Артыкулы: Гараін Аляксандр Казімір

Гараін Аляксандр Казімір (1685, мяст. Касцяневічы Ашмянскага пав.—24.7.1774), дзеяч каталіцкай царквы. Сын Фларыяна Казіміра, падчашага ваўкавыскага, брат Я.А.Гараіна, пляменнік жамойцкага біскупа А.М.Гараіна. Скончыў Віленскую акадэмію, дзе атрымаў ступень доктара тэалогіі. Пробашч у Немянчыне пад Вільняй, пасля перайшоў у Жамойць, дзе карыстаўся падтрымкай свайго дзядзькі-біскупа. Канонік і пралат кафедральнага капітула ў Ворнях, з 1719 біскуп-суфраган жамойцкі, з 1730 (пасвячоны ў 1732) тытулярны біскуп герненскі. Пасля смерці Аўгуста ІІ (1733) падтрымліваў Станіслава Ляшчынскага. З яго падзеннем быў вымушаны пераехаць у Прусію, меў рэзідэнцыю ў Тыльзіце, адкуль кіраваў Жамойцкай дыяцэзіяй ад імя свайго дзядзькі. У 1736 вярнуўся. Дапамагаў наступным жамойцкім біскупам — Ю.М.Карпу і А.Тышкевічу. Доўгі час змагаўся з біскупам-суфраганам Е.К.Анцутам за пасаду архідыякана віленскага, атрымаў яе ў 1737 дзякуючы рашэнню спец. камісіі, прызначанай Рымам. Ад віленскага біскупа М.Я.Зянковіча атрымаў пасаду генеральнага візітатара. Быў правізарам Віленскай семінарыі. Удзельнічаў у працы сойма 1738. У 1760-х г. падтрымліваў групоўку Чартарыйскіх, дзякуючы іх пратэкцыі ў 1762 атрымаў пасаду рэферэндара духоўнага ВКЛ. Пасля смерці Аўгуста ІІІ (1763) далучыўся да Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ 1764, садзейнічаў абранню на трон Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1773 праводзіў працэс скасавання ордэна езуітаў у Віленскай дыяцэзіі.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.