Артыкулы: Гарадзенскі Новы замак
Гарадзенскі Новы замак, каралеўская рэзідэнцыя і месца пасяджэння соймаў Рэчы Паспалітай у Гародні. Рашэнне пра будаўніцтва прыняў сойм 1726, пасля чаго, відаць, пачаліся будаўнічыя работы. Найб. інтэнсіўна будаўніцтва вялося ў 1737—40. Упершыню ў Г.Н.з. сойм сабраўся ў 1744. Размешчаны на ўзгорку на правым беразе Нёмана насупраць Гарадзенскага Старога замка і злучаецца з ім мостам. Аўтар праекта, відаць, І.Х.Кнёфль. Хоць палацавы комплекс не меў абарончых умацаванняў, яго называлі замкам, бо ён выконваў рэзідэнцыяльныя і прадстаўнічыя функцыі. Складаўся з асноўнага корпуса, да якога далучаліся 2 крылы, службовых і гаспадарчых пабудоў. П-падобны ў плане 2-павярховы палац меў мансардавы дах. Гал. памяшканнямі былі Сенатарская і Пасольская залы, авальны салон з купалам, упрыгожаныя размалёўкай, размаляванымі плафонамі, панэлямі, залачонай лепкай у тэхніцы стука, скульптурай. Рызаліт у цэнтр. частцы аздоблены 4 парамі пілястраў, лепкай у прасценках і на тымпане трохвугольнага франтона. Пад уплывам французскай архітэктуры фасады маюць сціплае аздабленне: адзінарныя і падвойныя лапаткі, прамавугольныя нішы. У 1752 на адной восі з салонам з тыльнага (паркавага) боку прыбудавана капліца (арх. І.Д.Яўх), накрытая вальмавым дахам, з шатровай званіцай. Збоку стаяў доўгі будынак кухні, на 2-м паверсе якой размяшчаліся памяшканні для каралеўскай гвардыі. Асобна стаялі будынкі кардэгардыі і каралеўскай кухні. Гал. дзядзінец апяразвала мураваная агароджа з брамай (арх. К.Ф.Пёпельман), упрыгожаная наверсе фігурамі сфінксаў з сядзячымі на іх пуці (на ўзор Версаля). Пры каралю Станіславе Аўгусце Панятоўскім Г.Н.з. перабудаваны. На яго рамонт сойм 1768 выдзеліў 300 тыс. злотых. Рэканструкцыяй палаца займаўся архітэктар Ю.Сака. У 19—1-й пал. 20 ст. ў палацы размяшчаўся вайсковы шпіталь. У 1944 значна разбураны, пасля перабудовы (1952) у ім размяшчаўся абком КПБ, пасля 1991 — частка экспазіцыі Гродзенскага дзярж. гісторыка-археалагічнага музея і абласная навук. б-ка імя Я.Ф.Карскага.
Літаратура:
Szymański S. Pałac królewski w Grodnie // Rocznik Białostocki. Białystok, 1966. T. 6;
KowalczykJ. PałaceidworypóźnobarokowewmieściesejmowymGrodnie // SztukaziemwschodnichRzeczypospolitejXVI—XVIIIw. Lublin, 2000;
Кітурка Ю.В., Царук В.М. Гродзенскія замкі: Гісторыка-архітэктурны нарыс. Слонім, 2003.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне