Артыкулы: Белазоры

Белазоры (Монтвіды-Белазоры), шляхецкі род герба «Вянява». Паводле некат. гісторыкаў, паходзілі ад роду Саковічаў. Асн. маёнткі мелі ў Жамойці і Полацкім ваяв. Найб. вядомыя:

Станіслаў (?—да 1623), сын Яна. Паборца вількамірскі ў 1578, упіцкі стольнік у 1584, суддзя земскі ў 1589, падкаморы з 1593; маршалак сойма 1605, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1605. У 1601—02 ваяваў са шведамі ў Інфлянтах.

Ян Кароль (1596—10.2.1631), сын Станіслава. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, Германіі і Італіі. Кусташ віленскі, каралеўскі сакратар, да 1630 рэгент меншай канцылярыі ВКЛ, рэферэндар духоўны ВКЛ з 1630.

Крыштоф (1588 або 1589—8.5.1644), сын Станіслава. Маршалак упіцкі, стараста абельскі; пасол на соймы 1629, 1632, 1633, 1638, 1643, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1628 і 1640.

Ежы (?—17.5.1665), сын Крыштофа. Скончыў Віленскую акадэмію, стаў ксяндзом. Каралеўскі сакратар, скарбовы пісар ВКЛ у 1649—58, канонік віленскі, пробашч капліцы св. Казіміра, рэгент меншай канцылярыі ВКЛ у 1650—55, кусташ віленскі з 1652, біскуп смаленскі ў 1658—61 і віленскі з 1661. Вымушана падпісаў ад імя Віленскай капітулы Кейданскі дагавор 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй. У Верках у 1663 заклаў Віленскую Кальварыю як воту за вызваленне айчыны.

Станіслаў (?—1666 або 1667), сын Габрыеля. Вількамірскі падсудак, суддзя земскі з 1649, падкаморы упіцкі, кашталян мсціслаўскі з 1662; пасол на соймы 1648, 1649, 1655.

Казімір Кароль (каля 1608, Троцкае ваяв.—да 8.10.1682), сын Габрыеля. Стараста новамлынскі з 1628, падсудак вількамірскі ў 1634—57, маршалак упіцкі ў 1657—64, кашталян віцебскі ў 1664—67, ваявода менскі ў 1667—80; пасол на соймы 1648 і 1661, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1666—67. У 1649—51 ваяваў у войску Я.Радзівіла з казакамі, у 1658 — у палку М.Паца са шведамі пад Мітавай.

Крыштоф Казімір (Аляксандр; ?—5.3.1687), сын Казіміра Караля. Упіцкі падстолі з 1657, харужы з 1663, маршалак з 1671, вял. харужы ВКЛ з 1683; каралеўскі палкоўнік, стараста упіцкі з 1676, керсноўскі і вірштынецкі; пасол на соймы 1667 і 1674. У 1683 заснаваў Дунілавіцкі кляштар дамініканцаў.

Марцыян (каля 1627—18.6.1707), сын Станіслава (?). Уступіў у манаскі ордэн базыльянаў і быў пасланы на вучобу ў Рым. Архімандрыт Гарадзенскага Каложскага Барыса-Глебскага манастыра, з 1661 — Віленскага Троіцкага, епіскап пінскі ў 1665—66, архімандрыт Лаўрышаўскага манастыра з 1671. Віленскім і Лаўрышаўскім манастырамі валодаў на падставе каралеўскіх прывілеяў, але без згоды кіраўніцтва базыльянскага ордэна, якое вяло супраць Марцыяна шматгадовыя суд. працэсы. У 1674 забраў усе правасл. цэрквы ў Тураве і ваколіцах. З 1697 архіепіскап полацкі. У 1699 дамогся каралеўскага прывілея, якім у унію абарачалася правасл. Магілёўская епархія з усімі яе цэрквамі і манастырамі, што цалкам не было ажыццёўлена з-за пачатку Паўн. вайны.

Крыштоф (?—1741), сын Уладзіслава. Канонік віленскі, канцлер віленскай і смаленскай капітул. Адзін з лідэраў антысапегаўскага саюза шляхты ў феадальную вайну 1797—1702. Патрабаваў ад караля Аўгуста ІІ саксонскіх войск для разгрому Сапегаў. Ініцыятар расправы над М.Сапегам пасля Алькеніцкай бітвы 1700. У 1702 пасол шляхты ВКЛ да цара Пятра І, патрабаваў ад яго войск і грошай, каб змагацца з Сапегамі і шведамі. У 1703 у складзе пасольства шляхты ВКЛ да Пятра І, якое заключыла саюз, аддаючы ВКЛ пад пратэкцыю Масквы. У 1708—10 зняволены Сапегамі.

Ежы (?—пасля 1758), сын Аляксандра. Упіцкі падстолі з 1721, стольнік з 1735, суддзя земскі, пісар скарбовы ВКЛ з 1748, войскі упіцкі з 1756, стараста новамлынскі; пасол на соймы 1738, 1748, 1758. Прыхільнік Радзівілаў, выконваў даручэнні М.К.Радзівіла Рыбанькі за мяжой і адстойваў яго інтарэсы на сойміках і сесіях Трыбунала ВКЛ.

Літаратура:

Żychliński T. Złota księga szlachty polskiej. Rocznik 5. Poznań, 1883;

Рачкоў І. Белазоры Гарадзенскай і Віленскай губерняў у XVIII—XX ст. // Герольд Litherland. 2002. № 1—2.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.