Артыкулы: Брэсцкі мір 1435

Брэсцкі мір 1435, мірны дагавор, падпісаны 31 снежня ў г. Брэст (цяпер Бжэсць-Куяўскі) паміж Польшчай і ВКЛ, з аднаго боку, і Тэўтонскім ордэнам (з удзелам Лівонскага ордэна), з другога. Быў заключаны ў ходзе феадальнай вайны 1432—39, калі за ўладу ў ВКЛ змагаліся Свідрыгайла і стаўленік Польшчы Жыгімонт Кейстутавіч. Пасля паражэння ў Вількамірскай бітве 1435 Свідрыгайла збег у Полацк, а саюзны яму Лівонскі ордэн быў вымушаны пайсці на замірэнне. Тэўтонскі ордэн (з удзелам Лівонскага) заключыў з Польшчай і ВКЛ (у асобе Жыгімонта Кейстутавіча) «вечны» мір і абяцаў больш не дапамагаць Свідрыгайлу. Ордэн абяцаў у будучым не прызнаваць ніякага вялікага князя літоўскага, якога б не прызналі польскі кароль і яго рада. Былі ў асноўным пацверджаны граніцы паміж ордэнам, Польшчай і ВКЛ, устаноўленыя Мельнскім мірам 1422. Полшча атрымала важны гандлёвы г. Няшава і адмовілася ад правоў на Гданьскае Памор’е і Хэлмскую зямлю. Абвяшчалася свабода грамадскіх і гаспадарчых кантактаў паміж бакамі. Ордэн абавязнаўся разарваць дзярж. сувязі са Свяшчэннай Рымскай імперыяй (імператар Сігізмунд Люксембургскі падтрымліваў Свідрыгайлу) і рымскай курыяй і ператвараўся ў лакальную дзяржаву. Гарантам міра выступалі прускія саслоўі, у выпадку парушэння дагавора з боку крыжакоў іх падданыя вызваляліся ад паслушэнства ордэну, што сведчыла пра ўзмацненне ўнутранай апазіцыі ў ордэнскіх дзяржавах. Мір баў ратыфікаваны Лівонскім ордэнам у 1436.

Літаратура:

Historia dyplomacji polskiej. Warszawa, 1982. T. 1. S. 406;

Biskup M., Labuda G. Dzieje zakonu krzyżackiego w Prusach. Gdańsk, 1986.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.