Артыкулы: Градзецкі (Градэцкі; Grodzecki, Grodecki) Вацлаў
Градзецкі (Градэцкі; Grodzecki, Grodecki) Вацлаў (каля 1535, в. Гродзец, Цешынская Сілезія—1591), польскі картограф. У 1550—55 вучыўся ў Кракаўскім, у 1556—58 — Лейпцыгскім ун-це. Жыў у Італіі, Чэхіі. У Лейпцыгу склаў карту Польшчы і ВКЛ (да пач. 1558). Сустрэўся там з гуманістам Філіпам Меланхтанам, які напісаў для Г. працу пра паходжанне славян. Пазней яна была выдадзена разам з прысвячэннем карты каралю польскаму і вял. князю літоўскаму Жыгімонта ІІ Аўгусту і паказальнікамі да карты ў форме невял. брашуры. У 1561 Г. вярнуўся ў Польшчу. У 1564 у Кракаўскім ун-це атрымаў ступень магстра вызваленых навук, стаў канонікам у Вроцлаўскім капітуле, пасля канонікам у Оламаўцкім капітуле (Маравія), дэканам калегіяцкага касцёла ў Брно. З 1572 схаластык оламаўцкі, прэпазіт брноўскі (да 1574). Намагаўся заснаваць у Брно езуіцкі калегіум, дапамагаў яму потым. Карта Г. выдадзена Ёганам Опарынам у Базелі каля 1562 у выглядзе гравюры на дрэве. Пры яе складанні выкарыстана карта Б.Вапоўскага (Кракаў, 1526), амаль увесь тыраж якой загінуў у 1528. У 16 ст. карта Г. лічылася 1-й арыгінальнай картай Польшчы і ВКЛ. На ёй пазначаны 724 геаграфічныя аб’екты, у т.л. на бел землях — 30 населеных пунктаў. Агульныя прапорцыі Беларусі ўпершыню ў картаграфіі прадстаўлены блізкімі да рэальных. Каля ста гадоў карта Г. перавыдаваліся і перараблялася рознымі картографамі. У 1568 Г. зрабіў новую рэдакцыю карты, пераслаў яе Опарыну для выдання ў кнізе «Палонія» Марціна Кромера, аднак гэтыя планы не ажыццявіліся, а карта знікла.Іл. гл. ў т. 1, с. 36—37.
Літаратура:
Buczek K. Dzieje kartografii polskiej od XV do XVIII w. Warszawa, 1963;
Alexandrowicz S. Rozwój kartografii Wielkiego Księstwa Litewskiego od XV do połowy XVIII wieku. 2 wyd. Poznań, 1989;
Казлоў Л.Р. Беларусь у працах польскіх картографаў (XVI—XX стст.). Мн., 2004.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне