Артыкулы: Гарадзенскі кляштар брыгітак
Гарадзенскі кляштар брыгітак. Заснаваны ў 1634 вял. маршалкам ВКЛ Крыштофам Весялоўскiм i яго жонкай Аляксандрай з Сабескiх. У 1636 прыбылі 8 манашак з Любліна. Першая настаяцельніца — Ганна Сабеская (сястра Аляксандры). У 1638 і 1643 кляштар атрымаў прывілеі ад караля Уладзіслава IV. Першапачаткова касцёл і кляштар былі драўляныя. Мураваны касцёл Звеставання Дзевы Марыі меў сваім прататыпам касцёл у Алыцы, у асноўным пабудаваны да 1642, асвячоны ў 1651 віленскім біскупам Е.Тышкевічам. Акрамя касцёла ў комплекс пабудоў уваходзілі 2-павярховы жылы корпус, 3 карпусы якога разам з касцёлам утваралі дворык, гаспадарчыя будынкі (у т.л. драўляны лямус канца 18 ст.), званіца (пабудавана паміж 1783 і 1795, разабрана ў 1960-я г.), мураваная агароджа з брамамі. 1-нефавы касцёл мае невял. памеры (унутры 30,6 × 10,7 м), перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках. Паўцыркульная апсіда пераходзіць у асн. аб’ём і накрыта адным з ім высокім дахам. Галоўны 2-вежавы фасад упрыгожаны пілястрамі з карынфскімі капітэлямі. Яго ніжні ярус прарэзаны дзвярнымі і аконнымі праёмамі, у бакавых частках размешчаны арачныя нішы для скульптур. Зверху праходзіць раскрапаваны антаблемент, фрыз якога размаляваны ў тэхніцы сграфіта. Фасад завершаны аднолькавымі па вышыні франтонам і 2-яруснымі вежамі. Хоць кляштар быў разлічаны на 30 манашак, часам іх колькасць даходзіла да 40. Кляштар скасаваны ў 1842 з дазволам манашкам застацца. З 1908 тут жылі манашкі-назарэцянкі. У 1950—90 кляштар не дзейнічаў. У 1992 касцёл нанава асвячоны арцыбіскупам Т.Кандрусевічам.
Літаратура:
Tołłoczko W. Brygidki grodzieńskie: (Studyum historyczno-kulturalne) // Dwutygodnik diecezjalny wileński. 1914. № 16—24; 1915. № 5—9;
Мараш Я.Н. Кляштар св. Брыгіты // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1976. № 4;
Цейтлина М.М., Ветер Э.И. Исследование и реставрация сграффито бригитского костела в Гродно // Художественное наследие. 1984. № 9;
Вецер Э. Гродзенскія зграфіта // Мастацтва Беларусі. 1989. № 12;
Borkowska M. Miscellanea brygitańskie: Grodno // Nasza przeszłość. 1996. T. 85;
Martusewicz J. Z dziejów sióstr nazaretanek w Grodnie // Wilno i kresy północno-wschodnie. Białystok, 1996. T. 2;
Kałamajska-Saeed M. Kościoł Brygidek w Grodnie // Sztuka ziem wschodnich Rzeczypospolitej XVI—XVIII w. Lublin, 2000.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне