Артыкулы: соймік (сеймік)
соймік (сеймік) — у ВКЛ у 16—18 ст. сход шляхты павета (зямлі, ваяводства), дзейнасць якога рэгламентавалася нормамі права; форма самарэалізацыі шляхецкай супольнасці павета і дзяржаўна-прававы інстытут, дзякуючы якому шляхецкая супольнасць была здольная прымаць рашэнні.
Генетычна ўзыходзіць да веча і з’ездаў баяр-шляхты пэўнай зямлі. У 1511 Жыгімонт І Стары ўпершыню заклікаў намеснікаў памежных зямель склікаць шляхту па паветах і прапанаваў выбраць па 2 прадстаўнікі ад павета для ўдзелу ў сойме. Паступова гэта практыка ўкаранілася, але шляхце не забаранялася прымаць удзел у сходах сойма і пагалоўна. На вайсковым з’ездзе ў Менску ў ліст. 1564 адбыліся сходы шляхты некаторых паветаў, на якіх былі абраны кандыдаты на земскія судовыя пасады, а на Віленскім сойме 1565—66 шляхта ўсёй дзяржавы звярнулася да Жыгімонта ІІ Аўгуста з прапановай увесці ў ВКЛ на ўзор Польскага каралеўства павятовыя С. Віленскі прывілей 1565 устанавіў павятовыя перадсоймавыя С. ў ВКЛ як курыю для абрання паслоў на сойм (па 2 паслы ад павета). Статут ВКЛ 1566 вызначыў час перадсоймавых С. — не пазней як за 4 тыдні да сойма, паводле Статута ВКЛ 1588 — 6 тыдняў. Для апавяшчэння павятовай шляхты пра пытанні, якія выносіліся на разгляд сойма, вял. князь пасылаў у паветы легатаў (гаспадарскіх паслоў) з соймавымі лістамі, якія павінны былі ўручацца гродскаму суду не пазней чым за 2 тыдні да пачатку С. Стараста або яго намеснік павінен быў паслаць з гэтымі лістамі возных да ўсіх тых, каму дасылаліся раней соймавыя лісты з гаспадарскай канцылярыі. Астатняя шляхта апавяшчалася пра сойм па цэрквах, касцёлах, на таргах. Як правіла, шляхта збіралася на С. ў павятовых цэнтрах. Працягласць С. вызначалася рэцэсам (пастановай) Гарадзенскага сойма 1567 у 3 дні, Статутам ВКЛ 1588 — да 4 дзён, соймавай канстытуцыяй 1764 — зноў 3 дні. Рашэнні на С. павінны былі прымацца аднагалосна («одностайным зданьем»). Соймавая канстытуцыя 1613 вызначыла, што выбранне паслоў на сойм і некаторыя інш. пытанні вырашаюцца простай большасцю галасоў. Паводле канстытуцый 18 ст. рашэнні прымаліся як большасцю галасоў, так і аднагалосна. Пасяджэннямі С. кіраваў найвышэйшы па пасадзе ўраднік або павятовы маршалак. Рэцэс Гарадзенскага сойма 1567 прадугледжваў матэрыяльную адказнасць ураднікаў за адсутнасць на С. без «причин слушных», што скасавана Статутам ВКЛ 1588. Шляхціцы, якія валодалі маёнткамі ў розных паветах, маглі прысутнічаць на любым з павятовых С., дзе мелі зямельную ўласнасць. На перадсоймавым С. павятовая шляхта павінна была заслухаць легата вял. князя аб скліканні сойма і пытаннях, якія выносіліся на яго абмеркаванне, выбраць 2 паслоў і скласці для іх інструкцыю. Паводле Статута ВКЛ пасля соймаў, але не пазней як праз 4 тыдні, павінны былі збірацца пасоймавыя, або рэляцыйныя С. Па прыездзе з сойма паслы папярэджвалі ваяводу або павятовага судовага старасту пра сваё вяртанне, тыя або іх намеснікі апавяшчалі павятовую шляхту пра час склікання С. На гэтых С. паслы паведамлялі пра сваю дзейнасць на сойме і апавяшчалі соймавыя ўхвалы. З канца 16 ст. рэляцыйныя С. прымалі ўхвалы па рэалізацыі соймавых канстытуцый, а таксама па справах, якія на соймах перадаваліся на вырашэнне «панов-брати» (пра згоду на падатковыя соймавыя ўхвалы, пра выбранне павятовых паборцаў і інш.).
Акрамя С., якія фармальна склікаліся гаспадаром, былі з’езды ці сходы, што збіраліся па ўласным жаданні павятовай шляхты. Надзвычайныя шляхецкія з’езды часоў міжкаралеўя ўпершыню ў ВКЛ адбыліся ў вер. 1572 пасля смерці Жыгімонта ІІ Аўгуста. Пазней падобныя С., якім фактычна і юрыдычна належала ўлада да выбрання новага манарха, атрымалі назву каптуровых. Арганізаваныя на прынцыпах канфедэрацыі, яны стваралі канфедэратыўную ўладу і каптуровы суд. Закон і практыка прызнавалі значэнне сходаў павятовай шляхты ў час судовых рокаў земскіх і рочкаў гродскіх. Такія сходы маглі скончыцца прыняццем ухвал пра публічныя справы, часта ў форме процістаяння дзеянням улады. Соймавыя канстытуцыі 1659 і 1717 забаранілі склікаць С. без універсала манарха.
Дэпутацкія (трыбунальскія, грамнічныя) С. прадугледжваліся законам 1581 для выбрання суддзяў у склад Трыбунала Вялікага княства Літоўскага. Яны збіраліся самастойна штогод 2 лют. на свята Маці Божай Грамнічнай. Дэпутацкі С. мог супадаць з перадсоймавым або элекцыйным, пазней з гаспадарчым С.
На элекцыйных С. шляхта выбірала электаў (кандыдатаў) на пасады суддзі, падсудка і пісара земскага павятовага суда (з 1564—66), падкаморыя, харужага (з 1588) і некаторыя інш. ўрады. Вял. князь быў абавязаны выдаць намінацыйны прывілей аднаму з кандыдатаў. Прадугледжвалася авансаванне (прасоўванне) на элекцыйных С. земскага пісара або падсудка па пасаду суддзі і земскага пісара на падсудства. Канвакацыйны сойм 1764 скасаваў урад падсудка, павялічыўшы колькасць земскіх суддзяў да 4, якіх выбіралі на С. большасцю галасоў. Пасля працяглай барацьбы шляхта атрымала права на выбранне кандыдатаў на ўрады павятовага харужага і падкаморыя, што было замацавана ў Статуце ВКЛ 1588. У 17 ст. павятовая шляхта атрымала права прадстаўляць манарху электаў і на вышэйшую пасаду ў павеце — павятовага маршалка (соймавыя канстытуцыі 1631 і 1669), аднак на практыцы гэта адбывалася з канца 1680-х г. Магчыма, у 17 ст. віленскі і троцкі С. выбіралі электаў на ўрады цівуноў віленскага і троцкага. Таксама на элекцыйных С. шляхта выбірала павятовых возных (з 1565), якіх зацвярджаў ваявода і возных-генералаў (з 1588), якіх прызначаў на ўрад вял. князь. У асобных землях ВКЛ, у адпаведнасці з ранейшымі прывілеямі, на С. выбіралі і сенатараў — ваявод полацкага і віцебскага, старасту жамойцкага.
У пач. 17 ст. аформіліся як асобныя віды гаспадарчы С. і з’езд попісавы. Гаспадарчы С. прымаў ухвалы (лаўда, лаўдум) па справах павета, размеркаванні падаткаў, ухваленых соймам, выбіраў падатковых паборцаў і кантраляваў іх дзейнасць, ухваляў ваяводскія падаткі, прымаў рашэнні пра выдаткі з ваяводства скарбу, ухваляў вярбоўку павятовых жаўнераў і вызначаў іх начальнікаў; з сярэдзіны 17 ст. выбіраў камісараў у Скарбовы трыбунал ВКЛ. На попісавых з’ездах адбываліся шляхецкія попісы войска.
С. як элемент сістэмы органаў дзярж. улады (заканадаўчай, выканаўчай і судовай) меў падвойны характар, адначасова быў парламенцкім ін-там дзяржавы і органам мясц. улады і самакіравання. Шляхта бачыла у С. непасрэднае прадстаўніцтва сваіх інтарэсаў і імкнулася пашырыць сферу іх дзейнасці і кампетэнцыю. Арганізацыйныя формы С., спосаб іх функцыянавання, прававыя стасункі да інш. дзярж. ін-таў і розныя аспекты іх дзейнасці былі толькі часткова ўрэгуляваны нормамі пісанага права. Паступова соймікавы лад прыходзіў у заняпад з-за паліт. залежнасці дробнай і нават сярэдняй шляхты ад магнатаў, што было звязана са слабасцю дзярж. апарату, асабліва з адсутнасцю значнага ўплыву цэнтр. выканаўчай улады на рэгіёны Рэчы Паспалітай. Мясц. дзярж. апаратам кіравалі магнаты, якія стаялі паміж манархам і астатняй шляхтай. Шляхта толькі дзякуючы магнатам і толькі праз іх, коштам выканання іх патрабаванняў магла дасягнуць значных дзярж. пасад і палепшыць сваё эканам. становішча. Правядзенне рэформ соймікавага ладу пачалося ў перыяд праўлення Станіслава Аўгуста Панятоўскага [1764—95], які злучыў барацьбу за сапраўдную рэалізацыю ўладных паўнамоцтваў караля з утварэннем уласнай партыі і імкненнем пазбавіць магнатаў іх кліентэлаў. На каранацыйным сойме 1764 прынята канстытуцыя, якая дакладна вызначыла парадак правядзення соймікавых пасяджэнняў. Тады ж было прынята рашэнне, што дэпутатам, паслом ці ўраднікам мог стаць толькі шляхціц, які дасягнуў поўных 23 гадоў. На падставе выдадзенага на сойме 1768 парадку саймікавання на павятовых С. маглі з’яўляцца толькі асобы, якія нарадзіліся ў ВКЛ, дасягнулі поўных 18 гадоў і мелі нерухомасць дзедзічную (спадчынную), застаўную, пажыццёвую ці на чыншавым праве, а таксама сыны і браты ўладальніка. На С. абавязкова павінны былі прысутнічаць толькі станы (саслоўі) свецкія. Чатырохгадовы сойм 1788—92 прыняў 24.2.1791 закон «Соймікі», пазней аднесены Канстытуцыяй 3.5.1791 да канстытуцыйных законаў. У адпаведнасці з ім голас на С. мелі толькі шляхціцы — уласнікі нерухомасці з 18 гадоў, а таксама застаўныя і пажыццёвыя ўладальнікі, калі яны плацілі падаткі вызначанай вышыні (больш за 100 злотых). Немаёмныя шляхціцы былі пазбаўлены права ўдзелу ў С., бо яны «не маглі мець самастойнага голасу, а служылі толькі ў якасці інструменту панскіх інтрыг». Закон вызначыў, што С. адбываюцца штогод 14 лют. для выбараў дэпутатаў Трыбунала, раз у 2 гады 18 ліп. — для выбараў паслоў на сойм і камісараў у камісіі парадкавыя цывільна-вайсковыя. На дэпутацкіх С. павінны былі разглядацца і гасп. справы. Элекцыі на ўрады павінны былі адбывацца на бліжэйшым С., устаноўленым законам. Рэляцыйныя С. маглі склікацца ў выпадку, калі заканчэнне сесіі сойма аддзяляў ад бліжэйшага С. тэрмін, большы за 2 месяцы. Пасяджэннямі С. кіравалі маршалак і асэсары, у ВКЛ дапускалася, што функцыі маршалка браў на сябе вышэйшы па пасадзе на С. Іл. гл. таксама ў т. 1, с. 46, 47.
Літаратура:
Лаппо И.И. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия: Литовско-русский повет и его сеймик. Юрьев, 1911;
Яго ж. Пинский сеймик после отречения Яна Казимира // Журн. Мин-ва нар. просвещения. 1910. № 2;
Леонтович Ф.И. Веча, сеймы и сеймики в Великом княжестве Литовском // Там жа. № 2—3;
Zielińska Z. Mechanizm sejmikowy i klientela radziwiłłowska za Sasów // Przegląd Historyczny. 1971. Z. 3;
Wisner H. Przedsejmowy sejmik nowogrodzki w latach 1607—1648 // Przegląd Historyczny. 1978. Z. 4;
Яго ж. Sejmiki litewskie w czasach Zygmunta III i Władysława IV: Konwokacja wileńska oraz sejmiki przedsejmowe i relacyjne // Miscellanea historico-archivistica. Warszawa, 1989. T. 3;
Kriegseisen W. Sejmiki Rzeczypospolitej w XVII i XVIII w. Warszawa, 1991;
Jučas M. Parlamentaryzm litewski w XVIII wieku // Społeczeństwo obywatelskie i jego reprezentacja (1493—1993). Warszawa, 1995;
Opaliński E. Kultura polityczna szlachty polskiej w latach 1587—1652: System parlamentarny w społeczeństwie obywatelskim. Warszawa, 1995;
Sobczak J. Zreformowane sejmiki litewskie 1792 r. wobec Konstytucji 3 Maja: (Sejmiki litewskie 1792 r. wobec Konstytucji 3 Maja) // Profesor Henryk Łowmiański: Życie i dzieło. Poznań, 1995;
Zakrzewski A.B. Sejmiki Wielkiego Księstwa Litewskiego (połowa XVI—koniec XVII w.) // Parlamentaryzm w Polsce we współczesnej historiografii. Warszawa, 1995;
Яго ж. Sejmiki Wielkiego Księstwa Litewskiego epoki stanisławowskiej (do 1778 r.): Zmiany ustroju i funkcjonowaniu // Ziemie północne Rzeczypospolitej Polsko-Litewskiej w dobie rozbiorowej 1772—1815. Warszawa; Toruń, 1996;
Яго ж. Sejmiki Wielkiego Księstwa Litewskiego XVI—XVIII w.: Ustrój i funkcjonowanie: sejmik trocki. Warszawa, 2000;
Urwanowicz J. Wojskowe «sejmiki»: Koła w wojsku Rzeczypospolitej XVI—XVIII wieku. Białystok, 1996;
Сагановіч Г. Шляхта Менскага ваяводзства і інтэрвенцыйная вайна пачатку XVII ст. // Заслаўскія чытанні,
Радаман А.А. Элекцыйныя соймікі Новагародскага павета ў ІІ палове XVI ст. // Гісторыя Беларусі: новае ў даследаванні і выкладанні. Мн., 1999. Ч. 2;
Яго ж. Шляхецкія соймікі і з’езды, як структурная адзінка сістэмы ўлады ў Менскім павеце ў другой палове XVI ст. // Магдэбургскае права на Беларусі. Мн., 1999;
Лойка П.А. Сфера палітычных інтарэсаў шляхты беларускіх зямель у апошняй трэці XVI—першай трэці XVII ст. // Весн. БДУ. Сер. 3. 2000. № 1.
© Андрэй Радаман, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


