach wewnętrznych na poczętku XVIII wieku. Toruń, 1988;

Diarjusz Walnej Rady Warszawskiej z roku 1710. Wilno, 1928;

Winter A.D. Der Sejm zu Grodno 1718. Wien, 1944;

Filipczak W. Sejm 1778 roku. Warszawa, 2000.

© Андрэй Радаман, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.