Артыкулы: Казаноўскі Адам (Kazanowski Adam)
Казаноўскі Адам (Kazanowski Adam) (каля 1599—25.12.1649) – дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай.
З польскага шляхецкага роду герба «Грымала» з Сандамірскага ваяводства. Бацька – Зыгмунт Казаноўскі, падкаморы каронны, маці – Зоф’я з Варшэвіцкіх. Дзякуючы бацьку – любімцу караля Жыгімонта ІІІ, К. у маладосці пасябраваў з каралевічам Уладзіславам, стаў на ўсё жыццё яго прыяцелем і дарадцам. К. стала суправаджаў Уладзіслава ў паездках, на соймах, за граніцай.
У 1617—1618 удзельнічаў у выправе на Маскву, у 1621 – пад Хацінам. У 1624—1625 суправаджаў каралевіча Уладзіслава ў падарожжы па Германіі, Бельгіі, Італіі, Швейцарыі. Пасля ўступлення Уладзіслава на трон атрымаў урады кароннага стольніка (1633), падкаморыя (1634), кашталяна сандамірскага (1637), маршалка надворнага (1642). У 1633—1634 удзельнічаў у ваенных дзеяннях пад Смаленскам, пасля – пад Гданьскам.
Маёнткі: Грымалаў (Рускае ваяв.), Казанаў, Краснікі, Цяпеляў (Сандамірскае ваяв.), Чашнікі (Полацкае ваяв.).
Трымаў саляныя капальні ў Вялічцы (1642—1647), атрымаў стараствы Борценскае (1631), Барысаўскае (1633), Казеніцкае (1633), Роменскае (1633), Салецкае (1634), Бельскае (1638), Новатаргскае (1638), Вакаўскае (1645), ленныя маёнткі ў Чарнігаўскім ваяводстве, у Смаленскім ваяводстве: Белік, Рабе / Вірсе, Прысмара, Сяльцо, Высокае, Васілева, Таўкачова, Цяцерына, Пятрова, Гірсава, Грыдзіна, Анісімава, Філіпава, Церанцеева, Максімава, Дваранскае, Маложа, Усава, Лужацкая Слабада, Пяскі, Алфер’ева, Дробышава, Мірохіва, Скрылева, Шэвелева, Стараселле, Шчаўкунова, Рыкава, Кокліна. Барысаўскае стараства здаваў у шматгадовую арэнду рыжскаму мешчаніну Данаваю.
У шыкоўным палацы ў Варшаве сабраў галерэю, кунсткамеру, бібліятэку.
Фундаваў царкву св. Юрыя і касцёл ў Барысаве, сельскія цэрквы ў Барысаўскім старастве.Як стараста бельскі фундаваў разам з жонкай у 1638 пабудову кляштара кармелітаў у Бельску Падляшскім, у 1641 пабудаваў там драўляны кляштарны касцёл Маці Божай з Гары Кармель.
Памёр у Варшаве. Пахаваны 13.1.1650 у касцёле св. Яна ў Варшаве.
Жонка: Эльжбета з Слушкаў (1619—1671; шлюб 25.6.1634, Вільня), бацька: Аляксандр Слушка (каля 1580—1647), ваявода менскі, маці: Соф’я Канстанцыя з Зяновічаў (?—1642).
Дзяцей не меў.
Падрабязнасці:
Czapliński Władysław. Na dworze króla Władysława IV. Warszawa, 1959.
Czapliński Władysław. Władysław IV i jego czasy. Warszawa: Wiedza powszechna, 1972. 400 s.
Czapliński Władysław, Przyboś Adam. Kazanowski Adam z Kazanowa // PSB. Т. 12. Wrocław; Warszawa; Kraków, 1966—1967. S. 250—253.
Zemeła Krzysztof. Adam Kazanowski — dzierżawca żup wielickich w latach 1642—1647 // Przegląd Historyczny. 1985. T. LXXVI. Z. 2. S. 255—267.
Zemeła Krzysztof. Małżeństwo Adama Kazanowskiego z Elżbietą Słuszczanką // Mówią Wieki. 1988. Nr 10. S. 28—32.
Zemeła Krzysztof. Kariera majątkowa Adama Kazanowskiego, marszałka nadwornego koronnego // Między Wisłą a Pilicą: Studia i materiały historyczne. T. 13. Kielce, 2012. S. 67—83.
Zemeła Krzysztof. Rola Adama Kazanowskiego w polityce bałtyckiej Władysława IV Wazy // Między Wisłą a Pilicą: Studia i materiały historyczne. T. 17. Kielce, 2016. S. 37—47.
Кулаковський Петро. Чернігово-Сіверщина у складі Речі Посполитої (1618—1648). Київ: Темпора, 2006. 495 с., іл.
Goszczyński Artur. Działalność polityczna Adama Kazanowskiego (1599—1649) // Zeszyty Naukowe Uniwersytetu Jagiellońskiego. Prace Historyczne. 2013. 140. Z. 2. S. 161—179.
Goszczyński Artur. Przybytek pana Adama, czyli o krótkiej świetności pałacu Kazanowskich w Warszawie // Zeszyty Naukowe Towarzystwa Doktorantów Uniwersytetu Jagiellońskiego. Nauki Społeczne. 2014. Nr 2. S. 211—242.
Broniarczyk Marcin. Adama Kazanowskiego, marszałka nadwornego koronnego, lata szkolne i peregrynacje // Rozprawy z Dziejów Oświaty. Т. 54. 2017. S. 11—26.
Пачкаеў Мікалай. Сьвятлейшы пан Адам з Чашнікаў // Лепельшчына. Краязнаўчы альманах. Выпуск 2. Мінск: Медысонт, 2017. 317 с., іл. (С. 315—316, іл.).
Смоленщина в документах Литовской метрики первой половины XVII в. Владельцы и их маетности / Автор-составитель Владимир Анатольевич Прохоров. Смоленск: Край Смоленский, 2017. 544 с., карты.
Голубович В.В. Фаворитизм как инструмент интеграции: Адам Казановский в Великом княжестве Литовском в 1633—1648 гг. // Социально-экономический и гуманитарный журнал. 2023. № 2. С. 147—161.
Белкина Екатерина. Еврейская книга Адама Казановского в коллекции Д.А.Хвольсона // Newish. Молодежный журнал по истории и культуре евреев. 2025. № 1. С. 62—72, ил.
© Валерый Пазднякоў, 2025
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне