Артыкулы: Барыс Фёдаравіч Гадуноў

Барыс Фёдаравіч Гадуноў[Борис Фёдорович Годунов; каля 1550—13(23).4.1605], рускі цар з 1598. Паходзіў з баярскага роду. Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558—82. Заняў віднае становішча ў час апрычніны дзякуючы жаніцьбе на дачцы М.Скуратава і шлюбу сваёй сястры Ірыны з царэвічам Фёдарам Іванавічам (каля 1574). Пры цару Фёдару Іванавічу стаў фактычным кіраўніком дзяржавы. Быў абраны на трон Земскім саборам. Умацоўваў цэнтральную ўладу, абапіраючыся на дваранства, узмацніў запрыгоньванне сялян. Ажыццяўляў вялікае крэпасное і царкоўнае будаўніцтва, у Смаленску загадаў пабудаваць вялізныя гарадскія ўмацаванні. Імкнуўся да пашырэння гандлёвых, ваенных і культурных сувязей з краінамі Зах. Еўропы. У 1599 праводзіў лінію на саюз са шведскім правіцелем герцагам Карлам, скіраваны супраць Жыгімонта ІІІ. Мэтай саюзу было выцесніць Рэч Паспалітую з Прыбалтыкі, каб замацавацца там. Саюзнікам у барацьбе супраць Рэчы Паспалітай Б.Ф. лічыў Свяшчэнную Рымскую імперыю, якой прапаноўваў сумесна пасадзіць на трон Рэчы Паспалітай эрцгерцага Максіміляна (прэтэндаваў на трон яшчэ ў 1587, але саступіў у гэтай барацьбе Жыгімонту ІІІ). Інфлянты Б.Ф. прапаноўваў падзяліць паміж Швецыяй і Расіяй. Імперыя адмовілася ад такога саюзу з Расіяй. У 1600 пачалася адкрытая вайна паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай, у якой Расія вырашыла выступіць на баку апошняй. Рэч Паспалітая таксама імкнулася заключыць саюз з Расіяй, таму ў 1600 у Маскву было паслана вял. пасольства на чале з канцлерам ВКЛ Л.І.Сапегам. Пасольства прапанавала заключыць дзярж. унію паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй (фактычна Расія павінна была быць інтэграванай у Рэч Паспалітую), але Б.Ф. на гэта не пайшоў. Ён прапаноўваў сумесную барацьбу супраць Швецыі і план падзелу Інфлянтаў паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай, які аказаўся непрамальным для апошняй. Вынікам пасольства стала толькі заключэнне ў 1601 20-гадовага перамір’я. Перагаворы Расіі са Швецыяй у 1601, у ходзе якіх шведскі бок прапаноўваў Б.Ф. план захопу беларускіх зямель, скончыліся безвынікова. Узмацненне ў Расіі сацыяльнага ціску прывяло ў пач. 17 ст. да сялянскай вайны і казацкіх выступленняў, чым скарыстаўся самазванец Ілжэдзмітрый І. У час барацьбы з ім Б.Ф. раптоўна памёр.

Літаратура:

Флоря Б.Н. Русско-польские отношения и балтийский вопрос в конце XVI—начале XVII в. М., 1973;

Скрынников Р.Г. Борис Годунов. М., 1983;

Яго ж. Россия накануне «смутного времени». 2 изд. М., 1985;

Яго ж. Социально-политическая борьба в Российском государстве в начале XVII в. Л., 1985;

Зимин А.А. В канун грозных потрясений. М., 1986;

Czerska D. BorysGodunow. Wrocław, 1988;

Павлов А.П. Государев двор и политическая борьба при Борисе Годунове (1584—1605). М., 1992;

Морозова Л.Е. Борис Федорович Годунов // Вопросы истории. 1998. № 1.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.