Артыкулы: Бартольд (Bartold, Barthold, Bartolt) Кароль

Бартольд (Bartold, Barthold, Bartolt) Кароль (28.10.1680, Цяханаўская зямля, Мазовія—24.5.1745), педагог, гісторык. Д-р філасофіі і тэалогіі (1711). У 1698 уступіў у ордэн езуітаў, з 1740 ксёндз. Вучыўся ў езуіцкіх навуч. установах, у т.л. ў Пултуску, Варшаве і Вільні. Выкладаў рыторыку, філасофію, тэалогію, кананічнае права ў Віленскай акадэміі (1711—12, 1716—19, 1725—26), Варшаве (1712—13), Новагародку (1714—16), Пінску (1719—21), Варшаве (1721—25, 1726—29). Рэктар езуіцкага калегіума ў Ломжы (1729—31), дома навіцыяту ў Вільні (1731—35), Віленскай акадэміі (1735—38), кіраўнік Літоўскай правінцыі езуіцкага ордэна (1738—41), прэпазіт дома прафесаў у Вільні (1741—45). Вёў барацьбу з піярамі за ўплыў у сферы адукацыі ў ВКЛ. Правёў рэформу езуіцкага школьніцтва ў ВКЛ, увёў у выкладанне як асобныя дысцыпліны геаграфію і гісторыю. Аўтар падручніка па гісторыі «Свята для першага класа» («Festumecceprimaeclassis», Вільня, 1719; 6 разоў перавыдаваўся ў 1721—40 пад назвай «Вобразы князёў і каралёў Польшчы», «ImaginesprincipumetregumPoloniae»), які асвятляў гісторыю Польшчы і Рэчы Паспалітай ад легендарных часоў да Аўгуста ІІ. Выступаў за захаванне традыцыйных шляхецкіх вольнасцей, але рэгламентаваных пэўнай колькасцю законаў.

Літаратура:

Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII—середине XVIII в. Мн., 1971. С. 43—44.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.