Артыкулы: Сноўскі (Сноўскі-Граўж) Мальхер Жыгімонтавіч
Сноўскі (Сноўскі-Граўж) Мальхер Жыгімонтавіч (?—паміж 12.10 і 10.11.1587) — дзяржаўны і ваенны дзеяч.
З шляхецкага роду герба «Даленга». Бацька: Жыгімонт. Брат: Павел.
Гаспадарскі дваранін з 1555. Быў кліентам Мікалая Радзівіла Чорнага, што аблегчыла яму кар’еру. Быў у складзе пасольства ВКЛ на перагаворах з Польшчай адносна уніі на сойме 1563—1564 у Варшаве. Першы суддзя земскі новагародскі ў 1565—1580. Маршалак гаспадарскі з 1567. Дзяржаўца куранецкі. Удзельнічаў у Люблінскім сойме 1569 і заключэнні уніі з Польшчай. Кашталян віцебскі з 1579. Першы маршалак Трыбунала ВКЛ (1582—1583).
Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558—1582. У 1565 атрымаў прыпаведны ліст на наём роты ў 200 коннікаў. У 1567 выставіў прыватны почат з 32 коннікаў і 16 драбаў. У 1573 для абароны Інфлянтаў выставіў роты коннікаў (200) і драбаў (100). У 1580 на выправу пад Вялікія Лукі выставіў прыватны почат з 100 коннікаў.
Вызнаваў кальвінізм. Ахвяраваў пляц на рынку Новагародка пад евангеліцкі збор.
Маёнткі: Сноў, Малы Лулінец (купіў у 1580 у кн. Паўла Янушавіча Любецкага), Ляхавічы (Новагародскае ваяв.), Граўжышкі, Біюцішкі (Ашмянскі пав.), Куранец-Сэрвач, Лыскава (Ваўкавыскі пав.). Атрымаў 24.6.1564 прывілей ад Жыгімонта Аўгуста на заснаванне мястэчка ў Снове з 2 кірмашамі штогод[1].
Жонка (шлюб ужо 20.6.1554): Барбара Янаўна Клочкаўна Падароская (?—1593; бацька: Ян Клочка). Дзяцей не меў.
Падрабязнасці:
Lulewicz H. Snowski Malcher (Melchior) // PSB. 39/5. S. 408—410.
Спiрыдонаў Міхаіл. Наваградчына ў XVI—XVIII стст. // Памяць. Навагрудскі раён. Мінск: Беларусь, 1996. С. 93—123, іл.
Deputaci Trybunału Głównego Wielkiego Księstwa Litewskiego (1582—1696). Spis / Pod redakcją Andrzeja Rachuby opracowali Henryk Lulewicz i Andrzej Rachuba. Warszawa: DiG, 2007. 469 s.
Радаман Андрэй, Янушкевіч Андрэй. Шляхта Новагародскага павета ў паспалітым рушэнні ВКЛ 1567 года // Studia z dziejów Wielkiego Księstwa Litewskiego (XVI—XVIII wieku). Warszawa: DiG, 2014. 464 s. (С. 337—381).
Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. Кніга № 272 (1576—1579). Кніга судовых спраў № 58. (Копія канца XVI ст.) / Падрыхтаваў А.А.Мяцельскі. Мінск: Беларуская навука, 2015. 437 с., іл.
Падалінскі Уладзімір. Прадстаўніцтва Вялікага Княства Літоўскага на Люблінскім сойме 1569 года. Удзел у працы першага вальнага сойма Рэчы Паспалітай. Мінск: Выдавец А.М.Янушкевіч, 2017. 239 с.
Radaman Andrei. Miejsca obrad sejmików i zjazdów szlacheckich powiatu nowogródzkiego // Miscellanea Historico-Iuridica. 2022. Tom XXI, zeszyt 1. Edycje źródłowych akt sejmikowych (przeszłość – teraźniejszość – przyszłość). Białystok, 2022. S. 75—115, il.
Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom VI. Ziemia nowogródzka i województwo nowogródzkie. XV—XVIII wiek / Pod redakcją Andrzeja Rachuby opracowali Henryk Lulewicz, Tomasz Jaszczołt, Andrej Radaman, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk, Andrej Macuk, Adam Danilczyk, Andrzej Haratym. Warszawa: Instytut Historii PAN, 2024. 524 s.
© Валерый Пазднякоў, 2025
[1] КМФ-18.1.39.618—618 адв.
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


