Артыкулы: Брандэнбургскі паход 1326
Брандэнбургскі паход 1326 — сумесны ваенны паход польскіх войскаў пад камандаваннем караля Уладзіслава І Лакатка і войск ВКЛ пад камандаваннем Давыда, старасты гарадзенскага, на маркграфства Брандэнбург, якое належала Людвігу, сыну імператара Людвіга IV Баварскага.
Паход быў выкліканы міжнародным канфліктам за права на імперскую карону пасля смерці імператара Генрыха VII (1313), у якім удзельнічалі Людвіг IV Баварскі і Фрыдрых ІІІ Аўстрыйскі. Рымскі папа Іаан ХХІІ падтрымліваў апошняга і намагаўся стварыць супраць яго кааліцыю, у якую ўвайшла і Польшча. Узмацнення Людвіга IV апасаўся і польскі кароль Уладзіслаў, які імкнуўся падпарадкаваць Сілезію і Любушскую зямлю, уключаную ў склад Брандэнбурга. У 1324—1325 Уладзіслаў заключыў саюз з вялікім князем літоўскім Гедымінам, умацаваны шлюбам Альдоны, дачкі Гедыміна, і Казімірам, сынам Уладзіслава (гл. Дагавор 1325). ВКЛ і Польшча, заключылі перамір’і з Тэўтонскім ордэнам (адпаведна ў канцы 1324 і 7.2.1326). Адначасова Уладзіслаў заключыў мір з мазавецкімі князямі, якія забяспечылі бесперашкодны праход войск ВКЛ. Давыд Гарадзенскі 10.2.1326 прывёў 1200 чалавек войска да польскай арміі. У лютым—сакавіку 1326 саюзнікі, не сустракая арганізаванага адпору, ваявалі землі Брандэнбурга, узялі і разрабавалі Франкфурт і Берлін, захапілі 6000 палонных і багатую здабычу. Пад уплывам бясчынстваў, якія рабілі літвіны ў захопленых землях, у час іх адыходу мазавецкі шляхціч Андрэй Гост забіў Давыда Гарадзенскага.
Палітычнага плёну паход не прынес яго ўдзельнікам. Аўтарытэт ВКЛ і Польшчы ў Імперыі ўпаў. У перспектыве паход садзейнічаў падтрымцы еўрапейскімі рыцарамі вайны Тэўтонскага ордэна супраць ВКЛ.
Брандэнбурскі паход 1326 стаў самым прасунутым на захад паходам войска ВКЛ за ўсю яго гісторыю.
© Валерый Пазднякоў, 2019
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне