Артыкулы: Бранскае княства

Бранскае княства, феадальная дзяржава ў 13—15 ст. у Сярэднім Падзясенні. Цэнтр — г. Бранск. Утварылася ў сярэдзіне 13 ст. ў выніку драблення Чарнігаўскага княства. Вядома з 1263. Займала гал. месца ў сістэме Чарнігаўскай зямлі, бранскія князі адначасова мелі тытул і чарнігаўскіх; Бранск стаў рэзідэнцыяй чарнігаўскіх епіскапаў. Хутка Б.к. стала аб’ектам барацьбы паміж Смаленскам, Масквой і ВКЛ. Паміж 1285—97 Б.к. перайшло пад уладу смаленскіх князёў, не пазней за 1339 — пад сюзерэнітэт ВКЛ, у 1352 — пад сюзерэнітэт Масквы (разам са Смаленскім княствам). Каля 1360 у Бранску адбылося паўстанне прыхільнікаў ВКЛ, якія далучылі княства да ВКЛ, Бранская епархія падначалена Літоўскай мітраполіі. На бранскі стол вял. князь літоўскі Альгерд пасадзіў кн. Рамана Міхайлавіча Чарнігаўскага. Каля 1363 Раман з княствам перайшоў на бок Масквы, што выклікала паход на Чарнігаўшчыну войска ВКЛ; уся яна была занята, а ў Бранску пасаджаны Дзмітрый Альгердавіч. Пазней у выніку пераразмеркавання сталоў Дзмітрый перайшоў у Трубчэўск на Пд Б.к. Зімой 1379—80 на Б.к. зрабіў паход маскоўскі вял. кн. Дзмітрый Іванавіч, захапіў Трубчэўск, Старадуб і інш., да яго на службу перайшоў Дзмітрый Альгердавіч. Б.к. засталося ў ВКЛ. Пасля 1380 Дзмітрый Альгердавіч вярнуўся ў ВКЛ, як бранскі князь удзельнічаў у бітве на Ворскле 1399, дзе і загінуў. Вітаўт перадаў Б.к. Раману Міхайлавічу, які таксама вярнуўся ў ВКЛ і загінуў у Смаленску ў 1401. У 1408 з Бранска выехаў у Маскву Свідрыгайла, што княжыў на Чарнігаўшчыне. У 1446 на непрацяглы час Б.к. атрымаў ад вял. кн. Казіміра выхадзец з Расіі кн. Васіль Яраславіч (гл. Яраславічы). У 1465 Казімір перадаў Б.к. з інш. ўладаннямі кн. І.А.Мажайскаму і яго нашчадкам (гл. Мажайскія). У 1500 у вайну Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 кн. С.І.Мажайскі перайшоў з усімі сваімі ўладаннямі на бок Івана ІІІ. Па выніках вайны Б.к. засталося ў складзе Расіі.

Літаратура:

Горский А.А. Брянское княжество в политической жизни Восточной Европы (конец XIII—начало XV в.) // Средневековая Русь. М., 1996. Вып.1.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.