Артыкулы: Гінвіл

Гінвіл (Кгинвил), легендарны полацкі князь. Паводле бел.-літ. летапісаў, быў сынам князя літоўскага, новагародскага і полацкага Мінгайлы (Міхаіла), пасля смерці каторага яго сыны сталі князямі: Шварн (у інш. версіі Скірмунт) — новагародскім, а Г. — полацкім. Г. ажаніўся з дачкой вял. князя цвярскога Барыса Мар’яй, для чаго прыняў праваслаўе. Атрымаў хроснае імя Барыс у гонар цесця. Заснаваў горад на р. Бярэзіна, назваў яго ад свайго імя Барысаў. Пабудаваў у Полацкі Сафійскі сабор, Спаскі манастыр, Барысаглебскую царкву ў Бельніцы (Бельчыцах). Прадаставіў палачанам права збірацца на веча. Паводле адной летапіснай версіі, меў сына Глеба (будучы князь полацкі) і дачку Параскоўю (будучая св. Пракседа). Паводле інш. версіі, меў сына Васіля (Рагвалода), які, у сваю чаргу, меў сына Глеба і дачку Праскоўю. Паводле Хронікі Быхаўца, Г. атрымаў хроснае імя Юрый, княжыў у Полацку нядоўга, а пасля яго смерці ў 1199 княства адышло да яго сына Барыса (памёр у 1206), які і заняўся горадабудаўнічымі справамі, адзначанымі ў інш. летапісах. Гэту версію прыняў гісторык 16 ст. М.Стрыйкоўскі, хроснае імя Г. у яго хроніцы — Юргі. Храніст дадае, што гэты князь вёў доўгія войны з пскавічамі і смалянамі, памёр не ў старым узросце і пакінуў пасля сябе сына Барыса. Гэтыя звесткі перайшлі ў «Хроніку літоўскую і жамойцкую», дзе смерць Мінгайлы і пачатак княжання Г. ў Полацку датаваны 1268. Легенда пра Г. і яго дзяцей павінна была абгрунтаваць правы вял. князёў літоўскіх на Полацкае княства.

Літаратура:

Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.