Артыкулы: Ганна Святаслаўна (?—31.7.1418), вялікая княгіня літоўская
Ганна Святаслаўна (?—31.7.1418), вялікая княгіня літоўская, жонка вялікага князя Вітаўта. Дачка вял. князя смаленскага Святаслава Іванавіча [1358—86]. Паводле крыжацкага паведамлення, шлюб Вітаўта і Г.С. адбыўся яшчэ пры жыцці вял. князя літоўскага Альгерда (памёр у 1377). Відаць, ён быў заключаны ў 1360-х г., калі Вітаўт быў удзельным князем берасцейскім. У 1382 Г.С. садзейнічала ўцёкам мужа з вязніцы, куды яго пасадзіў Ягайла. У 1392 абяцала пры набыцці Вітаўтам пасады вял. князя літоўскага, што яе муж выканае ўмовы прысягі, прынесенай ім каралю польскаму Ягайле і Кароне Польскай. Вітаўт і Г.С. мелі дачку Соф’ю Вітаўтаўну, выдадзеную замуж за вял. князя маскоўскага Васіля Дзмітрыевіча, і іншых дзяцей, пэўных звестак пра якіх не захвалася. Г.С. была пахавана ў Віленскім кафедральным касцёле.
Літаратура:
Wolff J. Ród Gedimina.Kraków, 1886;
Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. Wrocław, 1999;
Nowakowski A. Księżna Anna Witoldowa a Krzyżacy // Archaeologia et historia. Księga jubileuszowa dedykowana pani profesor Romanie Barnycz-Gupieńcowej. Łódź, 2000.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне