Артыкулы: Гарадзенскі кляштар кармелітаў босых
Гарадзенскі кляштар кармелітаў босых. Кармеліты асталяваліся ў Гародні каля 1650 паблізу уніяцкай царквы Чэснага Крыжа (на правым беразе Нёмана каля моста цераз раку). Відаць, у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 кармеліты занялі пакінутую царкву, а пасля вайны адбудавалі яе. У 1676 кашталян віленскі, стараста гарадзенскі Анджэй Францішак Катовіч з жонкай Барбарай Цэцыліяй фундавалі кармеліцкі кляштар пры былой царкве, аднак праз некалькі гадоў ён згарэў. Новы мураваны кляштар паўстаў на супрацьлеглым баку вуліцы. У 1738 узведзены мураваны касцёл Узвіжання св. Крыжа, асвячоны ў 1765. Мяркуецца, што аўтарам праекта быў Ю.Фантана. Касцёл – прамавугольная ў плане 3-нефавая базіліка з 6 унутр. слупамі. Да заходняга (апсіднага) тарца прылягаў 2-павярховы корпус сакрысціі і скарбніцы. Гал. фасад бязвежавы, 3-ярусны, з фігурным шчытом наверсе, упрыгожаны парнымі пілястрамі, нішамі са скульптурамі. 2-і і 3-і ярусы мелі па баках вял. валюты. У цэнтры фасада быў балкон для аркестра. Трохпавярховы кляштарны корпус тарцом далучаўся да сакрысціі касцёла. Кляштар скасаваны ў 1843. Будынкі разабраны ў пач. 20 ст.
Літаратура:
Квитницкая Е.Д. Монастыри XVIII в. с безбашенными храмами в Белоруссии // Архитектурное наследство. М., 1985. Вып. 33;
СлюньковаИ.Н. Монастыри восточной и западной традиций: Наследие архитектуры Беларуси. М., 2002;
GordziejewJ. Socjotopografia Grodna w XVIII wieku. Toruń, 2002;
Страчаная спадчына. 2 выд. Мн., 2003. С. 138—140.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне