Артыкулы: Барч Фрыдрых
Барч Фрыдрых (крас. 1552, г. Бранева, Усходняя Прусія—21.11.1609), дзеяч каталіцкай царквы. У 1569—72 вучыўся ў Калегіум Раманум у Рыме, у 1572 уступіў там у ордэн езуітаў. Вывучаў тэалогію ў Вене. З 1576 у Рэчы Паспалітай. У Браневе быў прэфектам школы, дыяцэзіяльнай семінарыяй, Папскай семінарыяй, шляхецкім канвіктам, рэктар калегіума (1584—90). У 1592—95 рэктар Віленскай акадэміі. Суперыёр і прапаведнік у Гданьску (1595—98), віцэ-правінцыял для літоўскай часткі Польскай правінцыі ордэна езуітаў (1598—1600), спавядальнік караля польскага і вял. князя літоўскага Жыгімонта ІІІ. Удзельнічаў у смаленскім паходзе караля ў час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Падчас апекі над хворымі заразіўся і памёр пад Смаленскам. Аўтар казанняў, палемічных і аскетычных твораў на лац. мове: «Controversiarumhuiussaeculipracticaadpopulumtractatio» (Кракаў, 1607), «Thesaurusspiritualis» (Кракаў, 1607), «Concionescontroversae» (Кракаў, 1607; Кёльн, 1610).
Літаратура:
Piechnik L. Początki Akademii Wileńskiej, 1570—1599. Rzym, 1984.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне