Артыкулы: Гільтэбрант (Гильтебрандт) Пётр Андрэевіч

Гільтэбрант (Гильтебрандт) Пётр Андрэевіч [26.4(8.5).1840, в. Пер’і, Касімаўскі пав. Разанскай губ.—29.11(12.12).1905], расійскі гісторык, археограф, этнограф, фалькларыст. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1861—63). Працаваў у пецярбургскай газеце «Голос», у 1865—70 памочнік архіварыуса Віленскага цэнтр. архіва старажытных актавых кніг, заг. аддзела рукапісаў Віленскай публічнай б-кі, у 1867 член Віленскай археаграфічнай камісіі, з 1871 у Археаграфічнай камісіі ў Пецярбургу, з 1884 у сінадальнай друкарні, з 1897 у Мін-ве нар. асветы. Арганізаваў шэраг экспедыцый на тэр. Беларусі па выяўленню рукапісных матэрыялаў і рэдкіх кніг. У 1867 абследаваў нясвіжскі архіў Радзівілаў, дзе знайшоў урывак Слуцкага летапісу 16 ст. У 1869 упершыню надрукаваў са сваімі каментарыямі Тураўскае евангелле 11 ст. У «Виленском вестнике» і «Литовских епархиальных ведомостях» змяшчаў пад крыптанімамі П.А., П.Г., П.Г-ндт артыкулы і рэцэнзіі па нар. творчаспі, музейнай і бібліятэчнай справе, археалогіі. У 1866 Паўн.-Зах. аддзел Рус. геаграфічнага т-ва перадаў Г. калекцыю фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, сабраных навучэнцамі Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. Частку з іх (300 песень, 151 прыказку і 93 загадкі) ён выдаў асобным зборнікам (вып. 1, 1866). Побач з сапраўды нар. бел. песнямі там змешчаны штучныя, псеўдафальклорныя творы казённа-патрыятычнага зместу і вершы літаратурнага паходжання. Бел. фальклорны матэрыял, які Г. збіраўся выдаць у 2-м выпуску зборніка, зберагаецца ў Рас. нац. б-цы. У 1867—1904 рэдагаваў асобныя тамы «Археаграфічнага зборніка дакументаў», удзельнічаў у падрыхтоўцы тамоў «Рускай гістарычнай бібліятэкі» [т. 4, 1878 (змешчаны «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча), т. 7, 1882, т. 19 і т. 20, 1903]. У тэкстах выданняў рабіў адвольныя праўкі. Пад яго наглядам выходзілі працы ўкр. этнографа і фалькларыста П.П.Чубінскага («Труды Этнографическо-статистической экспедиции в Западнорусский край. Т.1—7. Санкт-Пецярбург, 1872—78). Аўтар «Даведачнага і тлумачальнага слоўніка да Новага запавету» (кн. 1—6, 1882—85). Склаў апісанне рукапісаў Віленскай публічнай б-кі. У навуковай і грамадскай дзейнасці прытрымліваўся пастулатаў заходнерусізму, вустыпаў супраць польскага ўплыву ў Беларусі, але не прызнаваў беларусаў як самастойны народ.

Творы:

Сборник памятников народного творчества в Северо-Западном крае. Вып. 1. Вильна, 1866;

Немецкая контора в Полоцке // Сб. материалов и статей по истории Прибалтийского края. Рига, 1869. Т. 2;

Несвижский катехизис 1562 года: Заметки. Вильна, 1870;

Васко-Вощило, внук Богдана Хмельницкого // Рус. старина. 1870. № 11;

Рукописное отделение Виленской публичной библиотеки. Вып. 1. Вильна, 1871.

Літаратура:

Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973;

Беларуская фалькларыстыка: Збіранне і даследаванне народнай творчасці ў 60-х гадах ХІХ—пачатку ХХ ст. Мн., 1989;

Шумейко М.Ф. Белорусская археография в первой четверти XIX—XX вв.: (Проблемы теории, истории, методики). Мн., 2000.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.