Артыкулы: Белавежская пушча
Белавежская пушча, лясны масіў у Берасцейскім ваяв. Упершыню ўпамінаецца ў 1409, калі паміж каралём польскім Ягайлам і вял. князем літоўскім адбыліся перагаворы ў Берасці (гл. Берасцейская сустрэча 1409). Пасля перагавораў было арганізавана паляванне ў Б.п., пад час якога нарыхтавана мяса для ваеннай кампаніі 1410 супраць Тэўтонскага ордэна. Яшчэ раз Ягайла паляваў у Б.п. ў 1426. Вядома, што тут знаходзіліся Жыгімонт І Стары (1506), Жыгімонт ІІ Аўгуст (1546), Стафан Баторый (1581, 1583, 1584), Жыгімонт ІІІ (1597), Жыгімонт IV (1643), Ян ІІ Казімір (1650). Вял. паляванне было арганізавана ў 1752 для Аўгуста ІІІ. У гонар гэтай падзеі ў пушчы быў пасталены абеліск. Б.п. мела статут вялікакняжацкага (каралеўскага) паляўнічага ўгоддзя, адпаведны штат службоўцаў і аховы (ляснічы, асочнікі, лясныя слугі, стражнікі). Перыядычна праводзіліся рэвізіі Б.п. (Белавежскага лясніцтва). Мясцовае насельніцтва за службу па падтрыманні пушчы ў належным стане і за ўдзел у каралеўскіх паляваннях атрымлівала ў карыстанне вольныя ад падаткаў (акарамя дзяржаўных) зямельныя надзелы. Пры кіраванні надворнага падскарбія ВКЛ Антонія Тызенгаўза (1765—80) праведзены рэформы з мэтай павысіць таварны патэнцыял Б.п. Было адменена права карыстацца пушчай з боку пабочных асобаў, яна падзелена просекамі на 13 старажаў. Павялічыўся вываз з пушчы драўніны. У 1784 вял. паляванне арганізавана для Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Праведзены перад гэтым улік зуброў паказаў, што ў Б.п. жыло як мінімум 284 іх асобінаў. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) пушча ў складзе Рас. імперыі.
Літаратура:
Hedemann O. Dzieje Puszczy Białowieskiej w Polsce przedrozbiorowej: (w okresie do 1798 roku). Warszawa, 1939;
Похилевич Д.Л., Чугай В. Королевские леса Белоруссии и Литвы во второй половине XVIII в.: (производство, население) // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы, 1966. Таллин, 1971;
Daszkiewicz P., Jędrzejewska B., Samojlik T. Puszcza Białowieska w pracach przyrodników 1721—1831. Warszawa, 2004;
Samojlik T., Jędrzejewska B., Kamiński T. Polana pasieczna na akwareli Jana Henryka Müntza Puszcza Białowieska — polowanie na niedźwiedzia (1780—1783 r.) // Kwartalnik Historii Kultury Materialnej. 2003. № 3—4;
Samojlik T. Łowy i inne pobyty królów polskich i wielkich książąt litewskich w Puszczy Białowieskiej w XV—XVI wieku // Там жа. 2006. № 3—4;
Белавежская пушча: вытокі запаведнасці, гісторыя і сучаснасць. Мінск, 2009.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне