Артыкулы: Гарадзенскі Баторыеўскі палац
Гарадзенскі Баторыеўскі палац («Баторыеўка»). Размяшчаўся ў Гародні на ўсх. баку Рыначнай плошчы каля езуіцкага касцёла. Мураваны будынак на гэтым месцы пабудаваны пасля 1579 па загаду караля польскага і вял. князя літоўскага Стафана Баторыя. У плане меў форму літары L, галоўным, доўгім фасадам выходзіў на Рынак. Не выключана, што паводле праектнага плана палац павінен быў мець сіметрычныя бакавыя крылы, з якіх пабудавана толькі адно. Магчыма, аўтарам праекта палаца з’яўляецца каралеўскі архітэктар італьянец Санці Гучы. У 1-й пал. 17 ст. пляц належаў князям Масальскім, з 1680 — Сапегам. Аднак на думку Е.Кавальчыка, палац пабудаваны ў сярэдзіне 17 ст. (магчымы аўтар праекту — Джавані Батыста Джыслені). Двухпавярховы будынак меў вестыбюль з 2 апорнымі слупамі, над ім размяшчалася вял. зала, да якой вяла манументальная лесвіца з 2 крылаў. Усе памяшканні 1-га паверху былі скляпеністыя. Планіроўка пакояў на абодвух паверхах анфіладная. На 2-м паверху цэнтральнае месца займала Вял. зала, прызначаная для каралеўскіх прыёмаў. Яна мела 2 каміны пры бакавых сценах, 2 акны, выхад на балкон. Налева быў уваход у Сенатарскі пакой, далей размяшчаліся 1-ы і 2-і каралеўскія пакоі, яшчэ далей (у паўд. крыле палаца) размяшчаліся каралеўская спальня, кабінет, уборная і 2 гардэробы. Направа ад Вял. залі размяшчаліся канферэнцыйны пакой кароннага канцлера і яго спальня. Знешняя аддзелка палаца была ў карынфскім стылі. Дах быў плоскі. З боку дзядзінца 1-ы паверх меў аркады. У 1717—18 прыстасаваны пад каралеўскую рэзідэнцыю ў час правядзення ў Гародні соймаў Рэчы Паспалітай. У гэты час да палаца прыбудавана паўн. крыло, узведзенае, аднак, з дрэва. Адначасова 2 драўлянымі 2-павярховымі пераходамі палац быў злучаны з іншым палацам Сапегаў на вул. Брыгіцкай, дзе адбываліся пасяджэнні Пасольскай Ізбы і Сената (архітэктар Іахім Даніэль Яўх). На 1-м паверху пераходаў былі зроблены аркады, на 2-м — шэраг памяшканняў для каралеўскіх дваран і вузкія карыдоры. Яшчэ адзін драўляны пераход вёў ад рыначнага палаца праз вул. Брыгіцкую да езуіцкага касцёла. Пасля пераносу ў сярэдзіне 18 ст. пасяджэнняў сойма ў Гарадзенскі Новы замак драўляныя пераходы разабраны. У 1765 палац прададзены Бжастоўскім. Быў надбудаваны 3-і паверх, накрыты мансардавым дахам, карынфскія пілястры заменены гладкімі. Каля 1780 разабраны паўн. драўлянае крыло.
Літаратура:
Lileyko J. Przebudowa grodzieńskich pałaców Batoriańskiego i Sapieżyńskiego na gmach sejmowy w 1717—1718 roku // Między Padwą a Zamościem: Studia z historii sztuki i kultury nowożytnej ofiarowane Profesorowi Jerzemu Kowalczykowi. Warszawa, 1993;
Kowalczyk J. Pałace i dwory późnobarokowe w mieście sejmowym Grodnie // Sztuka ziem wschodnich Rzeczypospolitej XVI—XVIII w. Lublin, 2000.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне