Артыкулы: соймік галоўны (соймік генеральны)

соймік галоўны (соймік генеральны) — дзяржаўны з’езд сенатараў і соймавых паслоў ВКЛ у Ваўкавыску і ў Слоніме перад вальным соймам Рэчы Паспалітай ці пасля яго ў 2-й пал. 16—1-й пал 17 ст.

Як і галоўны з’езд Вялікага княства Літоўскага, С.г. генетычна ўзыходзіць да вальнага сойма ВКЛ. Пасля заключэння Люблінскай уніі 1569, калі Варшава была вызначана як месца правядзення супольных вальных соймаў Рэчы Паспалітай, выгаднае геаграфічнае становішча Новагародскага ваяв. на скрыжаванні шляхоў, што вялі да Варшавы з усіх павятовых цэнтраў ВКЛ, абумовіла выбар спачатку Ваўкавыска, а потым Слоніма ў якасці месца правядзення перадсоймавых С.г., а часам і агульнадзярж. з’ездаў ВКЛ (1577, 1582). Палажэнне пра С.г. ВКЛ было ўжо ў заключных дакументах перамоў паміж прадстаўнікамі ВКЛ і пасламі Генрыка Валезы пры яго абранні на трон Рэчы Паспалітай, але канчаткова юрыдычна аформіў існаванне перадсоймавага С.г. ВКЛ у Ваўкавыску 8-ы артыкул канстытуцыі каранацыйнага сойма 1576. У Кароне (Польскім каралеўстве) С.г. здаўна склікаліся ў Малой Польшчы. Вял. Польшчы, Каралеўскай Прусіі і Мазовіі. У маі 1577 кароль Стафан Баторый змест вальнага сойма склікаў С.г. ў Кароне, якія разглядалі пытанні, што знаходзіліся выключна ў кампетэнцыі сойма. У ліп. 1577 у Ваўкавыску сабраўся дзярж. з’езд ВКЛ (у тагачасных дакументах ён фігуруе як «соймик валный» і «сойм волковыйский»), які ўхваліў падатак на абарону толькі сваёй дзяржавы і адзначыў, што скліканне манархам павятовых соймікаў і С.г. без склікання сойма парушае правы і вольнасці ВКЛ. Праз некаторы час у ВКЛ узнікла прапанова перанесці месца пасяджэнняў С.г. ў Слонім, пра што гаварылася ў адным з артыкулаў праекта выпраўлення Статута ВКЛ, які быў прыняты Віленскім гал. з’ездам у сак. 1584. Мяркуецца, што ініцыятарам пераносу быў падканцлер ВКЛ Л.І.Сапега, які ў 1586 атрымаў прывілей на трыманне Слонімскага стараства. Афіцыйна называе Слонім месцам правядзення С.г. Статут ВКЛ 1588, які дакладна рэгламентуе яго дзейнасць. На С.г. павінны былі збірацца тыя, хто меў права ўдзельнічаць у працы сойма — паны-рада (сенатары) і соймавыя паслы павятовай шляхты ў поўным іх складзе. С.г. павінен быў збірацца за 2 тыдні да вальнага сойма. На практыцы ён збіраўся і раней адзначанага тэрміну — за 3 ці 4 тыдні да сойма. Перад надзвычайным соймам С.г. ВКЛ мог быць скліканы за тыдзень да яго пачатку. Звычайна С.г. ВКЛ адбываўся прыкладна за 10 дзён перад кароннымі С.г. Паводле Статута ВКЛ С.г. быў неабходны, каб паслы і сенатары з’яўляліся на сойм са «згодными намовами и умыслы». На С.г. яны «знесши впосродок себе инструкцыи всих земль и поветов, мають межи себе намовы спольные в милости братерской о всих потребах земских чинити, приводечи се до одного слушного зрозуменья и уваженья речей ку доброму Речи Посполитое», каб на сойме справы вырашаліся «без великого затрудненья, снадней и спешней». На С.г. узгадняліся інструкцыі павятовых соймікаў і пазіцыі соймавых паслоў усіх паветаў ВКЛ, а таксама вызначаліся мэты і задачы ўсіх прадстаўнікоў ВКЛ на агульным сойме Рэчы Паспалітай і, па магчымасці, выпрацоўваліся агульныя для ўсяго ВКЛ погляды на праблемы, якія выносіліся на разгляд сойма, агульны кірунак знешняй і ўнутранай палітыкі ВКЛ. Дзякуючы гэтаму ўмацоўвалася адзінства дзяржавы, патрэбы насельніцтва асобных мясцовасцей хутчэй вырашаліся ў цэнтр. органах дзярж. улады. Сесія С.г. паводле Статута ВКЛ магла працягвацца «водле часу и потребы», толькі б паслы паспелі прыехаць на сойм. Звычайна пасяджэнні С.г. адбываліся ў драўляным палацы ў Слонімскім замку. У пазнейшых соймавых канстытуцыях С.г. ВКЛ называецца генеральным. Ён павінен быў збірацца на падставе каралеўскіх лістоў, у якіх вызначаўся тэрмін пачатку сесіі (звычайна за 2—3 тыдні да пачатку сойма). У 2-й пал. 17 ст. статутавае палажэнне пра С.г. не выконвалася. Страцілі сваё зачэнне ў сярэдзіне 17 ст. і генеральныя соймікі Малой Польшчы і Вял. Польшчы. Даўжэй праіснавалі С.г. Мазовіі і Каралеўскай Прусіі. Патрэба ў рэгулярных перадсоймавых з’ездах знікала па меры развіцця т.зв. правінцыяльных сесій нацый (Малой Польшчы, Вял. Польшчы, ВКЛ, Каралеўскай Прусіі) на вальных соймах Рэчы Паспалітай. На гэтых сесіях сенатары і соймавыя паслы ВКЛ толькі ў сваім складзе, без прысутнасці палякаў, абмяркоўвалі правядзенне сваіх законапраектаў.

Літаратура:

Лаппо И.И. Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569—1586): Опыт исслед. полит. и обществ. строя. Т. 1. СПб., 1901;

Яго ж. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия: Литовско-русский повет и его сеймик. Юрьев, 1911;

Яго ж. Iš vyriausiųjų Lietuvos suvažiavimų istorijos XVI amž., 1577 metų suvažiavimas rytų Vilkaviškyje. Kaunas, 1932;

Яго ж. Литовский Статут 1588 г. Т. 1—2. Каунас, 1934—38;

Kutrzeba S. Historja ustroju Polski w zarysie. T. 2. Lwów; Warszawa, 1921;

Gierowski J.A. Sejmik generalny księstwa mazowieckiego na tle ustroju sejmikowego Mazowsza. Wrocław, 1948;

Dygdała J. Próba reformy sejmiku generalnego Prus Królewskich w 1734 // Czasopismo Prawno-Historyczne. 1985. Z. 2;

Naworski Z. Sejmik generalny Prus Królewskich 1569—1772: Organizacja i funkcjonowanie na tle systemy zgromadzeń stanowych prowincji. Toruń, 1992.

© Андрэй Радаман, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.